Змешаны шлюб

Святар Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: У чым асаблівасці шлюбу католіка з хрысціянінам некаталіцкага веравызнання?

Святар Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: У чым асаблівасці шлюбу католіка з хрысціянінам некаталіцкага веравызнання?

У Беларусі доўгі час жывуць разам прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій. У нашым народзе такая сітуацыя выпрацавала ўменне адносіцца з пашанай да людзей іншай канфесійнай прыналежнасці. Часамі адбываецца так, што пытанне аб рознай канфесійнай прыналежнасці ўзнікае разам з намерам заснаваць сям’ю. Якія асаблівасці шлюбу католіка з хрысціянінам некаталіцкага веравызнання?

Шлюб хрысціяніна католіка з чалавекам, які быў ахрышчаны, але не належыць да Каталіцкага касцёла, называюць змешаным шлюбам. У Беларусі, напрыклад, даволі распаўсюджаны змешаныя шлюбы католікаў і праваслаўных. Звернем увагу на тое, што гаворка ў такім выпадку ідзе пра прадстаўнікоў адной хрысціянскай рэлігіі, а не пра хрысціяніна і нехрысціяніна.

Падрыхтоўка да змешанага шлюбу адбываецца падобна да падрыхтоўкі да шлюбу асобаў каталіцкага веравызнання: неабходна звярнуцца ў касцёл не пазней чым за тры месяцы да запланаванай даты шлюбу, прайсці адпаведнае навучанне, запоўніць неабходныя дакументы. Калі маладыя хочуць пабрацца шлюбам у касцёле той каталіцкай парафіі, на тэрыторыі якой не пражывае ані жаніх, ані нявеста, яны павінны атрымаць на гэта адпаведны дазвол.

Напрыклад, калі нявеста з жаніхом жывуць у Смалявічах, а шлюб будзе адбывацца ў касцёле Святога Юзафа ў Маладзечне, то для гэтага патрабуецца дазвол ад пробашча (настаяцеля) каталіцкай парафіі ў Смалявічах. У звычайных умовах у лацінскім абрадзе шлюб заключаецца ў прысутнасці святара або дыякана і двух сведак. Веравызнанне сведак шлюбу ў адрозненне ад хросных бацькоў пры хросце не мае істотнага значэння. Сужэнскі саюз, адпаведным чынам заключаны, трывае да смерці аднаго з сужонкаў.

Кажучы непасрэдна пра змешаныя сужэнствы, неабходна зазначыць, што на такі шлюб неабходна атрымаць асобны дазвол кампетэнтнай касцёльнай улады. Асоба каталіцкага веравызнання павінна засведчыць, што захавае веру ў сужэнскім саюзе і зробіць усё магчымае, каб усе іх дзеці былі ахрышчаныя і выхаваныя ў веры Каталіцкага касцёла. Асоба некаталіцкага веравызнання павінна засведчыць аб тым, што ведае пра такое абяцанне сваёй будучай жонкі (мужа), усведамляе сэнс гэтай прысягі і абавязкаў свайго нарачонага (-ай). Асобы, якія вырашылі ўступіць у сужэнскі саюз, але пры гэтым належаць да розных хрысціянскіх канфесій, павінны разумець, што іх сумеснае жыццё можа сутыкнуцца з цяжкасцямі ў будучым з-за розных поглядаў на сямейныя пытанні.

Пачуццё закаханасці, узаемнае захапленне перад шлюбам могуць стварыць ілюзію таго, што любыя праблемы абмінуць менавіта гэту новую сям’ю. Гэта датычыць не толькі пытанняў рэлігійнасці і ў цэлым закранае ўсе сем’і. Ад моманту знаёмства да моманту шлюбу павінна прайсці дастаткова часу, за які жаніх і нявеста добра пазнаёмяцца, навучацца шукаць паразуменне ў моманты цяжкасцей. Гэта дапаможа потым са шчырым сэрцам скласці адно аднаму і захаваць абяцанне любові, вернасці і пашаны ў “шчасці і няшчасці, у здароўі і хваробе ажно да канца жыцця”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter