Поэт Казимир Камейша считает, что писать только для себя невозможно

Вершы з пушчанскiх дарог

«Галоўная мая вярста складвалася з мноства маленькiх i вялiкiх дарог, карэнiстых пушчанскiх сцяжын, старых брукаванак i новых струнiстых асфальтовак, лясных гасцiнцаў i ўтравелых бальшакоў». Так пачынае прадмову да адной са сваiх кнiг паэт Казiмiр Камейша. Ён — аўтар шматлiкiх зборнiкаў, лаўрэат лiтаратурных прэмiй. У гэтым годзе атрымаў Нацыянальную лiтаратурную прэмiю ў намiнацыi «Паэзiя» за зборнiк «Высокi бераг». А сёння адзначае сваё сямiдзесяцiпяцiгоддзе.


— У зборнiк «Высокi бераг» увайшлi вашы вершы апошнiх гадоў... Цi iстотна яны адрознiваюцца ад таго, што вы пiсалi ў маладосцi?

— Твардоўскi сфармуляваў: «Найти себя в себе самом и не терять из виду». Шукаць трэба ўвесь час. Праз гады ўспрыманне iснага, навакольнага мяняецца, робiцца больш удумлiвым. Вершы, што я пiсаў у юнацтве, выклiкаюць у мяне жаданне iх перапiсаць. Але такога я стараюся не рабiць. Гэта мой настаўнiк у лiтаратуры Анатоль Вялюгiн свае вершы дапрацоўваў. «Прызнанне ў любвi» перапiсваў, вiдаць, разоў пяць. А найлепшы варыянт, на маю думку, усё ж быў першы.

— Калi зразумелi, што паэзiя — ваш лёс?

— Нават калi падрыхтавалi да друку маю першую кнiжку «Восеньскiя позвы», яе рэдактарам быў Хведар Жычка, я не быў упэўнены... Тады нехта вырашыў перагледзець усе першыя паэтычныя кнiгi, гатовыя да здачы ў друкарню, каб выявiць слабаватыя. Я падумаў: калi праверку не пройдзе мая кнiга, дык пiсаць кiну. Прайшла.

— Вы назвалi сваiм настаўнiкам Анатоля Вялюгiна... Адносiны памiж пiсьменнiкамi тады былi iншыя?

— Тое пакаленне, якое прайшло вайну, да многага ставiлася па–iншаму. Яны нас, маладых, успрымалi, як роўных. Маё юнацтва лёгка ўжывалася з iх суровай сталасцю. Паэты–франтавiкi мелi выдатнае пачуццё гумару. На маiх вачах пiсалiся эпiграмы, на якiя былi майстрамi i Астрэйка, i Вялюгiн. Калi складаў анталогiю беларускай эпiграмы, тое–сёе ўключыў па памяцi. У мяне ў той кампанii мянушка была — Карнет.

— Чаму?

— Трэба было атрымаць у «Полымi» ганарар. Зайшоў да Вялюгiна, якi там працаваў. А я толькi з войска, стройны, гусарысты. На руцэ — самаробная бранзалетка, якую падарылi хлопцы, з якiмi служыў. Вялюгiн адразу — «О, карнет!» З таго часу ў пiсьменнiцкiм коле мяне называлi не Камейша i не Казiк, а Карнет. У самога Вялюгiна, дарэчы, была мянушка Адмiрал.

— Вашы першыя вершы надрукаваў Вялюгiн?

— Не. Гэта адбылося ў 1959–м у стаўбцоўскай газеце. А калi прыехаў вучыцца ў Мiнск, на фiлфак, пасялiўся ў адным пакоi з Рыгорам Семашкевiчам, будучым вядомым паэтам i крытыкам. Ён i падгаварыў мяне пайсцi ў «Полымя». Я спалохаўся: надта адказна. Але Семашкевiч супакоiў: «Там працуе Вялюгiн, ён выступаў у нас у Маладзечне, запрашаў у рэдакцыю». Мы доўга тапталiся пад дзвярыма... Зайшлi. Убачылi адразу галоўнага рэдактара Максiма Танка. Вялюгiн прадставiў яму нас. Мы нясмела павыцягвалi свае вершы, запiсаныя ў вучнёўскiх сшытачках. Пасля i з`явiлiся нашы публiкацыi ў «Полымi». Вялюгiн быў пiльным рэдактарам. Мог цалкам перапiсаць верш. Нават класiкаў перапiсваў.

— Вы — лаўрэат прэмii Аркадзя Куляшова. А яго самога ведалi?

— Быў аднойчы нават на банкеце з нагоды ягонага юбiлею. Мяне прывёў туды Вялюгiн — «Пойдзем, Аркаша прыме нас». Некалькi разоў запiсваў Куляшова на радыё, дзе працаваў. Памятаю, аднойчы нас папрасiлi з Масквы запiсаць выступленне Куляшова для Усесаюзнага радыё. Паэт згадзiўся неахвотна. Мы паабяцалi напiсаць тэкст выступлення. Куляшоў прыйшоў, пачаў вычытваць той тэкст, ягоны твар зласнавата крывiўся. Мы спалохалiся. Пасля выявiлася, што ён паправiў толькi некалькi косак.

— Вы назвалi свой аўтабiяграфiчны артыкул «Я з пушчы»...

— Так i ёсць. Я родам са Стаўбцоўскага раёна. У мяне бацька — Нёман i мацi — яго прыток Сула. Вырас на дзедавым хутары. А вёска наша называецца Малыя Навiкi. Усе вытокi маёй творчасцi там. Я не ведаў, што мая мацi Ядвiга Казiмiраўна складала вершы. Даведаўся, калi па дарозе на радзiму пiсьменнiка Генрыха Далiдовiча заехалi да нас — наша хата крайняя пры дарозе, самы пачатак Налiбоцкай пушчы —– i мацi прачытала Генрыху вершаванае прысвячэнне. Яна была для мяне жывым слоўнiкам. Запiсваў ад яе прымаўкi, прыпеўкi, словы... Скажам, «адуванчыкi» ў нас называлiся «iмшалкi». Мацi тлумачыла: «У касцёле пачынаецца iмша, яны зацвiтаюць. А канчаецца iмша — на iх адразу белы пух з’яўляецца». Пасля сёмага класа ў дзесяцiгодку я пайшоў у вёску Дзераўная за дзесяць кiламетраў. Нiхто, акрамя мяне, з Малых Навiкоў не хадзiў. Дваццаць кiламетраў кожны дзень. Пешшу, праз пушчу. Зiмой, праўда, ладзiлi iнтэрнат, мы складалiся, куплялi прадукты, спалi ў нейкiм будыначку ля школы. У бацькi не было грошай купiць ровар. Аднойчы знаёмы крамнiк з суседняй вёскi, якому бацька пажалiўся, што сыну далёка хадзiць у школу, даў ровар у крэдыт. Як я яго шкадаваў — болей, чым сёння сваю машыну.

— А чаму сталi пiсаць празаiчныя мiнiяцюры «Памiж кубкам i вуснамi»?

— Можа, Брыля начытаўся... I зразумеў, што ў мяне назапасiлася вельмi шмат зацемак, якiя не стануць апавяданнямi. Назву падказала французская прымаўка «Памiж кубкам i вуснамi яшчэ застаецца шмат месца для няшчасця».

— Што вы думаеце пра сучасную беларускую паэзiю?

— Наша пакаленне iшло ўслед за ваенным пакаленнем, за шасцiдзясятнiкамi. Сённяшнiя маладыя, здаецца, губляюць традыцыю, нават фальклорную аснову. Колькi б паэзiя не ўцякала ад фальклору, яна мусiць вяртацца да яго. У паэзii маладых шмат iнэртнага, безаблiчнага. Часам думаю, што будзе далей... Напiсаў мiнiяцюру, як на творчы вечар, дзе сабралiся адны паэты, заходзiць чытач... Яго вiтаюць, носяць на руках. Кожны, хто пiша, спадзяецца, што яго будуць чытаць. Я калiсьцi напiсаў цыкл «Вершы для сябе». А потым парваў. Вершы для сябе — гэта няправiльна.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter