Из-за коронавируса мы потеряли писателя Николая Метлицкого, который был настоящим дежурным по планете

«Як валошку-сінечу ў жыце, беражыце свой край, беражыце...»

Мы страцілі пісьменніка Міколу Мятліцкага, які быў сапраўдным дзяжурным па планеце і голасам беларускай душы

Менавіта дзяжурным па планеце называў сябе творца, бо імкнуўся перадаць радасць і боль свайго народа, заўсёды з ім быў побач. Лаўрэат спецыяльнай літаратурнай прэміі Прэзідэнта, Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры нашай краіны, аўтар звыш дзясятка паэтычных зборнікаў — заслуг у Міколы Міхайлавіча многа. Яны бясцэнныя на зямлі і на небе, куды на днях сышоў паэт. Яму было 67 гадоў. «Паэты сыходзяць на неба» — гэты радок перадае ўсю трагічнасць апошніх падзей. Толькі за лістапад мы страцілі Ганада Чарказяна, Міколу Шабовіча і вось… Міколу Мятліцкага. 

У творчасці Міколы Мятліцкага моцным рэхам адбілася чарнобыльская трагедыя, па сутнасці, як адзначаў сам, яна і зрабіла яго паэтам. Мікола Мятліцкі нарадзіўся ў вёсцы Бабчын, якая аказалася ў самым эпіцэнтры бяды — у зоне адсялення. Пісьменнік называў сябе апошнім жыхаром Бабчына, калі пастаянна вяртаўся ў родную вёску, кaб пaxaдзiць cцeжкaмi мaлeнcтвa, пepaнaчaвaць y aпycцeлaй бaцькoўcкaй xaцe i бяcкoнцa складаць вepшы, дaючы мaгчымacць выйcця тpaгiчным пaчyццям: 

У Бабчыне маім шумотна-гола зімы 
Мятуць свае снягі па вуліцы пустой, 
Дзе сны мае усе — бадзягі-пілігрымы — 
Ў хаціне пад вярбой пасталі на пастой. 
Прыносяць мне адтуль узрушлівыя згадкі, 
З адсутнасцю жыцця не згодныя й цяпер: 
То скрыпне пад пятой загучна дошка кладкі; 
То крэкне незнарок разбуджаны асвер…

На гэту тэму напісаў кнігі «Замкнёны дом», «Палескі смутак», «Бабчын. Кніга жыцця» — паэтычны летапіс вёскі на працягу цэлага стагоддзя. Аўтар заклікае ў вершах, каб боль быў пачуты ў маштабах усяго чалавецтва. У адным з інтэрв'ю «Сельской газете» прыкмячаў, што жывём у пару вельмі значнай прафесійнай адказнасці кожнага за лёс усіх: 

— Думаю, каб у тыя чарнобыльскія часы хапала кампетэнцыі, тэхнагеннае ліха не прыйшло б на нашу зямлю. Чарнобыль перш-наперш вучыць адказнасці перад светам і людзьмі. Мне гэтая тэма дазволіла пачуць і галасы многіх творчых людзей свету. Ведаю, як да нашай Беларусі ставяцца многія замежныя творцы, — гуманізм, дабрыня і чалавечнасць у нас дамінавалі заўсёды, бо гэта той трывалы падмурак, на якім стаіць жыццё.

Таварыш Міколы Мятліцкага, паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп прыгадвае, што апошні раз у выдавецтва Мікола Міхайлавіч прыходзіў 14 верасня, дзе адпрацаваў больш за 20 гадоў і дзе выходзілі яго значныя кнігі:

— Тады мы з дырэктарам выдавецтва Алесем Бадаком угаварылі Міколу напісаць успаміны. Напачатку наш сябра аднекваўся, што пісаць яму іх рана. «Ну тады напішы пра працу ў «Полымі». У наступным жа годзе часопісу будзе 100 гадоў…» — прапанаваў я. Мятліцкі даў згоду. Праз тыдзень-другі патэлефанаваў яму і даведаўся, што ўспаміны пра дзяцінства ўжо ёсць. «Сполахі даўніх зарніц» былі надрукаваны ў «Полымі» № 10. Хуткая публікацыя натхніла Міколу, і ён напісаў пра вучобу на філфаку «Універсітэт». Будзе ў «Полымі» № 12. Паспеў Мікола ўзгадаць і працу ў «ЛіМе», назваўшы матэрыял «Літаратура і мастацтва». Праўда, рукапіс не паспеў выслаць. У планах былі ўспаміны пра выдавецтва і «Полымя».

Віктар Шніп прысвяціў сябру баладу, у якой, бадай, самыя пранікнёныя радкі гучаць так:

Ты ідзеш па небе, як па полі,
І натхненне, як душа, з табой.
І бліжэй, бліжэй твой любы Бабчын,
І цячэ, як Млечны Шлях, рака.
І ўсё чуеш ты, і ўсё зноў бачыш,
І ўсё пішаш — аж баліць рука…

Літаратурныя крокі ў Міколы Мятліцкага пачаліся на філфаку БДУ, дзе вучыўся. Займаўся з аднадумцамі ў літаб'яднанні «Узлёт» і разам з імі сталеў. Тады і напісаў невялікую паэму пра вёску Зялёны Гай, спаленую карнікамі. Тэма вайны, як і пазней чарнобыльская трагедыя, балела ўнутры. Вялікая Айчынная закранула сям'ю паэта: ля сіласнай ямы карнікі расстралялі сям'ю яго стрыечнага дзеда, прапала без вестак цётка Маня, вывезены ў Германію бацька. Дзякуючы сваёй першай паэме, якую прынёс у Саюз пісьменнікаў, Мікола Міхайлавіч пазнаёміўся там з Іванам Мележам. Тады Іван Паўлавіч сеў насупраць маладога пісьменніка і доўга глядзеў на яго сумнымі вачамі, распытваў пра Бабчын і ўдакладняў, ці чуў ён што пра роднае Мележу Глінішча. А напрыканцы параіў: «Пішы гэтак жа сур'ёзна, як і я». Словы Івана Паўлавіча сталі прарочымі ў жыцці Мятліцкага, а ў часы творчага расчаравання служылі яму яркім агеньчыкам.

Яшчэ адзін слынны сын Палесся Іван Шамякін моцна сябраваў з Міколам Мятліцкім: разам ладзілі вечарыны, вандравалі па Беларусі. Працуючы рэдактарам часопіса «Полымя», Мятліцкі выканаў апошні запавет Івана Пятровіча — надрукаваў яго дзённікі. Шамякін у рамане «Злая зорка» аднаго з герояў каранаваў прозвішчам маладога земляка, добрымі словамі адгукаўся пра яго на вечарынах у роднай старонцы, ведаў і верыў, што з Міколы атрымаецца вялікі літаратар.
Так і сталася. Яго спадчына багатая і неацэнная. Навукоўцы кажуць, што творчасць Міколы Мятліцкага  — адна з найцікавейшых і квяцістых старонак беларускай літаратуры ХХ—ХХІ стагоддзяў. Гэта паэт, які паказаў, што чалавек здольны пераадолець розныя цяжкасці і супрацьстаяць паслячарнобыльскаму свету, здольны любіць жыццё. Мікола Мятліцкі свае адносіны да свету апісваў так:
Паэт — дзяжурны па планеце,
Ён сочыць з раніцы самой,
Якое зноў надвор'е ў свеце
Ці не запахла дзе вайной.
Усё ў паэта на прыкмеце,
За ўсіх душой хварэе ён.
Паэт — дзяжурны па планеце
І застанецца ім спакон.

Як і ўскладалі вялікія надзеі на малодшага земляка Іван Шамякін і Іван Мележ, Мікола Мятліцкі напоўніцу сцвердзіўся ў літаратуры, заўсёды займаў адказныя творчыя пасады. Працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», старшым рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура», 12 гадоў узначальваў рэдакцыю старэйшага беларускага літаратурнага часопіса «Полымя», а яшчэ быў адданым і шчырым патрыётам, меў цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, пра што не раз выказваўся, у тым ліку на старонках «Сельской газеты». У той трывожны час, калі пачаліся палітычныя хваляванні, падштурхнутыя і прафінансаваныя з-за мяжы, Мікола Міхайлавіч гаварыў пра водгалас генацыду, учыненага над нашым народам супольным Захадам, які прыйшоў нязваным госцем пад фашысцкімі сцягамі: 

— І сягоння наша краіна ў пары свайго эканамічнага, духоўнага і палітычнага росквіту. Мы пачутыя ў цэлым свеце, здзейснілася даўняя мара песняра Янкі Купалы: сталі роўнымі сярод роўных народаў. Але, на жаль, ёсць і тыя, асабліва адкуль прыходзілі папярэднія войны, хто хоча ўчыніць новы бліцкрыг. Адчуваем, што вабяць іх нашы нацыянальныя і эканамічныя скарбы. Яны хочуць прыгрэць да сваіх рук і падзяліць паміж сабой здабытае потам нашага народа, трымаючы нас, як марылі 80 гадоў назад фашысты, у няволі, кайданах і рабскіх умовах існавання.

Мікола Мятліцкі быў цвёрда перакананы, што наш духоўны і эканамічны патэнцыял, разуменне таго, што страта Айчыны — самае непапраўнае і недаравальнае, утрымаюць нас на паверхні гісторыі. Пазней у рэдакцыю нашай газеты для рубрыкі «Беларускі ручнік», дзе часта друкаваўся, даслаў такі верш:

Як валошку-сінечу ў жыце, 
Беражыце свой край, 
Беражыце, 
Не аддайце на глум пачварам, 
Што прыдбаць гэтак танна мараць 
Тое ўсё, што належыць народу: 
Мову-песню, 
Душы свабоду. 
Не аддайце лаўцам залётным 
Дом адзіны, да скону родны, 
І пагост, дзе матулі крыж, 
Старажытны Полацк, 
Нясвіж… 
Не прадайце за цёрты долар 
Край, які вам з маленства дораг. 
Знайце: новаму не бываць. 
Вам у свеце тады — 
Бамжаваць. 

Ранейшым дзяжурным па планеце, толькі ўжо на нябёсах, застанецца Мікола Мятліцкі. Назіраць за намі будзе з вышыні і наглядаць, як выконваем бацькоўскі запавет, як беражом краіну і мацуем яе незалежнасць, як працуем і ці сумленна жывём. Народныя пісьменнікі Іван Мележ і Іван Шамякін з Палесся прынялі да сябе на неба малодшага земляка, які, мяркуючы па народнай павазе і любові, выканаў іх запавет, стаўшы настаўнікам моладзі і голасам беларускай душы.

Ад «СГ»

Мікола Мятліцкі быў нашым пастаянным аўтарам, прыходзіў у госці ў рэдакцыю, з задавальненнем бралі ў яго інтэрв'ю, друкавалі нарысы і вершы. У нашай памяці паэт застаўся жыццялюбам, жартаўніком, быў патрабавальным да слова і ўласнай творчасці. Спадчына захавалася, мы і далей будзем радаваць ёй чытачоў. Вечная памяць творцу, хай зямля яму будзе пухам, а душа знойдзе вечнае супакаенне на нябёсах!

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter