Прежде чем стать Героем Социалистического Труда, доярка Александрина Сакун выращивала даже кок-сагыз
07.03.2019 08:43:12
Наталья ЧАСОВИТИНА
ДА Аляксандрыны Рыгораўны Сакун у вёску Забалацце Бабруйскага раёна мы завіталі разам з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрыем Вяроўкіным. Хату не шукалі, відаць, што дарога да яе добра вядомая. Пакуль гаспадыня рыхтавалася да сустрэчы, на пліце закіпеў чайнік. Кажуць, што на гэтым падворку інакш гасцей не сустракаюць. Размова пачалася з успамінаў пра далёкае і цяжкае дзяцінства:
— У Забалацці жыву амаль 87 гадоў, тут нарадзілася ў 1932-м. Бацька сышоў ад нас праз 5 гадоў. Маму звалі Праскоўяй, мы жылі ўдзвюх вельмі бедна, мне чамусьці пастаянна хацелася есці. Маці ў калгасе працавала паляводам, я ёй дапамагала. Потым вайна пачалася, яшчэ горш стала. Немцы аблюбавалі нашу вёску, бо лес далёка і партызаны не дастануць, прыйшлося на тры гады сыходзіць з хаты да чужых людзей. Планавалі карнікі забраць моладзь і дзяцей у лагер для здачы крыві нямецкім салдатам. Састаўлялі спісы, куды і я трапіла. Можа, каб крыху раней гэта адбылося, то не было б мяне ўжо на гэтым свеце. А так пагналі фашыстаў адсюль. Яны хацелі Забалацце агнём вынішчыць, толькі нешта не злажылася. У гэтым нам пашанцавала, жывыя засталіся.
Пасля вызвалення калгас «Перамога» аднавілі, мама зноў на працу пайшла. Я паспела да вайны скончыць толькі адзін клас, але за чатыры гады забылася ўсе літары. Недзе ў 13 гадоў прыйшлося вучыцца за першы і другі класы ў школе суседняй вёскі Плёсы. Усяго ж здужала пяць. Адначасова з вучобай хадзіла да вёскі Койміна, дзе ў торфаарцелі «Огонек» рэзала торф. Потым наогул не было як за партаю сядзець. У хаце нават талеркі і лыжкі не засталося, усё акупанты вычысцілі. Жываціны таксама аніякай, забілі немцы карову, гусей, курэй… Голад страшэнны, толькі пра яду і думкі.
Назаўсёды адлажыліся ў сэрцы словы адной калгасніцы, муж якой займаў дастаткова высокую пасаду. Іх дачка запрасіла мяне к сабе дахаты на абед. Я зайшла, стала ў дзвярах пакоя. Гаспадыня паставіла поўныя міскі на стол, потым паглядзела на мяне і кажа дачцэ: «Навошта ты гэтую галодную сюды прывяла?» Гаспадар, праўда, заступіўся. Мне налілі чарпак супу, а дачка сцягнула кавалачак хлеба, потым на печцы я яго ела. Мама мая сказала, каб я болей нікуды не хадзіла, бо нас не любяць з-за беднаты. А мяне такая крыўда ўзяла. Дала зарок: усяго даб’юся, чаго б мне гэта ні каштавала, буду жыць не горш за іншых. І ведаеце, праз шмат гадоў здарылся наадварот. Сёння ў мяне ёсць і каўбаса, і прысмакі. Тая жанчына, ужо добра сталая, трапіла да мяне ў госці. Я частавала, слова дрэннага не сказала, але пра сябе падумала: во жыццё як можа павярнуцца, ніколі не трэба чалавека ганьбіць.
— І мы галодныя, і скаціна. Каровы ляжачыя, худыя, адны рэбры тырчалі. Вяроўкамі падымалі. Дзе браць тыя надоі? У 1950 годзе здарыўся вялікі неўраджай. Стрэхі саламяныя з хат здзіралі, драбнілі і залівалі гарачай вадой. Вось табе і кармы. Сена не хапала, хадзіла з сярпом па канавах і жала траву. У 1954 годзе атрымала ад кожнай каровы па 1800 кілаграмаў малака. А тут яшчэ загад: хто захавае на 100 працэнтаў цялят, атрымае дарма цялушку. Я спала разам з тымі каровамі, але дабілася поўнага захавання. Атрымала свой чатырохмесячны «прыз», радасці было вагон. Вялі з мамай дахаты нашу цялушачку на вяроўцы, а ў душы ўсё спявала. На наступны год мне выдалі авечку, на трэці — свінню. Вось так дабро сваё нажывала. У лютым 1958 года паехала ў Маскву на сельскагаспадарчую выставу на ВДНГ. За сваё жыццё тры разы бачыла Хрушчова, нават віталася за руку і абдымалася. І з Машэравым сустракалася, і з Кісялёвым. Ціхан Якаўлевіч да нас у калгас прыязджаў, дык я яму кукурузу варыла.
Правяралі мяне па сто разоў. Кожную нядзелю прыязджалі з раёна прадстаўнікі. Пры іх я даіла і злівала малако ў малакамер, а яны здымалі паказчыкі. Адначасова мы, даяркі, выходзілі на палявыя работы. Мне здаецца, што працавала я і днём, і ноччу. Хацелася хутчэй вылезці з гэтай галоднай ямы. Ведаеце, ніколі з фермы не ўзяла нават жменькі мукі. Бурты бульбяныя раз за разам правярала, каб не гнілі. Не дай божа, каровы застануцца без кармоў. Не разумею, чаму цяпер пры такіх магчымасцях на фермах няма вялікіх паказчыкаў? Хіба людзі сталі іншымі альбо жыццё салодкім здаецца?
У 1958 годзе па калгасе «Перамога» ў сярэднім даілі 4800 кілаграмаў малака. Александрына Сакун у гэты ж час атрымлівала ад каровы па 5200 кілаграмаў. За гэта даярцы і прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Будучага мужа Івана не шукала, з дзяцінства выраслі разам у адной вёсцы. У студзені 1957 года сгулялі вялікае вяселле. Блага, што і нарачоная ўжо добра зарабляла. У тым жа годзе нарадзіўся першы сын Віктар. За ім у 1960-м — Міша, у 1961-м — Сяргей, Гена — у 1966-м. Хлопцы выраслі годнымі людзьмі. Александрына Рыгораўна разважае:
— Вось дзяўчынак Бог не даў, але ў мяне такія сыны, што лепей за іншых дачок. Ніколі ад іх не плакала, ніколі не было сорамна. Змалку мне дапамагалі і дома, і на ферме. Я карову рукамі даіла, і яны разам са мною. Ведалі, дзе ў хаце грошы ляжаць і гарэлка стаіць, але ніколі не бралі. Трымалі мы ў хатняй гаспадарцы свіней, карову, гусакоў, курэй… Хіба ж без іх спраўлюся? Кожны выконваў свае абавязкі. Сяргей зараз працуе шафёрам у сельскай гаспадарцы, другі сын — электрык, трэці вазіў хлеб. І малодшы быў шафёрам. Муж быў вельмі добрым чалавекам, людзі яго паважалі. І я сябе сапраўднай жанчынай адчувала. Пражылі з ім 21 год, ніколі ад яго дрэннага слова не пачула. Мне даводзілася часта адсутнічаць па працоўных справах, Іван заўсёды мяне сустракаў з горада. Павучаў: «Калі нават у кішэні апошні чырвонец, хадзі ў сталоўку. Каб галодная ў машыне хлеб не ела».
– Мама рана засталася адна з чатырма сынамі, — далучаецца да размовы старэйшая нявестка Валянціна. — Спачатку яе маці дапамагала ўнукаў гадаваць, потым сама спраўлялася. Ведаеце, такую свякроў трэба пашукаць! Для мяне гэта другая маці. Добрая, справядлівая, спагадлівая… Хаця характар бывае даволі строгі, сказала — адрэзала, паабяцала — зрабіла. Але ніколі не пакрыўдуе. Да яе ўсе хіляцца, адну не пакідаем. Усе называюць мамай і бабуляй. Мы з мужам Віктарам ужо на пенсіі, дзеля яе пераехалі на дачу ў Забалацце. Кожны дзень тут, усё добра, каб толькі яна не хварэла.
На мой погляд, старасці можна палохацца толькі ў тым выпадку, калі яна бездапаможная і адзінокая. Калі ўспамінаюць пра тую самую шклянку вады, якую няма каму прынесці. Так, не было бясхмарным сямейнае шчасце Александрыны Рыгораўны, жыццё ламала па-свойму, падкідваючы новыя выпрабаванні. Спачатку пахавала 44-гадовага мужа, а пасля і малодшага 34-гадовага сына. Слухаючы пра гераічныя працоўныя подзвігі Александрыны Рыгораўны, лавіла сябе на думцы: мара яе дзяцінства спраўдзілася, на стале багата, у кішэні не пуста. Хаця жыве ў звычайнай сялянскай хатцы, а не катэджы. Няма пад вокнамі «Мерседэса», а на гаспадыні вытанчанай кашулі. Усё сціпла і проста.
Але яна адзываецца аб сабе, як аб шчаслівым чалавеку — добра і на славу адпрацавала, мае восем унукаў і адзінаццаць праўнукаў. Старэйшаму праўнуку 16 гадоў, малодшаму — 6 месяцаў.
Сама гаспадыня кажа: «Карэнні вялікія і моцныя мы з Іванам пусцілі. На гэтых каранях і будуць стаяць і сям’я, і род».
Напрыканцы сустрэчы Александрына Рыгораўна з гонарам паказала новыя ўзнагароды:
— Вось нядаўна мяне запрашалі ў драмтэатр на раённы злёт перадавікоў, уручылі медаль да 100-годдзя Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і грамату вялікую ў рамцы. Прыемна, столькі год не раблю, а ніколі не забываюць, віншуюць на ўсе святы.
Вытрымка з «Сельской газеты» за 1956 год:ДАВЕДКА «СГ»
«Загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларускай ССР перадавыя даяркі калгасаў рэспублікі за атрыманне высокіх надояў малака ў 1954—55 гаспадарчым годзе прэміраваныя грашыма. Прэмію ў памеры 1200 рублёў атрымала Александрына Рыгораўна Сакун з калгаса «Перамога» Бабруйскага раёна, якая надаіла больш за 3,5 тысячы кілаграмаў малака ад каровы. Перадавая даярка атрымлівае высокія надоі не толькі летам, але і зімой дзякуючы таму, што забяспечвае каровам такі рацыён, які б па сваіх пажыўных уласцівасцях набліжаўся да летняга».
Герой Сацыялістычнай Працы (1958 год), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1961—1966 гадоў), дэпутат Бабруйскага райсавета і мясцовых Саветаў, член абкама і райкама. Узнагароджана ордэнам Леніна, медалём «За доблесную працу», сярэбраным медалём ВДНГ СССР.
chasovitina@sb.by
Фота аўтара.