Гаврилович — о роли литературы в воспитании молодого поколения, творческих достижениях и планах на будущее

«Засяваем поле дабрыні і чалавечнасці»

Традыцыйна збірае пісьменнікаў, выдаўцоў і прадстаўнікоў кнігагандлю з краін блізкага і далёкага замежжа ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Адбудзецца 22—26 сакавіка, а абвешчаны сёлета ў Беларусі Год міру і стварэння стане ключавой ідэйнай лініяй мерапрыемства. Сугучная і назва выставы — «Свет кнігі без межаў». Нацыянальны стэнд прадэманструе і айчынныя тэндэнцыі ў кнігавыданні, і сусветныя. Можна будзе ўпэўніцца: кніга сёння асацыіруецца не толькі з папяровым носьбітам, але і з аўдыё-, відэафарматам, дапоўненай рэальнасцю, трансліраванай праз усе магчымыя наяўныя інфармацыйныя рэсурсы. 

Напярэдадні адкрыцця выставы і Сусветнага дня паэзіі, што адзначаецца 21 сакавіка, гутарым з заслужаным дзеячам культуры Беларусі, вядомым беларускім пісьменнікам і публіцыстам, старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам праўлення, прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Уладзімірам Гаўрыловічам. 

— Уладзімір Мікалаевіч, Гомельшчына сёлета адзначыла сваё 85-годдзе. З якімі галоўнымі дасягненнямі да знакавага юбілею прыйшло абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі?

— Іх нямала. Найперш новыя кнігі нашых мастакоў слова. Іх выйшла роўна трыццаць, як паэзіі, так і прозы. Выдатныя ўзоры, у якіх пераканаўча і ўзнёсла вядзецца размова пра нас з вамі, пра Радзіму і Сусвет, стварылі Соф'я Шах і Ізяслаў Катляроў, Яўген Калашнікаў, Тамара Кручэнка, Ніна Шклярава ды іншыя мае калегі. І тут, канешне, трэба гаварыць не пра колькасць, а пра якасць мастацкага твора. А гэта звышзадача для кожнага, хто бярэцца за пяро. Слабы твор, зразумела, нікога не кране. 

Я ж ганаруся, напрыклад, дасягненнем Соф'і Шах, якая першая на славянскай прасторы стварыла вянок вянкоў вянкоў санетаў — выпусціла «Дыядэмную споведзь», кнігу пра лёс уласны і лёс краіны. Не выпадкова паэтэсе ў студзені прысвоена званне «Пісьменнік года Гомельшчыны» ў паэзіі і дзіцячай літаратуры.

— Ваша пісьменніцкая суполка можа пахваліцца і іншымі накірункамі ў працы?

— Без справы не сядзім. Гэта шматлікія творчыя акцыі, конкурсы, прэзентацыйныя, юбілейныя ўрачыстасці, патрыятычныя ўрокі, выступленні літаратараў (у нас 62 творцы) у розных установах, на прадпрыемствах рэгіёна. Яны прысвячаліся Году гістарычнай памяці, Году класічнай літаратуры і чытання ў вобласці, 140-годдзю класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзю пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі, а таксама ХХIХ Дню беларускага пісьменства ў Добрушы. Пералічэннем зроб­ленага можна было б і завяршыць наша інтэрв'ю. Галоўнае ж ва ўсёй гэтай працы, як мне здаецца, адно — наколькі цікава ўсё чытачу, і найперш маладому. Дык падкрэслю: толькі за чатыры дні двух літаратурных мерапрыемстваў — міжнародных «Славянскіх літаратурных дажынак» і абласнога фестывалю «На зямлі Кірылы Тураўскага» — на творчыя сустрэчы з пісьменнікамі як Беларусі, так і Расіі прыйшло больш за 15,5 тысячы чытачоў у Гомелі, Тураве, Жыткавічах, Мазыры і Добрушы. 

Мы, пісьменнікі, сумесна з бібліятэкарамі, ідэалагічнымі работнікамі, настаўнікамі выконваем няпростую папулярызатарскую функцыю чытання якаснай кнігі. І, наколькі магчыма, працуем, каб літаратурна-чытацкае поле рэгіёна засявалася асабліва якасным зернем — мастацкім словам, якое вучыць дабрыні, чалавечнасці, міласэрнасці. І ў 2023-м, які праводзім пад знакам юбілею вобласці, Года сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне ў межах Года міру і стварэння, 85-годдзя нашага земляка Анатоля Грачанікава, гэтая праца працягваецца.

— З якім настроем сустракаеце Сусветны дзень паэзіі і Міжнародную кніжную выставу? 

— Настрой звычайны, рабочы. Абедзве падзеі — цудоўная магчымасць звярнуць увагу беларускага грамадства на творчасць сучасных літаратараў і высокамастацкую кнігу. Так, у Сусветны дзень паэзіі ў Гомелі пройдзе абласны семінар паэзіі і паэтычных перакладаў. Каб заявіць пра сябе, абавязкова паедзем з новымі творамі на выставу і ў Мінск.

— А семінар паэзіі… Якую функцыю выконвае? 

— Літаратуразнаўчую, аналітычную, крытычную, навучальную, папулярызатарскую — іх шмат. Трэба адзначыць, што з новага года мы на абласным узроўні, выконваючы рашэнні 25-га з'езда СПБ, поўнасцю змянілі фармат дзейнасці ў накірунку літаратуразнаўства і крытыкі. Пры пісьменніцкай арганізацыі стварылі фарміраванне, накіраванае на працу з творчымі людзьмі — як прафесіяналамі, так і пачаткоўцамі.

— Як папулярызуюцца творы аўтараў Гомельшчыны? Ці патрэбна пісьменніку і паэту актыўна весці сацыяльныя сеткі?

— Каб звярнуць увагу чытачоў, рыхтуем паведамленні ў раённыя і абласныя СМІ, анатацыйныя звесткі распаўсюджваюцца праз сайты, сацыяльныя сеткі. Лепшыя кнігі абмяркоўваюцца на фестывальных мерапрыемствах, канферэнцыях-прэзентацыях. Прапануем юнакам прачытаць творы і намаляваць тое, што спадабалася, або вывучыць на памяць урывак ці верш з новых кніг і прыняць удзел у абласным конкурсе чытальнікаў «Захаваем свет разам!». Сёлета ён праходзіць ужо ў васямнаццаты раз… 

— Кажуць, калі няма сучаснага пісьменніка ў інтэрнэце, то яго няма зусім… Ці павінен ён там быць?

— Знаходжанне ў інтэрнэце і сацсетках — не галоўная функцыя пісьменніка. Канешне, дзеля папулярызацыі, каб пра цябе хутчэй даведаліся, гэта мае права на жыццё. Функцыя ж сапраўднага пісьменніка — пісаць якасныя творы. 

— Творы якіх паэтаў любіце чытаць і перачытваць?

— Да спадобы вершы землякоў Грачанікава, Мятліцкага… Цаню нашых беларускіх, савецкіх класікаў, часта звяртаюся да іх. Шмат чытаю сучасных, на мой погляд, яркіх рускіх паэтаў — Валодзю Сарочкіна, Вадзіма Цярохіна, Леаніда Севера, Святлану Макараву, Вольгу Сафронаву…

— Ці заўважаеце апошнім часам, што цікавасць да паэзіі змяншаецца? Пра што сёння пішуць маладыя творцы?

— Гэта не датычыцца сапраўднай паэзіі, грунтоўнай, шматколернай, якая прыгожа, пераканаўча і ўзнёсла раскрывае сусвет. Калі яна сугучна сённяшняму дню, калі высокаграмадзянская і заклікае любіць Радзіму, захоўваць набыткі дзедаў і прадзедаў, нашу сапраўдную гісторыю.

Калі згадваць маладых гомельскіх аўтараў, то мне падабаюцца вершы Таццяны Дарошка, Алены Асёнчык, Івана Краўцова, Аліны Рыцік, Наталлі Царанковай, Валодзі Чараухіна. Яны пішуць пра тое, што іх асабліва хвалюе, маюць сваю грамадзянскую пазіцыю. 

— Над якім творам працуеце? Якая тэма ўзрушвае вас як аўтара?

— Летась напісаў гісторыка-пазнавальны, сацыяльна-праблематычны раман-версію «Па веры вашай…», які знітоўвае падзеі Х—ХІ і ХХІ стагоддзяў. Мае героі абараняюць веру сваю, род і сям'ю, ачышчаюць ад нападкаў хціўцаў і здраднікаў гістарычную памяць нашай шматпакутнай зямлі. Міжвольна ўспамінаюцца словы: «Хто стрэліць у мінулае з пісталета, у таго будучыня стрэліць з гарматы». На жаль, жывём у час, калі дзейснасць гэтага правіла пацвярджаецца страшнымі падзеямі, якія адбываюцца вакол нас. Толькі што пастаўлена кропка над працягам рамана-версіі «Памаліся за бліжняга свайго…». Спадзяваюся, што знойдзецца выдавец, які дапаможа мне скараціць няпросты шлях, каб данесці кнігу да чытача.

— Дзякуй вам, Уладзімір Мікалаевіч. З Сусветным днём паэзіі вас і вашых калег. І яшчэ дазвольце павіншаваць: нядаўна за сваю вялікую творчую і актыўную грамадска-культурную дзейнасць вы атрымалі Падзяку Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, а за ўклад у развіццё Гомельшчыны з рук кіраўніцтва рэгіёна — юбілейную грамату і памятны медаль «85 гадоў Гомельскай вобласці».

— Дзякуй і вам на добрым слове.

kuzmich@sb.by 

Фота з асабістага архіва Уладзіміра Гаўрыловіча.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter