Валошкаўскi Вiльямс

Хто i калi даў вёсцы такую прыгожую назву, як у ваду канула...

Хто i калi даў вёсцы такую прыгожую назву, як у ваду канула. Хоць, праўда, асаблiвай фантазii дзеля гэтага не трэба было мець. Навакольныя палi спрадвеку каласiлiся азiмым жытам. А ў жыце — валошкi. Асаблiва ля межаў. Дзеўкi рабiлi з iх i рамонкаў, якiх таксама хапала каля палёў, просценькiя букеты, а на Купалле плялi вянкi. Знаўцы збiралi валошкi на лекi. Настоем лячылi хваробы нырак i печанi. Гаючую сiлу сiнiх галовак праз тыя ж настоi, толькi на гарэлцы, адчувалi i сардэчнiкi.

Праз стагоддзi пракацiлася гiсторыя Валошак. Простая гiсторыя. Некалi вольнаадпушчаны панскi егер заснаваў тут хутар. З цягам часу хутар пачаў абрастаць iншымi сядзiбамi. Будавалiся побач дзецi, потым унукi, праўнукi. А пасля i зусiм чужыя людзi, якiх валошкаўскiя абарыгены звалi прыблудамi. Гады ўсiх памiрылi, здружылi – перасваталiся, перажанiлiся, замiлелi някiдкай сялянскай ласкай. Ты мне пры нявыкрутцы пуд аржаной мукi – я табе вясной для галоднай кароўкi пару рэзгiн сена. Такая вось калектыўная ўзаемавыручка, будзённая сялянская талака. Не адным хлебам жыве чалавек. Валошкаўцы не выключэнне. Амаль пры кожным двары быў сад. У каго большы, у каго меншы. Перавагу аддавалi антонаўцы i драбнаплодным грушам. Лiчылася, што з дробных пладоў i ўзвар больш густы i смачны, i ўлежнасць у iх даўжэйшая. Здатныя гаспадары ставiлi ў садах вуллi-калоды. Пад восень вёска пахла мёдам.

Было i сплыло. Разам з плынню Валашанкi — жывенькай бруiстай рачулкi, якая дугой абгiнала вёску i недзе вёрст за дваццаць улiвалася ў задуменна-глыбакаводную Проню. Пасля мелiярацыi згубiла напор Валашанка, абмялела. Ну i Проня, канешне, агалiла берагi, зажаўцела пясчанымi перакатамi.

Небяспека навiсла над Валошкамi тады, калi быў неразумна абвешчаны наступ на так званыя неперспектыўныя вёскi. Наконт Валошак раённае начальства вагалася: куды вёску залiчыць? У неперспектыўныя? Дык тут жа больш за сотню падворкаў. Але ж у многiх хатах ужо на той час дажывалi свой век толькi людзi ў гадах. Моладзь завабiў горад. Адыходнiкi наязджалi ў Валошкi тады, калi пахла свежыной, i ад’язджалi ў горад з напакаванымi клункамi, якiя пахлi вяндлiнай i прыпраўленай кменам каўбасой. Вось гэта i вырашыла лёс Валошак – вёску запiсалi ў расход.

Запiсаць запiсалi, але ў самiх валошкаўцаў не папыталiся, цi згодныя яны перавозiць зрубы ў цэнтр калгаса – аграгарадок. А ў iх такога жадання акурат i не было.

Ранкам па вёсцы паплылi сiгналы: блям-блям-блям... Малака-зборшчык Церах, якi ў свой час быў тут брыгадзiрам, бiў жалезным прэнтам па абрэзку таўровай бэлькi, падвешанай на суку старога клёна яшчэ ў тыя часы, калi ў Валошках была брыгада. Тады Церах збiраў мужчын i кабет на ранiшнi развод i вызначаў, каму на якую работу iсцi. Цяпер ён клiкаў вяскоўцаў на сход. Iшлi дружна, бо ведалi, пра што будзе гамана. Пра пераезд, пра лёс Валошак.

Пакуль той лад i парадак, грамада загаманiла на ўсе галасы: “Не паедзем!.. Тут нашы дзяды i пра-дзеды!.. Тут нашы надзелы... А каровак куды? У тым аграгарадку дамы, як у горадзе, на чатыры паверхi... Тамака i лесу поблiз няма. Як нам без лесу?”

Церах не спяшаўся суняць эмоцыi вяскоўцаў. Ён выглядаў паверх галоў: цi выбраўся з хаты галоўны валошкаўскi мудрэц, якому ў свой час навесiлi някрыўдную мянушку Акадэмiк Вiльямс. У хаду былi i варыянты: проста Акадэмiк i Кульгавы Вiльямс. Наконт мянушак нашы вяскоўцы майстры.

А вось чаму паважанаму чалавеку, былому партызану, двойчы параненаму ў сутычках з карнiкамi, а пасля дбайнаму гаспадару выпала такая мянушка? Хоць, па вялiкiм рахунку, тут да простай вясковай мянушкi адлегласць вельмi вялiкая. Макар Пiлiпавiч Вiльчак лiчыўся ў Валошках адукаваным чалавекам. Дзiва што! Адных газет i часопiсаў ён выпiсваў не меней дзесятка. У той час падпiска каштавала нядорага. Тое, што яго зацiкавiла, Макар Пiлiпавiч раскладваў на змайстраваных суседам-сталяром шырокiх пры-сценных палiцах. Выразкi камплектаваў па тэмах. Астатнiм пасля прагляду дзялiўся з вяскоўцамi. I вось у адной газеце, здаецца то была “Звязда”, натрапiў на артыкул пад заманлiвай назвай “Цi чытаў ты Вiльямса?”. Хто такi Вiльямс, Макар Пiлiпавiч ведаў. Акадэмiк, глебазнавец, у гонар якога нават быў адчаканены залаты медаль. У мясцовай бiблiятэцы твораў Васiля Робертавiча Вiльямса не было. I ўвiшны Макар зрабiў запыт у рэспублiканскую бiблiятэку. Ну i, канешне, распрапагандаваў новыя прыёмы апрацоўкi глебы, нават з гэтай нагоды напiсаў вялiкую заметку ў раённую газету. Ад таго часу пачалi ў Валошках зваць свайго аднавяскоўца Акадэмiкам Вiльямсам. Без падначкi, з павагай, бо i сам Макар Пiлiпавiч нямала кемiў у падыходах да зямлi, дый сад у яго быў – залюбуешся. А можа, галоўную ролю адыграла блiзкасць прозвiшчаў: Вiльчак – Вiльямс?

Урэшце, абапiраючыся на адпалiраваную сукаватую кульбу, моцна накульгваючы, мясцовы Акадэмiк Вiльямс далучыўся да шумнага натоўпу. Гамана сцiхла. А праз якую хвiлiну шустрая Адаська, стрыечная пляменнiца Вiльчака, не вытрымала непрывычнай цiшынi i гукнула:

— Дзядзька Макар, што будзем рабiць? Што пра гэта пiшуць газеты?

Макар Пiлiпавiч, трошкi счакаўшы, пацепнуў плячыма, выпрастаўся, смяшлiва глянуў на сваячку i вымавiў гучна, каб усе чулi:

— Пiшуць рознае. Хто распiсвае выгады, хто, абачлiвы, намякае на цяжкасцi. А мы будзем чакаць, – сказаў. i паўтарыў: — Чакаць бу-дзем. Не варта ўчыняць гвалт i рыпацца. Час пакажа. Зараз пустых кватэр i хат у Пранчанах няма. А каб перавезцi наша жытло i прыбудовы – гэта вунь якi клопат, колькi машын i людзей трэба. I грошай. А ў калгасе зараз лiшняга нiчога няма. Так што будзем чакаць. Нехта там надумаў бурыць нас, дык знойдуцца разумныя людзi, якiя гэта адменяць. Як казалi раней, матуля заступiцца – татка з папружкай адступiцца.

Угледзеўшы пасвятлелыя твары суседзяў, разважлiвы Макар заключыў:

— Будзем жыць, як жылi. I сваiх сыноў i дачок клiкаць назад у Валошкi.

Мудрую параду даў Макар Пiлiпавiч. Наконт зносу Валошак, як i iншых напалову абязлюдзелых вёсак, у раёне пашумелi-пашумелi i забылiся. Калi вёсцы так наканавана, сама сыдзе ў нябыт. А каторая, можа, набярэцца сiлы, моладдзю пабагацее. Галоўная ж увага – на цэнтральныя сядзiбы, на аграгарадкi.

Так i засталiся Валошкi, можна сказаць, на водшыбе. Краму зачынiлi, бо пакупнiкоў стала мала. Раз на тыдзень прыязджаў фургон з хлебам, цукрам, соллю, няхiтрымi таварамi. Калi ж узнiкала вострая патрэба, ехалi ў Пранчаны, а мацнейшыя дабiралiся пешшу. Там i цырульня, i шаўцы-краўцы ў фiлiяле быткамбiната, i, што самае галоўнае, праўленне калгаса i сельсавет.

Бедавалi валошкаўцы з тае нагоды, што спынiлi ваяжы ў вёску нарыхтоўшчыкi садавiны, якую ў гаспадароў закуплялi оптам, плацiлi такiя-сякiя грошы. Яблыкi iшлi на пладовае вiно, якое вырабляў невялiкi вiнзавод, што куродымiў у райцэнтры. Што там сталася, але завод прыкрылi. Казалi, у тым вiне было больш чарвякоў, чым вiтамiнаў. Таму сады цяпер не давалi прыбытку i стаялi без догляду. А дзе i высякалiся. Цi шмат старым людзям трэба тых яблыкаў i дуляў.

I толькi ў Макара Пiлiпавiча сад кучаравiўся дагледжанымi, абрэзанымi па навуцы яблынямi i строма глядзеў у неба вастра-верхiмi грушамi. На сад валошкаўскi дбайца ўскладаў вялiкую надзею.

Надзея гэта сагрэла сэрца Макара Пiлiпавiча пасля таго, як яго, ветэрана вайны, запрасiлi на сустрэчу з выхаванцамi дзiцячага дома. Стаiць той дом яшчэ з даваенных часоў у лагчынцы памiж двума пакатымi ўзгоркамi, у атачэннi старых дубоў i клёнаў. Поблiз дома – шырокая сажалка, за ёю – векавы бор. Мясцiна адметная.

Пасля выступлення Макар Пiлiпавiч доўга гутарыў з дырэктарам, выхавацелямi. Яго цiкавiла, чым займаюцца выхаванцы апроч вучобы ў школе, якi ў iх лёс пасля выпуску з дзiцячага дома, дзе ўладкоўваюцца, як жывуць. Не ўсе ж паступаюць у iнстытуты i тэхнiкумы.

— Далёка не ўсе, — пагадзiўся дырэктар. – Хлопцы ўладкоўваюцца механiзатарамi ў навакольныя гаспадаркi. У нас такi профiль. Ёсць сваё поле, ёсць майстэрня i два трактары. Не новыя. Iх спiсалi i аддалi нам, а мы самi адрамантавалi. Дзяўчаты iмкнуцца ў горад на фабрыкi i ў гандлёва-кулiнарную абслугу. А каторыя дык iдуць на фермы даяркамi. Цяпер у жывёлаводаў заробак неблагi...

— Ну а разбiць пладовы сад вы не спрабавалi? – павярнуў на сваё Макар Пiлiпавiч. – Сад дае не толькi плады, ён для душы...

— Быў калiсьцi сад, але вымерз, ад яго засталося толькi некалькi дзiчак.

— Тады прыязджайце да мяне ў Валошкi па яблыкi. Платы не трэба. Прэзент дзецям... Дый дзяцей на экскурсiю прывозьце. Пахо-дзяць па маiм садзе, па нашых Валошках. Няхай пабачаць, якiя прыгожыя ў нас мясцiны, не горшыя, чым тут у вас.

Дырэктар недаверлiва хмыкнуў:

— Вы маеце на ўвазе яблыкi на спробу? Ну кошык, два?

Макар Пiлiпавiч усмiхнуўся, зразумеўшы сумненне дырэктара:

— У вас ёсць конь i падвода. Дайце каманду, каб хлопцы збiлi скрынкi, i прыязджайце. Возьмеце, колькi конь павязе. У мяне сад вялiкi. Пачнём з летнiх гатункаў. А там пабачым...

На восень дамовiлiся аб парытэтным абмене. Макар Пiлiпавiч дае дзiцячаму дому яблыкi, грушы, слiвы, такую-сякую гароднiну, бульбу. Дзiцячы дом пасылае ў Валошкi хлопцаў i дзяўчат рамантаваць i збiваць новыя скрынкi, збiраць даспелыя яблыкi i грушы, капаць бульбу. На будучае Макар Пiлiпавiч меркаваў заняць пад бульбу з паўгектара – балазе ў Цераха былi конь i плуг, а вакол нямерана пуставала безгаспадарных падворкаў з зарослымi пустазеллем агародамi.

Макару Пiлiпавiчу не было клопату з таго, што яго сядзiба стане ледзь не падсобнай гаспадаркай дзiцячага дома. Галоўнае, ён у абязлюдзелым селiшчы будзе пры справе. А яшчэ ў яго намецiлася патаемная задумка адрадзiць Валошкi. Паступова флёр патаемнасцi растаў, i акрэслiўся выразны план. I ён пачаў асцярожную атаку на дырэктара дзiцячага дома. Ну сапраўды, чаму выхадцы з дзiцячага дома разбягаюцца па далёкiх гарадах i аграгарадках? А чаму б каму-нiкаму з iх не сялiцца ў Валошках? Хаты i ўсе гаспадарчыя прыбудовы, хоць i запушчаныя, але вось яны, ва ўсiх канцах i ў цэнтры Валошак. Няхiтрая справа — навалiцца талакой i зрабiць там рамонт. Што такое сялянская талака, выхаванцы дзiцячага дома добра ведаюць з парасказванняў Макара Пiлiпавiча. Ды i валошкаўцы, якiя не пакiнулi свой родны кут, дапамогуць. Сталых жыхароў ня-шмат, але ж усё людзi гаспа-дарлiвыя, здольныя да цяслярскай i сталярскай работы.

Дырэктар абяцаў падумаць. А падумаўшы, параiў Макару Пiлiпавiчу, якi чарговы раз наведаўся ў дзiцячы дом:

— Гутарце з хлопцамi. Гутарце з дзяўчатамi. Адным словам, агiтуйце i разлiчвайце на дабравольцаў. Сiлком заганяць iх у вашы Валошкi я не буду. Гэта нашы дзецi. I калi перад iмi расчыняюцца дзверы ў самастойнае жыццё, яны маюць права выбару. Мы толькi абавязаны дапамагчы iм з уладкаваннем.

Адзiн кандыдат на засяленне ў Макара Пiлiпавiча ўжо намецiўся. Толiк... Анатоль Вераснёў... Ён зваў Макара Пiлiпавiча дзядунем, i гэта вельмi сагравала душу старому чалавеку.

— Дзядуня, пакажы, як ты робiш прышчэпку на пупышку?

— Дзядуня, навошта табе яблынi-карлiкi? На iх жа яблыкаў меней, чым на вялiкiх...

I гэтак за кожным наведваннем. А наведваўся Толiк у Валошкi часта, i не проста ў вёску, а iменна да Макара Пiлiпавiча. Яго цiкавiла работа ў садзе. Аднойчы Макар Пiлiпавiч убачыў, як Толiк, абняўшы ствол яблынi, гутарыў з ёю, бо паверыў свайму настаўнiку-садаводу, што дрэвы жывыя i разумеюць мову i ласку. Калi з дрэвам гутарыш ласкава, яно аддзячыць...

Дапытлiвы хлапчына дазнаўся, што ў вёсцы дзядуню Вiльчака завуць Акадэмiкам Вiльямсам. I ён, калi яны чарговы раз сядзелi ў альтанцы i гутарылi, папытаўся:

— Дзядуня, а хто такi Вiльямс? Чаму цябе называюць Акадэмiкам Вiльямсам?

Макар Пiлiпавiч задуменна ўсмiхнуўся. Потым падумаў-падумаў i адказаў:

— От калi паступiш у сель-гасакадэмiю цi мар’iнагорскi тэхнiкум i будзеш добра вучыцца, то дазнаешся, хто такi Вiльямс, i пачнеш чытаць яго разумныя кнiгi. А потым вернешся ў Валошкi аграномам i будзеш лячыць нашу спустошаную зямлю, – зноў памаўчаў i пiльна глянуў Толiку ў вочы: – А наш сад не забудзеш, не дапусцiш, каб такая прыгажосць здзiчэла?

— Не дапушчу...

— Калi так, то ўсё пойдзе ладам. Жыць будзеш у маёй хаце. Яна яшчэ моцная, не аднаму пакаленню паслужыць...

У пачатку лета, пасля школьных выпускных экзаменаў, у Валошках адшумела талака. Прывялi да ладу два падворкi, якiя некалькi гадоў слепа глядзелi на вулiцу вокнамi, накрыж забiтымi дошкамi. Адна хата прызначалася для паўналетнiх выпускнiкоў школы Алеся i Алесi, якiя наважылiся стварыць маладую сям’ю i шукалi работу ў суседнiх Пранчанах. Алесь разлiчваў сесцi на трактар. Алеся рабiла захады, каб уладкавацца ў цырульню быткамбiнатаўскага фiлiяла. Яна ўжо налаўчылася рабiць прычоскi дзетдомаўскiм кавалерам. Другую хату заняў былы дзетдомавец, якi ўжо два гады працаваў слесарам у калгаснай майстэрнi i меў жонку i маленькага сынка.

Макар Пiлiпавiч цяпер кожны вечар выходзiў на вулiцу i безмiгутна глядзеў на вокны гэтых дзвюх хат, якiя абжывалi навасельцы. З вокнаў на ўтравянелую дарогу клалася жаўтлявае электрычнае святло.

Стары вясковы Акадэмiк жыў надзеяй, што гэтак жа засвецяцца вокны iншых пустых хат i настане досвiтак, калi ў Валошках пачнуць галасiста пераклiкацца пеўнi-забiякi, а пераемнiк Цераха пачне па вясковым радыё склiкаць валошкаўцаў на развод.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter