Для майстра па cаломапляценні з Бярэзіншчыны арыгінальнае традыцыйнае беларускае рамяство — справа жыцця.
ЯШЧЭ дзяўчынкай яна вельмі любіла маляваць, хадзіла ў мастацкую школу. А ўпершыню Ірына ЦЮХАЙ стала працаваць з саломкай у Бабруйскім мастацкім вучылішчы, дзе вучылася на чаканшчыка.
Аказваецца, спрадвеку гэтым рамяством найперш валодалі мужчыны: плялі з саламяных жгутоў, змацаваных лазой ці льняным шнурком, карабы для збожжа і іншых гаспадарчых патрэб. А ў жаночых руках саломка пераўтваралася ў нешта незвычайнае, напрыклад, у ажурных «павукоў», якія былі для хаты не толькі ўпрыгожваннем, але і магічнымі ахоўнікамі яе насельнікаў.
Жытнія снапы раней звозілі на такі, абмалочвалі, а салому выкарыстоўвалі як будаўнічы матэрыял, каб накрыць дах хаты, уцяпліць вокны, дзеля чаго плялі спецыяльныя саламяныя маты. А для Ірыны Аляксандраўны жытняя салома — галоўны матэрыял, з якога яна стварае сапраўды фантастычныя творы: коні з залатой грывай, дзіўныя кветкі, лялькі-прыгажуні, пеўнікі... Гэтыя і многія іншыя работы майстра «выязджаюць» за межы не толькі Бярэзіншчыны, а і Беларусі.
Алена ГРОМАВА
Фота аўтара