Вышел сборник стихов «Незабытае рэха вайны. 100 вершаў беларускіх паэтаў пра Вялікую Айчынную вайну»

З франтавога блакнота

Гэта памятная творчая спадчына, якую сабраў пад адной вокладкай беларускi паэт, намеснiк дырэктара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» Вiктар Шнiп. Выданне выпушчана па заказе Мiнiстэрства iнфармацыi ў серыi «100 вершаў», заснаванай у 2017 годзе. Такiя кнiгi з выбранымi творамi ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выходзяць актыўна. Напрыклад, нядаўна пабачыў свет тэматычны зборнiк «Мы — беларусы» з творамi класiкаў i сучасных аўтараў. Чытачы пацвердзiлi: атрымаўся своеасаблiвы партрэт нашага народа з найлепшымi яго якасцямi — працавiтасцю, мiралюбнасцю, годнасцю. Навiнка «Незабытае рэха вайны» таксама стварае партрэт, галоўная рыса ў якiм — непакорнасць беларусаў перад фашысцкiмi катамi i iх памагатымi.

Гэтыя 100 вершаў напiсаны падчас вайны i пасля Вялiкай Перамогi. Многiя з iх сталi класiкай беларускай лiтаратуры. У лiку аўтараў Анатоль Астрэйка, Алесь Бачыла, Пятрусь Броўка, Васiль Вiтка, Анатоль Вялюгiн, Сяргей Грахоўскi, Кастусь Кiрэенка… Усяго 43 творцы, якiя даказалi, што слова не толькi найлепшая зброя, яно захоўвае памяць i жыве, нiбыта светач, сярод людзей. Кожны радок у зборнiку змушае схамянуцца ад былога лiхалецця: «О Нёман, о бацька мой, Нёман, / Як сонца, як дзень дарагi! / Касцямi звяругаў шалёных / Усланы твае берагi». Так сказаў у 1941‑м Анатоль Астрэйка, якi быў адказным сакратаром знакамiтай сатырычнай газеты‑плаката «Раздавiм фашысцкую гадзiну». Верш «О бацька мой, Нёман» стаў вядомай песняю — яе многiя ўспрымаюць як народную. Мiж тым аўтар слоў — Анатоль Астрэйка, а кампазiтар — Нестар Сакалоўскi: «Нас праўда на бой акрылiла, / Дала нам матуля мячы, / Ты глянь, на тваiх колькi схiлах / Нямецкай ляжыць саранчы».

Пiсьменнiк Мiкола Аўрамчык удзельнiчаў у баях на Паўночна‑Заходнiм i Волхаўскiм франтах. Пры акружэннi ў 1942‑м фашысты ўзялi яго ў палон i вывезлi ў Рур на каменнавугальныя шахты. У тым жа 1942‑м не рукамi, а сэрцам ён занатоўваў вершы ў франтавым блакноце: «Калi для кулi стану я мiшэнню / I затрымаецца на месцы бою ўзвод, / Сябры, напэўна, забяруць з кiшэнi / Скамечаны мой франтавы блакнот». Праз некалькi радкоў аўтар пытаецца ў самога сябе, у нябёс ды, па сутнасцi, ва ўсяго свету: «А што, калi на гэтым полi голым, / Дзе плешча старадаўняя рака, / Мой франтавы блакнот падыме з долу / Фашысцкая паганая рука?» Гэта словы i роздумы 22‑гадовага юнака, якi бязмерна любiў сваю зямлю.

Усе ваенныя дарогi злучаюцца на плошчы Перамогi, ля Вечнага агню, пра гэта ў сваiм вершы «Ноч на плошчы Перамогi» гаворыць Сяргей Грахоўскi. 
Сыходзяць з пастамента «заслонаўцы», каля Вечнага агню схiлiўся камандзiр — ён пачуў тупат вернага каня… «Захутаныя замеццю i сцюжай, / Iдуць услед за Вераю Харужай / Па Ленiнскiм праспекце к абелiску / Падпольшчыкi i Обаля, i Мiнска». А за iмi танкiсты, лётчыкi, разведчыкi, сапёры, партызаны… I мёртвыя паўсталi, як жывыя — усе, хто разам здабываў Перамогу над фашысцкай навалаччу.
Што нi твор — людскi боль, велiзарная трагедыя. Кастусь Кiрэенка ў 1944‑м у вершы «Цiшыня» пiша, як салдаты марылi пра спакой, каб не чуць выбухаў i залпаў. Узялi яны вёску — нарэшце сцiхнуў гром, навокал «зманлiва гойдалася цiшыня», але побач ляжалi забiтыя сябры. З таго часу баявыя таварышы зненавiдзелi спакой: «I здрыганулiся нашы сэрцы, // I зненавiдзелi мы спакой. // Як гэтых немцаў — пасланцаў смерцi, // Што йшчэ шалелi там, за ракой».

У кнiзе выкарыстаны рэпрадукцыi карцiн з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Такiм чынам выданне яшчэ больш уражвае, надзейна аберагае памяць пра Вялiкую Айчынную вайну з дапамогай высокага мастацтва.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter