На старонках газеты ў чэрвеньскія дні пераможнага 1945 года шмат месца адведзена публікацыям пра ўзнаўленне мірнага жыцця, народнай гаспадаркі: «У Поразава Гродзенскай вобласці адкрыўся новы гукавы кінатэатр. Яго зал умяшчае 200 чалавек. Насельніцтва райцэнтра і жыхары бліжэйшых вёсак ужо прагледзелі фільмы «Зоя», «Паветраны возчык», «Чапаеў» і іншыя. А ў Дунілавічах Віцебскай вобласці толькі пачалося будаўніцтва кінатэатра на 450 месцаў. Адкрыць яго плануецца да Кастрычніцкага свята».
«Днепрабугскі канал быў амаль цалкам разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За кароткі тэрмін пасля вызвалення рэспублікі работнікі аднаўленчых атрадаў прывялі ў спраўнасць усе асноўныя гідразбудаванні канала, паднялі і адрамантавалі затоплены флот, ачысцілі трасу ад завалаў, аднавілі парты і значную частку жыллёвага фонду. Асабліва добрыя ўзоры працы паказваюць атрады, дзе начальнікамі таварышы Касабокаў і Грынёў».
«Перад кожным селянінам паўстала вельмі адказная задача — атрымаць ад зямлі ўсё, што яна можа даць. Як вядома, своечасова і добраякасна праведзеная сяўба — толькі пачатак справы. Наступіў адказны перыяд догляду пасеваў. Ад гэтага і будзе залежыць колькасць атрыманага ўраджая. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што за гады фашысцкай акупацыі глеба апрацоўвалася вельмі дрэнна. Нельга забывацца і на ўраджай будучага года. Гутарка ідзе пра ўздым папара, які мае выключнае значэнне для ўраджая азімых культур. Таму побач з сенакашэннем, падрыхтоўкай да ўборкі хлябоў, трэба ўзняць папары, высокаякасна ўзараць і апрацаваць глебу. Знатныя трактарысты рэспублікi Васіль Лобан і Васіль Сакалоўскі з Цімкавіцкай МТС Бабруйскай вобласці (на здымку) паспяхова выконваюць усе патрэбныя землеапрацоўчыя работы».
«Да масавай сенаўборкі засталіся лічаныя дні. Нарыхтоўка сена — адно з важнейшых мерапрыемстваў па забеспячэнні жывёлагадоўлі кармамі. Як даказваюць навуковыя даныя, галоўная ўмова атрымання спажыўнага сена — не спазняцца з сенакашэннем. Позна ўбранае сена мала чым адрозніваецца ад саломы, бо страта спажыўных якасцей даходзіць да 40 працэнтаў, а ў іншы раз і больш. Перад нарыхтоўкай трэба скласці кармавы баланс з улікам патрэбы на ўвесь стойлавы перыяд. Па нормах на аднаго каня — 40 цэнтнераў, на галаву буйной рагатай жывёлы — 26 цэнтнераў, на авечку — 5 цэнтнераў».
Старшы аграном Скідзельскага раёна Е. Атаназевіч дзяліўся вопытам са старонак газеты: «Амаль каля чатырох дзясяткаў гадоў на тэрыторыі цяперашней Гродзенскай вобласці праводзіліся вопыты па ўкаранэнні культуры цукровага бурака. Мною асабіста ў 1911—1913 гадах былі праведзены вопыты пасадкі бурака ў вёсках Сухаўляны, Некрашы, Рэўкі, Жыдомля, Каўшова, Галавачы, Тоўсцікі, Стрэльцы, а таксама ў маёнтках Скідзель, Кашубінцы, Котра, Брошкаўцы. Па выніках аказалася, што цукравітасць у нашых буракоў даходзіла да 22 працэнтаў. Наша работа, якая была пачата ў тыя далёкія гады, атрымала сваё канчатковае завяршэнне толькі сёлета, калі на палях Гродзенскай вобласці выдзелена пад пасевы бурака 5 тысяч гектараў. Але да гэтай праблемы ў Беларусі звяртаюцца не ўпершыню. Каля 1835 года на тэрыторыі Беларусі ўжо існавалі цукровыя заводы — па аднаму ў былых маёнтках Понімуць Гродзенскага павета, Мір Навагрудскага павета і ў Гомелі, у маёнтку графа Паскевіча. І гэта яшчэ адзін доказ таму, што на беларускай зямлі цукровы бурак расці можа. І сёння ад гэтай культуры беларуская сельская гаспадарка чакае многае. Яна дае селяніну не толькі цукар, але і жом, і мяласу — каштоўныя кармавыя прадукты для жывёлагадоўлі».
«Бацькоўскія клопаты праяўляюць сяляне Брэсцкага раёна аб дзецях-сіротах, бацькі якіх загінулі, абараняючы Радзіму. Толькі за апошні час яны сабралі і перадалі дзетдому 8 тысяч штук яек, 15 кілаграмаў тлушчу, 25 пудоў круп, сотні літраў малака і шмат рознай гародніны. Жонкі супрацоўнікаў Наркамата Дзяржаўнай Бяспекі для сірот пашылі 14 касцюмаў, сабралі ім іншыя падарункі. Грамадскія работніцы Кавальчук, Пастухова, Аксіновіч, Сікорская і іншыя пашылі для дзіцячага дома 37 прасцін, 76 навалачак, 15 сарочак, некалькі дзясяткаў фіранак і сурвэтак».
Падшыўкі гартала Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»
bolshakova@sb.by