Фильм канала «Беларусь 3» отметили на фестивале «Вечевой колокол», а в «Кадры жизни» заглянет Николай Опиок

У кадры, за кадрам i ў майстэрнi

Чарговай узнагародай папоўнілася творчая скарбонка тэлеканала «Беларусь 3». Дакументальны фільм Сяргея Кацьера «У кадры і за кадрам. Кінааператар Анатоль Забалоцкі» стаў дыпламантам XXV Кубанскага фестывалю праваслаўных фільмаў «Вечавы звон». Сардэчна віншуем усю каманду праекта! Віншаванні таксама можна даслаць і творчай групе папулярнага тэлепраекта «Кадры жыцця», якая запрасіла ў госці на размову Мікалая Апіёка. Творца рэдка пакідае майстэрню, але для канала «Беларусь 3» зрабіў выключэнне. Выпуск з Мікалаем Апанасавічам можна паглядзець у панядзелак, 20 лістапада, у 18:00.

Шмат карцін мастак Мікалай АПIЁК прысвяціў гісторыі Беларусі і яе знакавым асобам.

Аператар не аратар

Белтэлерадыёкампанія працягвае знаёміць замежных гледачоў з праектамі сваіх каналаў. Сёлета XXV Кубанскі фестываль праваслаўных фільмаў «Вечавы звон», які ладзіўся на пачатку лістапада ў Краснадары, стаў пляцоўкай для паказу прыкладаў сучаснага дакументальнага кіно і мастацкай публіцыстыкі канала «Беларусь 3». Самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы прывезла на кінафорум два праекты: цыкл фільмаў пра беларускую таленавітую моладзь «Новыя людзі» і дакументальную стужку «У кадры і за кадрам. Кінааператар Анатоль Забалоцкі», якая ўдзельнічала ў асноўнай праграме фестывалю і атрымала дыплом у намінацыі «Лепшы фільм аб адданасці ў служэнні мастацтву».

Дзевяць гадоў Анатоль Забалоцкі прысвяціў «Беларусьфільму». Ён працаваў разам з Юрыем Марухіным, Барысам Сцяпанавым, Віктарам Туравым, Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым ды іншымі знакамітымі творцамі. Фільм пра Забалоцкага быў створаны ў 2022 годзе аўтарам, рэжысёрам і прадзюсарам Сяргеем Кацьерам у сааўтарстве з рэжысёрам Юрыем Цімафеевым. За гэты час карціна атрымала прызнанне і ўзнагароды ўжо на некалькіх міжнародных кінафорумах. Сяргей Кацьер дапаўняе:

— Гэта фільм пра легенду савецкага кінематографа. Анатоль Забалоцкі — таленавіты кінааператар, выдатны фотамастак, цікавы пісьменнік і чалавек са складаным лёсам, са складанымі адносінамі да мастацтва. Ён працаваў над стужкамі, якія сталі сапраўднай класікай кіно: «Каліна чырвоная», «Печкі-лавачкі», «Альпійская балада», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і шмат іншых. Але не кожнаму Анатоль Дзмітрыевіч пойдзе насустрач, адкрые свае сэрца і душу. Ведаеце, як у нас кажуць: аператар не аратар. Аператары ўвогуле не любяць размаўляць, яны збольшага маўклівыя людзі. Але нам Забалоцкі раскрыўся. Таму фільм атрымаўся глыбокім, напоўненым цікавымі разважаннямі героя.

Нагадаем, міжнародны фестываль «Вечавы звон» прысвечаны кінатворам, якія ўздымаюць вострыя філасофскія і маральныя пытанні, спрыяюць умацаванню духоўных і сямейных каштоўнасцей, выхоўваюць маладое пакаленне ў духу патрыятызму і грамадзянскасці.

Тэма, якая баліць

У 2020-м Мікалай Апіёк адзначыў 85-гадовы юбілей. Шмат гадоў ён узначальвае Студыю ваенных мастакоў, якая развівае ваенна-гістарычныя і героіка-патрыятычныя тэмы ў выяўленчым мастацтве. Ля вытокаў стварэння студыі стаяў народны мастак СССР і Беларусі Міхаіл Савіцкі, чалавек, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну і ў сваіх творах расказваў пра адну з самых драматычных эпох у гісторыі чалавецтва. Сёння творчае аб’яднанне нельга ўявіць без Мікалая Апанасавіча. Усе яго творы прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны, але батальных сцэн ён амаль ніколі не піша. Чаму? Мікалай Апанасавіч разважае:

— Лічу, што перыяд паказу ваенных падзей даўно скончыўся. Гэта рабілі мастакі-франтавікі, якія прыйшлі з вайны, і я абсалютна згодны з той дакументалістыкай, якая была ў нашым мастацтве перыяду 1945–1975 гадоў. Але пасля прыйшло новае пакаленне — маё. Мне было пяць, калі я даведаўся, што такое вайна і «кацюша», хто такі Жукаў і хто такі нацыст... Нацыста мне нават давялося памацаць рукамі: ён даў мне выспятка. Мы прайшлі вайну не як салдаты — у нас былі рамантыка дзяцінства і страх. Мы збіралі зброю забітых чырвонаармейцаў, хавалі аўтаматы ў кустах. Першая мая карціна на тэму вайны — «Купалле 1941 года». Быў час, калі гэта свята адзначалася ў кожнай вёсцы. Але у 1941-м гэта было ўжо не тое… Вогнішча было зусім маленькім, бо як зрабіць яго вялікім, калі ў небе гудуць самалёты?..

Партрэтная галерэя ў Мікалая Апіёка таксама вялікая. Ён маляваў Уладзіміра Мулявіна, рэжысёра Міхаіла Пташука, кампазітара Ігара Лучанка, касманаўта Алега Навіцкага, акцёра Генадзя Аўсяннікава…

— Заўсёды пішу з натуры, а значыць, толькі тых, каго ведаю асабіста. Інакш не магу. З Мулявіным, напрыклад, я пазнаёміўся ў 1966 годзе, калі яны з братам Валерам прыехалі ў Гродна на гастролі, — тады гурт называўся «Лявоны». Помню, гулялі мы з імі дні тры!.. А акцёр Арнольд Памазан прыходзіў да мяне пазіраваць проста ў касцюме пана Быкоўскага з «Паўлінкі», — успамінае мастак.

Акрамя таго, у праграме «Кадры жыцця» ён падзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства, пра першыя крокі ў прафесіі, а таксама раскажа малавядомыя факты пра Студыю ваенных мастакоў. Візуальным суправаджэннем размовы, як і заўсёды, стане паказ архіўных відэаматэрыялаў з фонду Белтэлерадыёкампаніі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter