Чем знаменит агрогородок Будслав среди верующих — ксендз Кирилл Бардонов

Зазірніце ў Будслаў

Летняя пара — час адпачынку і наведвання новых мясцін. Цікавыя куточкі і маршруты да іх ёсць не толькі за межамі нашай краіны. Калі хтосьці з вас плануе вандроўку ў бліжэйшы час, абавязкова наведайце вёску Будслаў у Мядзельскім раёне.

Фота з архіва «СБ»

У XVI стагоддзі ў лесе непадалёк ад цяперашняга Будслава пасяліліся манахі з ордэна францысканцаў (раней на нашых землях іх яшчэ называлі бернардзінцамі). Яны жылі ў шалашах, якія называліся будамі, адкуль і пайшла назва вёскі — Будслаў. Манахі праводзілі час адасоблена ад іншых людзей. Апрача посту і малітвы, яны займаліся фізічнай працай: нарыхтоўвалі драўніну, якую потым сплаўлялі ў Вільню.

Касцёльная гісторыя распавядае, што не прайшло і 100 гадоў пасля прыбыцця манахаў, як у той мясцовасці людзям стала з’яўляцца Багародзіца. Па гэтай прычыне вялікая колькасць вернікаў пачала прыбываць да манахаў, а гэта месца стала называцца Будаю або Будславам.

З цягам часу ў Будславе пабудавалі мураваны касцёл. Спачатку невялікі, да якога потым быў як бы дабудаваны большы. Касцёл у Будславе — адзін з самых вялікіх храмаў у Беларусі. Знаходжанне гэтай вёскі далёка ад асноўных транспартных пуцей дапамагло гэтаму велічнаму будынку захавацца падчас розных ліхалеццяў. На жаль, у 2021 годзе ў касцёле здарыўся пажар. Сіламі дзяржаўных улад і вернікаў зараз вядуцца рэстаўрацыя і рамонт.

Кропкай прыцягнення для вернікаў з’яўляецца абраз Маці Божай Будслаўскай. У 1598-м Папа Рымскі падарыў яго мінскаму ваяводу Яну Пацу. Пасля смерці ваяводы ікона была перададзена ў будслаўскі касцёл. Людзі вераць, што дзякуючы малітвам, якія ўзносяцца каля яе, яны атрымліваюць шчодрую дапамогу ад Бога.

Святкаванне ўрачыстасці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай стала настолькі адметнай падзеяй у рэлігійным і культурным жыцці Беларусі, што цяпер знаходзіцца ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Штогод Будслаў збірае тысячы людзей, некаторыя з іх пераадольваюць сотні кіламетраў пешшу як пілігрымы (паломнікі).

Сёлета будслаўскі фэст адбудзецца 30 чэрвеня і 1 ліпеня, на яго прыбудзе спецыяльны пасланнік Папы Рымскага. Асноўная тэма мерапрыемства — 25-годдзе з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter