Урачыстасць Усіх Святых

Святар Кірыл БардонаЎ, сакратар Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Святар Кірыл БардонаЎ, сакратар Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Першага лістапада каталікі аддаюць пашану людзям, якія знаходзяцца на нябёсах і якіх прынята называць святымі

Ва ўрачыстасць Усіх Святых успамінаюць не толькі тых, хто быў афіцыйна абвешчаны святым або блаславёным, але і невядомых нам святых. Можна сказаць, што першага лістапада ўшаноўваюцца адразу ўсе тыя, хто здабыў вечнае шчасце.

Карані дня Усіх Святых ідуць у IV стагоддзе. Тады ў Антыёхіі ўшаноўвалі памяць шматлікіх пакутнікаў, імёны якіх не былі вядомыя. У 610 годзе, калі Папа Баніфацый IV атрымаў ад імператара Рымскай імперыі старажытную язычніцкую святыню Пантэон, туды былі перанесены шматлікія рэліквіі пакутнікаў, і гэты будынак быў асвечаны як храм Маці Божай Пакутнікаў. З датай гэтай падзеі было звязана рымскае свята Усіх Святых. Спярша ўшаноўваліся толькі Дзева Марыя і тыя, хто памёр за веру. У наступныя стагоддзі ўзнік культ “вызнаўцаў” — духоўных пакутнікаў. Гэтак жа, як пакутнік станавіўся сведкам Хрыста сваёю смерцю, так вызнаўца даваў сведчанне сваім жыццём.

Узнікае пытанне: навошта ўспамінаць святых? Адказ можна пачаць з таго, што такім чынам мы ўшаноўваем іх памяць, гэтак жа, як мы ўшаноўваем памяць блізкіх нам людзей і выбітных асоб. Мы аддаем пашану іх святасці, якая для нас з’яўляецца прыкладам.

Паўстае іншае пытанне: а што з маёй асабістай святасцю? Пасля таго як мы прачытаем біяграфіі святых, святасць можа нам падацца чымсьці недасяжным. Так можа адбыцца з той прычыны, што ў гэтых жыццярысах мала гаворыцца пра натуральныя чалавечыя рысы таго, хто быў абвешчаны святым. Можна, апраўдваючыся, сказаць, што мы жывём у іншых умовах, чым даўнія святыя. Аднак святасць заўсёды тая самая. Таму кожны чалавек няспынна чуе ціхі голас, які кажа яму: няхай у тваім жыцці будзе менш зла і больш дабра.

Апошнім часам у Беларусі пачалі з’яўляцца праявы чужых звычаяў, не характэрныя для нашай культуры. З кожным годам у нашай краіне ўсё больш шырока адзначаецца так званы Хэлоўін. Традыцыя Хэлоўіна ўзнікла ў дахрысціянскія часы ў асяроддзі старажытных кельтаў. Яны лічылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада духі памерлых вяртаюцца ў свае былыя дамы, каб наведаць жывых. Каб цалкам адысці ад язычніцкага святкавання смерці, у ІХ стагоддзі ўрачыстасць Усіх Святых была перанесена з Велікоднага перыяду на першае лістапада. Сама назва “хэлоўін” (англ. halloween) паходзіць ад словазлучэння All Hallow Evening — вечар Усіх Святых.

Наступны дзень пасля ўрачыстаці Усіх Святых, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну памерлых вернікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter