Мятежный бунтарь из народа. Как на малой родине Михася Чарота чтут память известного земляка

«Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар»

Паэту было адведзена толькі сорак гадоў жыцця, аднак ён паспеў пакінуць шматгранную літаратурную спадчыну


У мястэчку Рудзенск пад Мінскам 7 лістапада 125 гадоў таму нарадзіўся адзін з найбольш уплывовых пісьменнікаў свайго часу і арганізатараў літаратурнага руху 1920—1930-х гадоў Міхась Чарот. Імем пісьменніка названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску. Менавіта на малой радзіме Міхася Чарота мы пабывалі напярэдадні свята і даведаліся, як сучасныя жыхары Пухавіцкага раёна ставяцца да фігуры знакамітага земляка, жыццё якога было кароткім і яркім.

На жаль, заўзяты прадстаўнік новай рэвалюцыйнай паэтычнай плыні закончыў апошнія дні ў засценках вядомай «амерыканкі» і быў знішчаны ў ноч расстраляных паэтаў. Яму было толькі 40 гадоў. Мноства яго творчых планаў не рэалізавана. Аднак ён паспеў пакінуць шматгранную літаратурную спадчыну, якая доўгі час была забыта. У 1956 годзе пісьменнік пасмертна рэабілітаваны і вернуты з забыцця.

Сцежкамі паэта

У 1996 годзе Рудзенскай гарпасялковай бібліятэцы Пухавіцкага раёна прысвоена імя Міхася Чарота. Установа плённа працуе і карыстаецца поспехам сярод рудзенцаў розных пакаленняў. Менавіта тут па традыцыі адбываюцца мерапрыемствы, прысвечаныя пісьменніку. Аднак у гэтым годзе вечарыну памяці знакамітага земляка з удзелам мясцовай інтэлігенцыі, педагогаў Цэнтра дзіцячай творчасці і школы мастацтваў вырашылі правесці ў дзіцячай бібліятэцы. Загадчык установы Жанна Семашка і бібліятэкар Наталля Галубовіч падрыхтавалі для гасцей цікавую імпрэзу, узгадалі жыццёвы шлях паэта.

Міхаіл Сямёнавіч Кудзелька (сапраўднае імя пісьменніка) нарадзіўся ў беднай сям’і. Цяжкая сялянская праца загартавала характар, а народная паэзія, песні, казкі, легенды, да якіх заўжды гарнуўся дапытлівы хлапчук, адкрылі дарогу да творчасці. Ён неаднаразова ўзгадваў, што складаць радкі пачаў, не ўмеючы пісаць.
Дарэчы, народная песня «Купалінка», якую ведае кожны беларус, шырокую вядомасць атрымала ў пачатку 1920-х пасля паэтычнай апрацоўкі Міхасём Чаротам.
Станаўленне паэта прыйшлося на пераломныя ў гісторыі краіны часы. Першая сусветная, рэвалюцыя… Прадстаўнік з народа, якому пашчасціла атрымаць адукацыю ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, праклаў свой шлях у літаратуру менавіта ўслаўленнем пралетарскай дыктатуры. Матывамі ўстанаўлення новага парадку і сацыяльнай справядлівасці для абяздоленых людзей, беднякоў, як сям’я самога паэта, прасякнуты літаральна кожны верш Міхася Чарота, напісаны ў гэты час. Яго знакамітыя «Босыя на вогнішчы» параўноўвалі з паэмай «Дванаццаць» Блока.

Міхась Чарот і паэт Анатоль Вольны (падарунак П.І. Ляпёшкі ў гонар юбілею — 90-годдзя М. Чарота).
Чарот стаў ініцыятарам стварэння і кіраўніком першай у рэспубліцы літаратурнай арганізацыі «Маладняк», а з 1925 па 1929 год займаў пасаду рэдактара газеты «Савецкая Беларусь».

З цягам часу паэт і некаторыя ягоныя паплечнікі расчараваліся ў «Маладняку» і далучыліся да «ўмераных» — «Узвышша» і «Полымя». Магчыма, юнацкі максімалізм змяніўся больш глыбокім аналізам рэчаіснасці і месца творцы ў грамадскіх працэсах. Будаваць новае, у тым ліку мастацтва, бяздумна знішчаючы ўсё створанае да гэтага, — не самы надзейны шлях.

Міхась Чарот выявіў свой літаратурны талент і ў іншых жанрах — пісаў апавяданні, драмы, некаторыя з іх былі пастаўлены на сцэне. Пры гэтым, узгадвалі яго сябры, сам меў адмысловы акцёрскі талент.

Яго аповесць «Свінапас» стала асновай першага беларускага мастацкага фільма — «Лясная быль».

На жаль, жыццё творцы абарвалася рана і трагічна. Яго арыштавалі 24 студзеня 1937 года. Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. 28 кастрычніка 1937 года як удзельнік «контр­рэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» асу­джаны пазасудовым органам НКУС і прыгавораны да расстрэлу. Апошні верш «Прысяга» пра асабістую невінаватасць запісаў на сцяне мінскай унутранай турмы НКУС:

Я не чакаў;
Я не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою…

Прыхільнікам жывога слова


У бібліятэцы на радзіме Чарота дзейнічае выстава, прысвечаная яго творчасці, акрамя кніг — грамзапіс «Купалінкі». І напэўна, самая каштоўная рэч — рукапісны альбом з успамінамі землякоў, родных, аднакласнікаў паэта пра яго характар, дзіцячыя гады, стасункі з сям’ёй і аднавяскоўцамі, у ім таксама ёсць рэдкія фотаздымкі. Матэрыял збіралі школьнікі яшчэ ў 1970-х гадах.

Вось што ўзгадвае Ганна Іванаўна Ку­дзелька, стрыечная сястра Міхася:

«Каля нашай вёскі было вялікае балота, дзе раслі чарот і асака. У сваіх вершах ён пісаў пра родную вёску, прыгажосць роднага краю, пра гэтыя самыя чарот і асаку. Таму і вырашыў, што будзе Чаротам. Заўжды на канікулах прыязджаў у родную вёску. Прыходзіў да сваёй цёткі і прасіў, каб яна яму праспявала беларускую песню…»

Вечарыну памяці знакамітага земляка падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі.

— Нягледзячы на час інтэрнэту і гаджэтаў, рудзенская моладзь аддае перавагу жывому слову, ведае класікаў, у тым ліку землякоў, — запэўнілі мясцовыя бібліятэкары. — Школьнікі ўдзельнічаюць у шматлікіх мастацкіх конкурсах, супрацоўнічаюць з дзіцячымі выданнямі. Край у нас такі асаблівы, натхняе людзей.

zakharov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter