У столінскай вёсцы Ніжні Церабяжоў у мінулыя выхадныя віншавалі герояў жніва на раённым свяце-кірмашы “Дажынкі”

Жніво завяршылі першымі!

У мінулую суботу ў столінскай вёсцы Ніжні Церабяжоў віншавалі герояў жніва

Месцам святкавання стаў акружаны сажалкамі старажытны парк. Добраўпарадкаванне яго і вёскі ладзілася задоўга да кірмашнага дня, да якога рыхтаваліся ўсім раёнам. Новым асфальтам пакрылі вясковыя вуліцы, абнавілі алеі парку і дапоўнілі яго арыгінальнай альтанкай, пад шатамі дрэў зладзілі летні амфітэатр. Старанна рыхтаваліся і жыхары: пафарбавалі фасады пабудоў і агароджы, палісаднікі ўпрыгожылі кветнікамі. З раніцы ў мясцовай царкве, якой больш за сто гадоў, адслужылі святочнае набажэнства.


Дэлегацыі шаснаццаці гаспадарак, арганізацый і ўстаноў раёна святочнай калонай прайшлі па цэнтральнай вуліцы вёскі да абноўленага парку — месца правядзення ўрачыстасці. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі павіншаваў прысутных з «Дажынкамі» і падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю. Раён першым у рэспубліцы завяршыў жніво. Нягледзячы ні на што, у засекі засыпана 77 685 тон зерня, што на 4 тысячы тон больш мінулагодняга. Кожны з амаль 20 тысяч гектараў хлебнай нівы даў па 40,1 цэнтнера збожжа. Поўнасцю выкананы план продажу зерня дзяржаве. Гэта гаворыць аб аддачы зямлі і працавітасці столінскіх хлебаробаў. На палях яшчэ даспяваюць грэчка, проса і кукуруза на зерне. Не спыняюць работу корманарыхтоўчыя атрады.

Кульмінацыяй урачыстасці стала віншаванне лідараў жніва. Дыпломы пераможцаў спаборніцтва з грашовымі прэміямі пад гучныя апладысменты атрымлівалі камбайнеры і іх памочнікі, вадзіцелі на адвозцы збожжа, аператары і рабочыя зернесушыльных комплексаў, а таксама прадстаўнікі іншых прафесій, якія садзейнічалі зладжанай рабоце на хлебнай ніве. Героям свята прысвячалі песні і танцавальныя кампазіцыі шматлікія самадзейныя калектывы раёна. Гучныя мелодыі гуллівы ветрык даносіў да суседняй украінскай вёскі Гарадзішча, якая мяжуе з Ніжнім Церабяжовам. Па запрашэнні раённага кіраўніцтва на «Дажынкі» па традыцыі прыехала дэлегацыя аграрыяў з суседняй Польшчы. Гасцей уразіла палеская самабытнасць.


Арыгінальна глядзелася пад густымі шатамі дрэў-веліканаў магутная зернеўборачная тэхніка беларускай вытворчасці. Багатыя гандлёвыя рады чаргаваліся з выставамі работ мясцовых народных творцаў.

Па ўсталяванай традыцыі абвешчана сталіца раённых «Дажынак» будучага года — гэта аддалены амаль на 60 кіламетраў ад райцэнтра аграгарадок Кароцічы.

subbat50@mail.ru


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter