Наш корреспондент посетил жителей червеньской деревни с таким подходящим к празднику названием

Зайцы вітаюць год Зайца

З ажыўленай магістралі, што звязвае сталіцу з Магілёвам, да лясной чэрвеньскай вёскі Зайцы ўсяго некалькі кіламетраў заасфальтаванай дарогі. Тры дзясяткі вясковых падворкаў выцягнуліся ўздоўж адзінай вуліцы. Драўляныя хаты тутэйшых чаргуюцца з дыхтоўнымі лецішчамі гараджан, абнесенымі высокімі агароджамі. Выкупленыя ў гаспадароў сядзібы пераабсталёўваюцца на сучасны лад, і з першым вясновым цяплом да позняй восені тут шматлюдна. Зімою векавы лес, што падступае да агародаў, быццам вартавы, ахоўвае спакой заснежанай прасторы. Перад уездам у вёску збоку ўзвышаецца драўляны крыж, абвіты вышытым ручніком-абярэгам. Побач — дарожны паказальнік з надпісам «Зайцы».

Напярэдадні Новага года — згодна з кітайскім гараскопам надыходзіць год Чорнага Вадзянога Труса, які радней зайцу, — з цікавасцю крочу па заснежанай ціхай вёсцы. Перад вандроўкай зазірнуў у гістарычныя крыніцы, якія сцвярджаюць: заснавана яна ў ХІХ стагоддзі, належала памешчыку Булгаку і ўваходзіла ў склад Ігуменскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. У час Першай сусветнай вайны тут па некалькі разоў на год улада пераходзіла з рук у рукі: спачатку кайзераўскім, потым польскім захопнікам. У канцы лета 1920-га, пасля вызвалення мясцовасці ад ворагаў, Зайцы сталі часткай Вайнілоўскага сельсавета ўтворанага Чэрвеньскага раёна Мінскай акругі. Потым пачалася калектывізацыя. Бракавала зямлі для калгаса: лясы ды балоты навокал. 


— Вёска атрымала такую назву, таму што некалі тут адны зайцы скакалі, — усміхаецца старажыл Зінаіда Мікалаеўна Марціновіч. — У заснежаныя зімы, як сёлетняя, вушастыя падкрадаюцца, каб паласавацца карою маладзенькіх садовых дрэў. За агародамі пачынаецца лес. 

— І насельнікаў у ім багата?

— Калі працавала загадчыцай малочна-таварнай фермы, што была побач з вёскай, зімовымі вечарамі чула, як вылі ваўкі. Ласі сустракаліся, дзікоў было шмат. Калі гаспадары трымалі хатніх птушак, лісы круціліся, каб залезці ў куратнік. У апошнія гады вёска пераўтвараецца ў садовае таварыства: з амаль трох дзясяткаў падворкаў толькі трэцяя частка належыць тутэйшым. З дванаццаці жыхароў адна я жанчына, атабарылася тут пасля замужжа. Мой гаспадар Валерый Іосіфавіч да выхаду на пенсію працаваў вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве «Перамога». У савецкія часы яно было мільянерам, а кіраваў ім мудры старшыня Пабядзінскі. На палях і фермах працавала шмат моладзі, калгаснікі атрымлівалі высокія заробкі, жылі заможна. У 1988 годзе за ўласныя сродкі заасфальтавалі дарогі і галоўныя вуліцы ў вёсках, размешчаных на яго тэрыторыі. Асфальт пралёг ад нашых Зайцоў да новай малочна-таварнай фермы і суседняй вёскі Рудня. 

Гаспадарка развівалася. За працоўныя дасягненні брыгадзір Станіслаў Арцюшэўскі атрымаў ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы, пра яго шмат пісалі ў газетах, расказвалі па радыё і тэлебачанні. 


— Зінаіда Мікалаеўна, як звычайна адзначаеце святы?

— Прыгадваецца былое, калі ў нас дзейнічаў сельскі клуб. Пабудавалі яго ў пасляваенныя гады за калгасныя сродкі. Моладзь там ладзіла танцы, пастаянна дэманстраваліся кінафільмы, выступалі артысты з суседніх вёсак і райцэнтра. Загадвала ўстановай На­дзея Бандарык. Якія ў нас былі музыкі! Пад гармонік і бубен скакалі на вяселлях і іншых святах, а на Новы год у клубе ставілі ёлку, бо амаль у кожнай сям'і раслі дзеці. Каля лясной прыгажуні дзятву сустракалі Дзед Мароз і Снягурачка. Вадзілі карагоды, уручалі малым ад калгаса падарункі. 

Аляксандр МАРЦІНОВІЧ з кошкай Мусяй.

У нас з мужам трое дзяцей, з намі жыве халасты сын Аляксандр. Дачка Іна выйшла замуж і з сям'ёю зараз у Бараўлянах. Перад Калядамі прыехаў зяць Аляксандр і дапамог управіцца з кабанчыкам. Мясныя прысмакі будуць на святочным стале. Новы год — сямейнае свята, а таму з дзецьмі і ўнукамі сустракаем яго. Чула па тэлевізары, што пад бой курантаў трэба адчыніць дзверы, каб упусціць у хату ўдачу і шчасце…

— …і гэта ўсё, згодна з кітайскім гараскопам, прынясе вам чорны вадзяны трус.

— Катоў у нашай вёсцы хапае. Пачулі свежаніну і пазбіраліся. Добрая сэрцам дачка часта прывозіць беленькіх, рыжых, чорных, рознакаляровых. Наша прыгажуня Муся звыклася з такім папаўненнем. Кажуць: хто катоў любіць, таго і Бог падтрымлівае. 


Праз некалькі дамоў ад прыветлівай Зінаіды Мікалаеўны жывуць браты-халасцякі Іван і Анатоль Граблюкі, працуюць на Мінскім трактарным заводзе. Прапісаны ў завадскім інтэрнаце, але бацькоўскі дом не пакідаюць. Са старэйшым братам Іванам Іванавічам, якому за пяцьдзясят, зайшлі на веранду. Нельга было не звярнуць увагу на пушыстага прыгажуна, што драмаў на стале. Каля дзвярэй у дом ззяла невялікая адтуліна. Перахапіўшы мой здзіўлены позірк, гаспадар растлумачыў, што гэта спецыяльна зроблена: прарэзалі ў сцяне, каб пухнатая Васіліса самастойна выходзіла на падворак. Падумалася, што ў год Чорнага Вадзянога Труса, якога замяняе і звычайны кот, поспех гэтым чуллівым гаспадарам гарантаваны. 

З роднай вёскай браты развітваліся толькі на час службы ў арміі. Дагледзелі бацькоў, не далі агароду зарасці пустазеллем, трымаюць у парадку хату і гаспадарчыя пабудовы. Іван Іванавіч расказаў пра вырошчванне на прысядзібным участку бульбы і гародніны, пра догляд за старым садам і адзначыў, што жыць у Зайцах цудоўна. Толькі нявест не стае. У гарадскіх паненак, што вясною з'язджаюцца на лецішчы, надта высокія патрабаванні да жаніхоў. Браты Граблюкі ў сталіцы не прыжыліся, у вёсцы палавінак не знайшлі і звыкліся бабылямі век каратаць. Ганарацца тым, што радавод іх карэнны ў Зайцах. Маці Соф'я Іосіфаўна працавала паляводам у калгаснай брыгадзе, бацька Іван Аляксандравіч да выхаду на пенсію не развітваўся з трактарам. Сыны ад бацькі засвоілі ўменне кіраваць тэхнікай і падмянялі яго за рулём на калгасным полі. Старэйшы Іван скончыў курсы шафёраў, а Анатоль у прафтэхвучылішчы атрымаў спецыяльнасць сталяра-станочніка. 

Іван ГРАБНЮК на сваім падворку.

— У яго рукі залатыя, — пахваліў малодшага брата Іван Іванавіч. — З маленства любіў майстраваць. У нашай вёсцы была пачатковая школа, у ёй 25 навучэнцаў. Заняткі вёў цудоўны настаўнік Павел Давыдавіч Губарэвіч, які прыехаў да нас з вёскі Грабёнка. Вучні ўсіх чатырох класаў займаліся ў адным пакоі, а нас у класе было толькі чацвёра. Раніцай перад заняткамі настаўнік праводзіў з намі фіззарадку на спартыўнай пляцоўцы каля школы, зімой хадзілі на лыжах. Выраблялі іх саматужна з бярозы: загібалі расчэпленыя палазы і потым да іх прымацоўвалі рамяні. 

Калі ў пачатковай школе стала мала навучэнцаў, яе закрылі. Будынак пера­абсталявалі пад магазін, але і ён даўно не працуе. Два разы на тыдзень прыязджае аўта­лаўка. А калі «трубы гараць», то можна за тры кіламетры схадзіць у краму, што ў суседняй вёсцы Рудня. Раней праблема была купіць да свята шампанскае, а зараз яно на любы густ. Рэгулярна прыязджае і паштовая машына.

— Гасцей за святочным сталом чакаеце? 

— Дзверы не зачыняем. Калі хто завітае павіншаваць са святам, будзем рады. Год гістарычнай памяці выдаўся багатым на важныя падзеі як у Беларусі, так і ў замежжы.
Наша пакаленне нарадзілася і вырасла пад мірным небам. Зараз, калі вакол неспакойна, самае галоўнае, каб панаваў мір. У Вялікую Айчынную навакольныя лясы былі месцам жорсткіх баёў.
У вёсцы Клінок, цэнтры сельсавета, базіраваўся штаб партызанскай брыгады імя газеты «Праўда». Нямецка-фашысцкія акупанты дашчэнту спалілі вёску, зверскі расправіліся з 78 мірнымі жыхарамі. Ахвяры фашызму ўвекавечаны мемарыялам. У Новым 2023 го­дзе хочацца ўсім пажадаць міру і спакою. 

У роднай вёсцы сустракае надыходзячае свята Анатоль Канашэвіч, з якім сустрэліся на вясковай вуліцы. Шчыра расказаў, што нарадзіўся і вырас тут. Нялёгкім было дзяцінства. Маці захварэла на сухоты, бацька пасвіў калгасных кароў. Разам з братам і сястрою яго аддалі ў школу-інтэрнат, атэстат сталасці атрымаў у Чэрвеньскай сярэдняй школе № 1. Па накіраванні ваенкамата скончыў курсы вадзіцеляў. У воінскай часці вазіў на легкавіку камандзіра танкавага палка, а пасля арміі працаваў у сталіцы. Не склалася асабістае жыццё — вярнуўся да бацькоўскага парога, працаваў слесарам на малочна-таварнай ферме. Летам Анатоль Міхайлавіч дапамагае гараджанам упраўляцца на лецішчах, а ў святы звычайна праведвае сястру-інваліда Вольгу ў суседняй вёсцы Рудня. 

Пенсіянер Анатоль КАНАШЭВІЧ.

Традыцыяй становіцца ў некаторых гаспадароў зайцоўскіх лецішчаў Новы год сустракаць пад зорным небам. Як магнітам цягне сюды сталічнага жыхара Віталя Граблюка. Дзяцінства правёў ён на бабуліным падворку, з адзнакаю скончыў Смалявіцкі зааветтэхнікум і Белдзяржветакадэмію. Узначальвае аддзел паразіталогіі і хвароб рыб у Белдзяржветцэнтры, а сэрцам заўжды з вёскай, дзе карані яго радаводу. Падзяліўся Віталь Уладзіміравіч успамінамі, што пачуў ад прабабкі. На пачатку мінулага стагоддзя яна танцавала з царом Мікалаем, а было гэта падчас Першай імперыялістычнай вайны. Працавала гувернанткай у мінскага гараднічага. Праездам у горадзе быў цар, і ў час прыёму запрасіў самадзержац сімпатычную гувернантку на танец. 

Віталь Уладзіміравіч сцвярджае, што вёска мае глыбокія гістарычныя карані. На мясцовым цвінтары ён адшукаў надмагільныя камяні з надпісамі XVI стагоддзя, сабраў шмат цікавага матэрыялу пра зайцоўскіх жыхароў і рыхтуецца выдаць кнігу. Вельмі дарэчы ў год Чорнага Вадзянога Труса, альбо Зайца, Ката, ажыццявіць гэты намер. Такі расклад кітайскага гараскопа паўторыцца толькі праз 60 гадоў.

Калі пакідаў ухутаную бялюткім снегам ціхую вёску Зайцы, на вулічных слупах успыхнулі ліхтары. Няхай для вяскоўцаў, як і для ўсіх нас, светлым і шчаслівым выдасца 2023 год!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter