Гаврилович: у кого Отчизна в сердце, тот не будет отсиживаться в кустах, пока пишется сегодняшняя история

Уладзімір Гаўрыловіч: «Сумленне ў пісьменніка на першым плане»

Творца пераконвае чытача: у каго Айчына ў сэрцы, той не будзе адседжвацца ў кустах, пакуль пішацца сённяшняя гісторыя

Супала адразу некалькi iнфападстаў, каб пагутарыць з вядомым у нашай краiне i за яе межамi палешуком. Гэта пiсьменнiк Уладзiмiр Гаўрыловiч. Празаiк, публiцыст, драматург, аўтар 36 кнiг. Стаяў ля вытокаў стварэння i амаль два дзясяткi гадоў узначальвае Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Лаўрэат шматлiкiх лiтаратурных прэмiй, уладальнiк медаля Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч культуры Беларусi. Галоўная тэма яго творчасцi — Радзiма, просты чалавек, але ў незвычайных абставiнах. З асаблiвым пачуццём пiша пра Айчыну, яе даўнюю гiсторыю, шчыра хвалюецца за захаванне гiстарычнай праўды.


— Уладзiмiр Мiкалаевiч, сёлетнi Дзень Незалежнасцi вам, мабыць, запомнiцца надоўга: на галоўнай святочнай сцэне рэгiёна вы былi ўдастоены звання «Чалавек года Гомельшчыны» ў намiнацыi «Лiдар». Пра што думалi ў той момант, калi ўзнагароду ўручаў старшыня аблвыканкама Іван Крупко?

  — Надта хваляваўся. У моманты прызнання вынiкаў тваёй працы думаеш пра сябе вельмi крытычна: а можа, i не заслугоўваеш? Памятаю словы нябожчыцы-мацi: калi ў чалавека ёсць сумленне, то ён заўсёды будзе хвалявацца, саромецца… Лiчу, што сумленне ў пiсьменнiка павiнна заўсёды быць на першым плане.

— Тэмы Вялiкай Айчыннай вайны, самаахвярнасцi, гераiзму i здрады, веры i надзеi, дабрынi i чалавечнасцi ў вашай творчасцi асаблiва знакавыя. У адным са сваiх апошнiх раманаў «Па веры вашай…», прадстаўленым на Нацыянальную лiтаратурную прэмiю, здзiўляеце чытача глыбокiм пранiкненнем у мiнуўшчыну i сучасным поглядам на грамадска-палiтычныя падзеi. Без гiсторыi няма будучынi — вы гэта хацелi паказаць?

— І гэта таксама. Увогуле твор шматпланавы. Нам нельга забывацца на свае каранi. Мусiм ведаць, што было да нас, i калi выбiраем свой жыццёвы шлях, не паўтараць памылак мiнулага.
Падзеi рамана-версii разгортваюцца ў 2022 i 2023 гадах у Беларусi i Расii, а таксама дзесяць стагоддзяў таму ў сталiцы Кiеўскай Русi i Тураўскiм княстве. Галоўныя героi ў розныя часы вымушаны абараняць сваю веру, род, сям’ю, гiстарычную памяць шматпакутнай зямлi.
Яны адказваюць на няпростыя пытаннi, якiя нараджае перад нашай краiнай, перад кожным з нас час. І як мне падаецца, асноўнае тут — застацца чалавекам.

— Галоўны герой рамана пiсьменнiк Яўген Кавенька адстойвае подзвiгi бацькоў i дзядоў у савецкi перыяд, у час вайны, лiчыць немагчымым дапусцiць нават думку дараваць фашысцкiм прыхвасням-палiцаям за ўчыненае на нашай зямлi. Ён не толькi пiша патрыятычны твор, але i дыскутуе з моладдзю. Тлумачыць, што Беларусь — краiна герояў.

— Пераконваю чытача: адседжвацца ў кустах, пакуль пiшацца сённяшняя гiсторыя, не атрымаецца, калi ў цябе Беларусь у сэрцы.
Сапраўдны творца павiнен жыць iнтарэсамi дзяржавы, грамадства i тлумачыць сваiм чытачам усе працэсы, якiя навокал адбываюцца.
Дарэчы, у 7‑м i 8‑м нумарах часопiса «Полымя» надрукаваны працяг твора — новы раман-версiя «Любi блiжняга твайго…». Вядомыя чытачу героi разумеюць, што ў кожнага чалавека заўсёды ёсць права выбару. Нават у самыя страшныя хвiлiны застаюцца як мiнiмум два рашэннi. Часам гэта выбар памiж жыццём i смерцю. Страшнай смерцю, якая дазваляе захаваць гонар i сумленне, i доўгiм жыццём у страху, што калi-небудзь стане вядома пра тое, якiм коштам яно набыта. А яшчэ памiж сумленнасцю i здрадай, верай i нявер’ем… Гэтымi творамi я сцвярджаю простую iсцiну: чалавек створаны Богам для шчасця, а не для вынiшчэння сабе падобнага.

— За першы раман трылогii «Палешукi» вас адзначылi Рэспублiканскай лiтаратурнай прэмiяй за лепшы мастацкi твор у галiне прозы ў 2008 годзе. Якiя ж яны — палешукi Уладзiмiра Гаўрыловiча?

— Раманы пiсалiся 20 гадоў. Трылогiя «Палешукi» мае прысвячэнне — «Дзядам, бацькам, роднай зямлi». Гэта данiна памяцi i павагi пакаленням, якiя прайшлi праз няпростыя перыпетыi ХХ стагоддзя. Мае палешукi — звычайныя, простыя беларусы, цягавiтыя працаўнiкi з адметнай самабытнай культурай, традыцыямi. Я iх люблю…

— У вашай аповесцi «Святая Параскева» мацi дамаглася перазахавання ў адну магiлу са сваёй раднёй забiтай падчас вайны дачушкi, якая скрозь дзесяцiгоддзi не сатлела ў сухiм жвiры. Калi жанчына дакранулася да цела, яно неўзабаве пачало рассыпацца. Гэта рэальная гiсторыя? Наколькi часта ў вашых творах за аснову бралiся рэчаiсныя падзеi?


— Так, «Святая Параскева» пiсалася на аснове рэальнага факта. Большасць маiх кнiг створана на дакументальных матэрыялах. Само жыццё дорыць пiсьменнiку сюжэты, толькi будзь уважлiвым з людзьмi i да людзей.

— У сваёй творчасцi робiце акцэнт на маральных каштоўнасцях, а не на матэрыяльных выгодах. Гэтым прынцыпам кiраваўся i ваш дзед, якi адзiн з апошнiх у спаленай фашыстамi вёсцы пабудаваў сабе хату. Раней як старшыня калгаса дапамог адбудавацца ўсiм удовам. Такiх герояў у вас большасць?

— Мае героi розныя. Але найперш цiкава пiсаць пра простага чалавека, неабыякавага да шчасця i гора чужых людзей, з творчай душой, неардынарнага. З гадамi лаўлю сябе на думцы: радуюся кожнай сустрэчы з людзьмi, якiя шмат бачылi i перажылi на сваiм веку. Пагутарыш з iмi — нiбыта глыток жывой вады вып’еш…

— Вы знаёмы i расiйскаму чытачу. Новы твор — драматычная аповесць «Я таксама сын чалавечы…» («Кабардзiнская легенда») — нядаўна выйшаў асобнай кнiжкай пры падтрымцы прэзiдэнцкага фонду культурных iнiцыятыў РФ…

— Штогод у Растоўскую вобласць важу нашых беларускiх юных талентаў на моладзевы фестываль-конкурс паэзii i паэтычных перакладаў «Берагi дружбы». Летась менавiта там адкрыў для сябе выдатнага кабардзiна-балкарскага паэта Алi Шагенцукава. Вялiкi адыгеец закатаваны ў лiстападзе 1941‑га ў адным з канцлагераў Бабруйскай крэпасцi.
Я напiсаў твор пра апошнiя днi яго гаротнага жыцця. Падзеi адбываюцца ў Нальчыку, перасыльным лагеры ў Гомелi i ў Бабруйскай крэпасцi.
Першымi аповесць прачыталi родныя Алi Асхадавiча, а кiраўнiцтва фестывалю «Берагi дружбы» вырашыла яе выдаць, пра што вы i згадалi. Дарэчы, першая прэзентацыя адбылася напрыканцы лiпеня ў Таганрогскiм педагагiчным унiверсiтэце iмя А. П. Чэхава.

— Чарговая прыемная навiна: ваш лiтаратурна-мастацкi культурна-асветнiцкi праект — мiжнародны альманах «Лiтара. Литера. Лiтера» — адзначаны галоўным прызам ХIV Мiжнароднага славянскага лiтаратурнага форуму «Залаты Вiцязь». Альманах адлюстроўвае шчырае служэнне гiстарычнаму адзiнству брацкiх народаў.

— Днямi атрымаў запрашэнне на знакавы славянскi форум ад народнага артыста Расii Мiкалая Бурляева. Форум адбудзецца ў кастрычнiку. Калi пяць гадоў таму пачаў выпускаць альманах на рускай, беларускай i ўкраiнскай мовах, дбаў не пра ўзнагароды. Найперш думаў аб’яднаць пад адной вокладкай славянскiя таленты, што завiтваюць да нас на мiжнародны фестываль «Славянскiя лiтаратурныя дажынкi». Хацелася, каб з iх творамi пазнаёмiлася як мага больш чытачоў. І раптам адна з самых прэстыжных творчых узнагарод... Калегi вiншуюць: тваё «дзiця» адпавядае дэвiзу «За маральныя iдэалы, за ўзвышэнне душы». А мне неяк няёмка: альманах, па сутнасцi, праца не толькi яго стваральнiка, але i соцень маiх калег.

— У кожным часе ёсць свае героi. Гэта асобы, якiя ўвабралi ў сябе ўсе праблемы i асаблiвасцi эпохi, найлепшым чынам адлюстроўваюць навакольнае жыццё. А герой нашага часу — хто ён? Якiмi рысамi характару валодае?

— Гэта чалавек, якi нiколi не здрадзiць бацькам, прадзедам, сваёй Радзiме.

— Нацыянальная лiтаратурная прэмiя заснавана ў 2015 годзе, пра прозвiшчы пераможцаў даведваемся на грандыёзным свяце беларускага пiсьменства. Наколькi прэстыжная i аўтарытэтная яна ў лiтаратурным асяроддзi?

— Калi аўтары яе хочуць атрымаць, удзельнiчаюць у конкурсе, то яна, безумоўна, прэстыжная. Аднак у плане папулярызацыi твораў, адзначаных лаўрэацкiм дыпломам, у iнфармацыйнай прасторы робiцца далёка не ўсё. Трэба, каб пра твор гаварыла ўся краiна, калi гэта сапраўдная з’ява ў мастацкай лiтаратуры.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter