Фільм канала «Беларусь 3» — дыпламант XXV Кубанскага фестывалю праваслаўных фільмаў «Вечавы звон»

Той самы Забалоцкі

Чарговая ўзнагарода ў творчай скарбонцы тэлеканала «Беларусь 3»: дакументальны фільм Сяргея Кацьера «У кадры і за кадрам. Кінааператар Анатоль Забалоцкі» стаў дыпламантам XXV Кубанскага фестывалю праваслаўных фільмаў «Вечавы звон», паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Фото пресс-службы Белтелерадиокомпании

Белтэлерадыёкампанія працягвае знаёміць замежных гледачоў з творчасцю сваіх каналаў. Сёлета міжнародны фестываль «Вечавы звон», які ладзіўся з 6 па 10 лістапада ў Краснадары, стаў пляцоўкай для паказу прыкладаў сучаснага дакументальнага кіно і мастацкай публіцыстыкі канала «Беларусь 3».

У межах кінафоруму аўдыторыі былі прадстаўлены праект пра беларускую таленавітую моладзь «Новыя людзі» і дакументальная стужка «У кадры і за кадрам. Кінааператар Анатоль Забалоцкі», якая ўдзельнічала ў асноўнай праграме фестывалю і атрымала дыплом у намінацыі «Лепшы фільм аб адданасці ў служэнні мастацтву».

Фільм створаны ў 2022 годзе аўтарам, рэжысёрам і пра­дзюсарам Сяргеем Кацьерам у суаўтарстве з рэжысёрам Юрыем Цімафеевым. За гэты час карціна атрымала прызнанне і ўзнагароды некалькіх міжнародных кінафорумаў.

— Гэта фільм пра легенду савецкага кінематографа. Анатоль Забалоцкі — таленавіты кінааператар, выдатны фотамастак, цікавы пісьменнік і чалавек са складаным лёсам, складанымі адносінамі да мастацтва. Ён працаваў над стужкамі, якія сталі класікай, — «Каліна чырвоная», «Печкі-лавачкі», «Альпійская балада», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і іншымі, — адзначае Сяргей Кацьер. — Анатоль Дзмітрыевіч валодае моцным характарам. І не кожнаму ён пойдзе насустрач, адкрые сваё сэрца, сваю душу. Ведаеце, як у нас кажуць: аператар — не аратар. Яны ўвогуле не любяць размаўляць, аператары з большага маўклівыя людзі. Але нам удалося паразумецца. Таму фільм атрымаўся глыбокім, напоўненым разважаннямі героя.

Міжнародны фестываль «Вечавы звон» прысвечаны кінатворам, якія ўзнімаюць вострыя філасофскія, светапоглядныя, маральныя пытанні, спрыяюць умацаванню духоўных, сямейных каштоўнасцей, выхоўваюць маладое пакаленне ў духу патрыятызму.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter