Папулярны беларускі дуэт Uzari & Maimuna па выніках выступлення ў першым паўфінале 19 мая ў Вене не ўвайшоў у дзясятку фіналістаў
22.05.2015 18:07:56
Папулярны беларускі дуэт Uzari & Maimuna па выніках выступлення ў першым паўфінале 19 мая ў Вене не ўвайшоў у дзясятку фіналістаў. Музыканты прадставілі на сцэне залы Wiener Stadthalle кампазіцыю “Time” пра час як галоўную каштоўнасць XXI стагоддзя. Сваю песню яны выканалі пад нумарам 11.
Першы паўфінал адкрыў пераможца мінулагодняга конкурсу аўстрыец Томас Нойвірт, вядомы пад сцэнічным псеўданімам Канчыта Вурст. У паўфінале музычнага еўрафоруму, акрамя беларусаў, выступілі прадстаўнікі 15 краін — Малдовы, Арменіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Фінляндыі, Грэцыі, Эстоніі, Македоніі, Расіі, Сербіі, Венгрыі, Даніі, Албаніі, Румыніі і Грузіі.
У Парыжы адбылася сапраўдная рэвалюцыя. У галіне моды. Дызайнер абутку Таня Хіт ажыццявіла патаемную мару многіх жанчын — стварыла арыгінальныя туфлі са здымным абцасам, якія прышпільваюцца з дапамогай зручнай зашчапкі. На стварэнне “хітовай” калекцыі па тэхналогіі memory foam спатрэбілася больш за пяць гадоў. Цяпер кожная прыгажуня можа даволі хутка ператварыць лодачкі на шпільцы ў прыгожыя балеткі і наадварот. Прычым “здымныя абцасікі” не зоймуць шмат месца — яны лёгка змесцяцца ў звычайнай жаночай сумцы.
Жыццё падкідвае і новыя палітсюжэты. Як кажуць, на вачах здзіўленай публікі асобныя ўрады агучваюць лёсавызначальныя заявы. Ад якіх не толькі рэгіянальная, але і ўся сістэма міжнароднай бяспекі “трашчыць па швах” і не становіцца больш стабільнай. Так, днямі Саудаўская Аравія прыняла стратэгічнае для Каралеўства рашэнне аб набыцці ядзернай зброі ў Пакістана. Амаль што, як у краме... Падстава для гэтага — здзелка па ядзернай праграме Ірана. Цяпер гэта непакоіць не толькі аравійскія пальмы, але і ўвесь свет.
Да ўкраінскай тэматыкі. Уладзімір Пуцін назваў “сапраўд-ным непрафесіяналізмам” прыняцце Вярхоўнай радай Украіны закона аб мараторыі на выплаты па знешніх даўгах (расійскія банкі выдалі ўкраінскім кліентам 24—25 мільярдаў долараў).
Усё гэта адбывалася на бягучым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Мяне таксама. Сустрэнемся...
sav@sb.by