Ксёндз Кірыл Бардонаў: Вакцынацыя - клопат пра сябе і бліжніх

Працяг пандэміі каронавіруса ставіць пытанне аб тым, ці трэба згаджацца на вакцынацыю. На гэту тэму ў інтэрнэце, газетах і на тэлебачанні сустракаецца нямала спекуляцый. Які погляд Касцёла на пытанне?

Адна з дзесяці Божых запаведзей гучыць так: «не забівай». Здаецца, мала хто з нас мае праблемы з яе выкананнем, бо забіццё чалавека — злачынства, якое рэдка адбываецца. Аднак гэту запаведзь магчыма парушыць па-іншаму, напрыклад, калі мы неабдумана рызыкуем сваім жыццём, перавышаючы дазволеную хуткасць на аўтамабілі ці купаючыся там, дзе гэта забаронена.

Вельмі часта мы парушаем запа­ведзь «не забівай», калі не клапоцімся пра здароўе сваё і іншых. Калі свое­часова не звяртаемся па дапамогу да дактароў, не прыслухоўваемся да іх парад, вядзём нездаровы лад жыцця, то паступова свядома забіваем сябе.

Вельмі абвастрылася пытанне аб захаванні здароўя падчас пандэміі каронавіруса. Яна яшчэ раз паказала нам, што ў часы вялікіх дасягненняў навукі і прагрэсу ўсяго чалавецтва людзі наіўна вераць у самыя абсурдныя тэорыі. Колькі мы чулі версій пра тое, як трэба сябе паводзіць падчас пандэміі, ад розных юрыстаў, кінакрытыкаў, будаўнікоў, прадаўцоў і г.д. Кожны чалавек можа мець сваё меркаванне на якую-небудзь тэму, але найбольш аўтарытэтнымі ў пытаннях здароўя, несумненна, з’яўляюцца меркаванні медыкаў, эпідэміёлагаў, усіх тых, хто выказваецца, абапіраючыся на даказаныя факты.

Важным стрымліваючым фактарам пандэміі з’яўляецца вакцынацыя. Прышчэпка ад каронавіруса вельмі даступная, але многія ставяцца да яе негатыўна. Колькасць галасоў супраць вакцынацыі можа быць вельмі вялікай. Але наколькі гэта кампетэнтныя галасы? Можна падумаць, што адмова ад прышчэпак з’яўляецца праяўленнем супраціўлення ўсяму новаму. Аднак вакцынацыя як спосаб змагання з хваробамі шырока практыкуецца з XVIII стагоддзя.

Бог даў чалавеку розум. І ў пытанні вакцынацыі неабходна абапірацца не на эмоцыі, а на рацыянальныя высновы аб тым, што прышчэпка можа зменшыць рызыку нашага захворвання, зменшыць колькасць заражаных, памерлых і нагрузку на медыкаў. Уявім сабе сітуацыю, калі з-за вялікай колькасці хворых камусьці з нашых блізкіх не хопіць месца ў бальніцы або сродкаў інтэнсіўнай тэрапіі. Усяго гэтага можна пазбегнуць пры актыўнай вакцынацыі.

У самім Ватыкане адкрыты пункт вакцынацыі для людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, а дабрачынныя каталіцкія арганізацыі спрыяюць бясплатнаму распаўсюджванню вакцын у бедных краінах. Папа рымскі Францішак назваў саму вакцынацыю і дапамогу людзям у яе рэалізацыі жэстам любові: «Вакцынацыя — гэта просты, але глыбокі спосаб спрыяння агульнаму дабру і клопату адно пра аднаго, асабліва пра найбольш уразлівых».

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter