Амаль шэсць дзесяцігоддзяў жывуць дружнаю сям’ёю аснежыцкія жывёлаводы -- Герой Сацыялістычнай Працы Кацярына Ляснічая і яе муж-ардэнаносец Афет Ляснічы
Паўвека таму калгас “Аснежыцкі” славіўся на ўсю вялікую краіну вытворчымі дасягненнямі. На жывёлагадоўчай ферме “Аснежыцы”, якою загадваў Афет ЛЯСНІЧЫ, пры ручным даенні сярэднегадавы надой малака ад кожнай каровы перавышаў пяць тысяч кілаграмаў. А лідар спаборніцтваў Кацярына ЛЯСНІЧАЯ дасягнула сямітысячнага рубяжа і стала Героем Сацыялістычнай Працы.
Ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалямі ВДНГ СССР, шматлікімі граматамі і медалямі, ганаровым званнем заслужанага работніка сельскай гаспадаркі адзначаны працоўныя заслугі і яе мужа Афета Ляснічага, які пачынаў пастухом і тры дзесяцігоддзі ўзначальваў перадавую жывёлагадоўчую ферму.
Рашэннем Пінскага райвыканкама мужу і жонцы Ляснічым прысвоена званне ганаровых грамадзян Пінскага раёна. Яны і ганаровыя калгаснікі аснежыцкай гаспадаркі. Неаднаразова выбіраліся дэпутатамі абласнога і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Амаль трыццаць гадоў сямейная пара на заслужаным адпачынку. Слынных ветэранаў працы запрашаюць на ўрачыстасці калектыву, віншуюць са святамі, пры неабходнасці аказваюць дапамогу.
Стракаты певень, ускочыўшы на агароджу, залівіста гарланіў на ўсю вуліцу Аснежыц. Яго крык падхоплівалі гарэзы на суседніх падворках. Шумлівыя гракі, што вярнуліся з выраю, няспынна рамантавалі свае гнёзды на высокіх дрэвах. Яркія вясновыя промні зайчыкамі зіхацелі ў шкле вокнаў сялянскіх дамоў. Белага колеру мур, пабудаваны амаль паўвека таму на спадчыннай сядзібе Ляснічых, выдзяляўся сярод шэрых драўляных пабудоў. На месцы яго стаяла некалі маленькая хацінка з саламяным дахам, якую праігнаравалі гітлераўцы ў час вайны. Акупанты займалі больш прыкметныя вясковыя хаты. На падворак Ляснічых ворагі ўрываліся ў пошуках жыўнасці для харчавання.
Пасля вызвалення Аснежыц ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мясцовыя мужчыны папоўнілі франтавыя фарміраванні Чырвонай арміі. Разам з маладымі аднавяскоўцамі і Васіль Ляснічы адправіўся вызваляць еўрапейскія краіны ад фашыстаў. Па дарозе на фронт захварэў на тыф і памёр. Аўдавелая Сцепаніда засталася з траімі малымі сынамі. Як і іншыя салдацкія ўдовы, вяла хатнюю гаспадарку. На сабе дровы з лесу цягала, з сынамі-падлеткамі сена для каровы нарыхтоўвалі, зямлю абраблялі, бульбу саджалі, збажыну сеялі.
На другім канцы вёскі сіратою ў бабулі Зосі з шасці месяцаў падрастала Кацярынка Белавус, маці якой памерла маладою. Бацька Парфірый прывёў у хату мачыху Ганну з суседняй вёсачкі Рудавіна. У іх нарадзіліся два сыны, Мікалай і Сымон. І пра Кацярынку не забывалі бацька і мачыха. Спраўлялі ёй прыгожыя абноўкі. Але жыла дзяўчынка ў бабулі і ад яе пайшла ў першы клас пачатковай школкі, што адкрылася ў пасляваенны час. Настаўнік штораніцы прыходзіў з Пінска, а калі яму не ўдавалася дабрацца ў вёску, заняткі адмяняліся. Усе чатыры класы перапоўнілі вучні розных узростаў. Тры сыны салдацкай удавы Сцепаніды Ляснічай пераросткамі вучыліся пісаць і чытаць. З малых гадоў яны спасцігалі і сялянскую навуку на лузе, у полі, у сваёй гаспадарцы. Цешылі маці сваім уменнем і стараннем.
І вясковым дзяўчынкам хапала заняткаў. Разам з сяброўкамі Кацярынка вязала снапы ў полі, а потым і сама навучылася сярпом жаць. Пачатковую школу закончыла на выдатна і на гэтым сваю навуку спыніла. У шаснаццаць гадоў узяла на калгаснай ферме групу дойных кароў, якіх да прызыву на армейскую службу пасвіў Афет Ляснічы.
Механізацыі на ферме не было. На досвітку пачыналася дойка. Вёдрамі злівалі даяркі малако ў бідоны, і трактарыст адвозіў яго на сепаратар. Жанчыны кармілі і паілі свае групы жывёл, чысцілі стойлы. Тройчы на дзень даглядалі статак. Паспявала і да вясковай моладзі на скокі пад залівісты гармонік у калгасны клуб, што быў за некалькі кіламетраў у вёсцы Баяры.
Вабілі гулянкі і калгаснага пастуха Афета Ляснічага, які ўпадабаў даярку Кацярынку. Праводзіў дамоў у Аснежыцы. На ферме дапамагаў. У канцы зімы пасватаўся, і родныя дапамаглі сіротам зрабіць вяселле. Вянчаліся ў Варварынскай царкве Пінска. Карову, новую шафу, швейную машынку і абгорнуты ў вышыты палатняны ручнік вобраз атрымала нявеста ў пасаг. Ледзьве ўціснулі шафу у нізенькую хатку Ляснічых. У вёсцы будаваліся новыя дамы.
Гаспадарку ўзначаліў былы франтавік і партызан Уладзімір Ралько, які пастаянна наведваўся да жывёлаводаў, цікавіўся справамі, прыкмячаў старанных. Маладога пастуха Афета Ляснічага накіраваў на жывёлагадоўчыя курсы, пасля заканчэння якіх даверылі яму ўзначаліць ферму ў Аснежыцах.
Ад збалансаванага выкарыстання грубых і сакавітых кармоў павялічвалася валавая вытворчасць малака і мяса. Заўважна ўзнялася прадукцыйнасць жывёлы на аснежыцкай ферме, якой загадваў Афет Васільевіч. Сярод даярак упэўнена лідыравала яго жонка Кацярына Парфір’еўна.
-- Яшчэ і не світала, як мы з ім прыходзілі ў кароўнік. Муж дапамагаў, -- адзначае Кацярына Ляснічая. -- Цяжэй было ў першыя гады працы. Не хапала да вясны кармоў, асабліва сена. Запарвалі салому. Пасля ацёлу прыносіла з піларамы абрэзкі і збівала клетку для цялятка. У вялікім карыце бручку секла каровам. Амаль дваццаць гадоў даіла рукамі. Трэба ўжо было ісці ў дэкрэт. Я з вечара падаіла кароў і на грузавой машыне адправілася ў Пінскую радзільню. З першынцам дамоў вярнулася і раніцай была на ферме. Немаўля свякроў і сваякі глядзелі. За гады працы на ферме нам з мужам не было калі на прызбу прысесці і з аднавяскоўцамі пагаманіць. Агарод свякроў палола. Толькі дом і ферму мы з мужам ведалі. Пайшлі надоі высокія. За мною замацавалі большую групу кароў, і іх таксама даіла ўручную. Даглядчыкі конна прывозілі сена, і мы яго дзялілі на роўныя капкі.
-- Так і буракі дзялілі?
-- Даглядчык прывозіў іх у скрыні і высыпаў, а мы вёдрамі ці кашамі адмервалі. Уручную разносілі па кармушках. Кожны бурак ножыкам абчышчала. Памяшканне кожны дзень чысцілі. Віламі нагружалі гной і коньмі вывозілі. Сваіх дзвюх кароў амаль што не бачыла. Іх даглядала свякроў, якая пражыла больш за дзевяноста гадоў. Мы з ёю ні разу адна на адну голасу не павысілі.
-- А на кароў даводзілася пакрыкваць?
-- У кожнай з іх свой нораў. Я іх адчувала, і яны мяне. Былі такія, што спачатку з’есць кармы ў суседкі, а потым свае. Такім даводзілася ланцуг укарочваць, каб не залазілі ў суседнія кармушкі.
Ведала, якая кароўка больш любіць сена, а якая -- сакавітыя кармы, і дагаджала. Ніколі не павышала на іх голасу. Як толькі заходзіла ў памяшканне, яны сустракалі мяне пранізлівымі позіркамі. На малако не скупіліся.
-- Кацярына Парфір’еўна, а любімыя каровы ў вас былі?
-- Яны ж, як людзі. Да рахманых і душа больш ляжала. Але карміла і даглядала ўсіх аднолькава.
Высокія заробкі атрымлівалі на ферме і вырашылі пабудаваць новы дом. Старэнькі, які яшчэ да рэвалюцыі склаў з бярвенняў мужаў дзед, знеслі. З сынам Васілём і дачкой Валяй пайшла на лета жыць да сваякоў, а муж са свякроў’ю перабраліся ў хляўчук. Нанялі мясцовых будаўнікоў і за лета змуравалі цагляны дом, грубкі склалі і ўвосень перабраліся. Як маглі даводзілі да ладу сцены і перагародкі. Ад сырасці куткі за зіму пакрыліся цвіллю. Вырашылі правесці паравое ацяпленне. Усталявалі чыгунны кацёл, запасліся на наступную зіму вуглём. Суха, утульна стала ў доме.
-- І на ферме справы ладзіліся, -- падхоплівае размову Афет Васільевіч. -- Статак днём на пашы, а дванаццаць кароў, замацаваныя за жонкаю, самі прыходзілі на дойку. Гадавы ўдой на карову ў яе групе дасягнуў сямі тысяч кілаграмаў малака. Гэта быў высокі паказчык у краіне, за што яна і атрымала званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Такіх жа высокіх паказчыкаў дасягнула і даярка з Пінкавіцкай фермы гаспадаркі Таісія Шпакоўская і была ўдастоена Залатой Зоркі Героя.
-- Мы ў адзін дзень у Брэсце атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды, -- узгадвае Кацярына Ляснічая. -- Дома чакаў накрыты святочны стол. Віншаваць прыйшлі даяркі з фермы, сваякі і суседзі. Свякроў, бацька і мачыха радаваліся маёй узнагародзе.
-- Афет Васільевіч, і ваша праца ў гаспадарцы ацэнена ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
-- На ВДНГ у Маскве мяне ўзнагародзілі аўтамашынай “Масквіч”, якую мне ўручылі ў Мінску. Калгасны шафёр Міхаіл Ціханчук прыгнаў яе. У мяне не было правоў шафёра, і машына стаяла ў гаражы, пакуль сын Васіль не падрос і не закончыў вадзіцельскія курсы. Ён пасля васьмігодкі вучыўся на жывёлавода і зараз працуе ў “Аснежыцкім”.
Унукам перадам ордэны Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, якімі мяне дзяржава ўзнагародзіла за вытворчыя дасягненні. Акрамя высокіх надояў малака, мы дабіліся рэкордных, звыш кілаграма ў суткі, прываг кормнікаў. На ферме ўтрымлівалася звыш двух тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з іх дойных кароў каля 800. Праз пяцігодку Залатую Зорку Героя атрымалі даярка нашай фермы Любоў Мазоль і Любоў Канановіч з малочна-таварнай фермы Галева. Яны таксама давялі надоі малака ў сваіх групах да 7 тысяч кілаграмаў.
-- У чым аснова паспяховай работы калектыву?
-- У высокай вытворчай дысцыпліне і правільным доглядзе жывёлы. На нашых урадлівых палях вырошчваліся багатыя ўраджаі збожжавых і кармавых культур. Грамадскі статак круглы год меў паўнацэнны рацыён. Галоўны заатэхнік Нэля Буслейка кантралявала нарыхтоўку кармоў і распрацоўвала на навуковай аснове рацыёны кармлення жывёлы.
Сена звычайна нарыхтоўвалі ў нізінным міжрэччы Прыпяці і Стыра. Па зімніку вывозілі стажкі да ферм. Тут жа ў буртах захоўваліся кармавыя карняплоды. У жывёлагадоўчых памяшканнях пастаянна падтрымлівалася чысціня. Старшыня Уладзімір Ралько строга кантраляваў парадак.
Да нас прыязджалі пераймаць вопыт жывёлаводы і спецыялісты з розных рэгіёнаў Беларусі і іншых савецкіх рэспублік. Наведвалі гаспадарку і дзяржаўныя дзеячы. Часта бываў Пётр Міронавіч Машэраў, размаўляў з механізатарамі, жывёлаводамі, спецыялістамі гаспадаркі, цікавіўся іх клопатамі, задумкамі на перспектыву.
-- Працавалі вы самааддана, а дзе адпачывалі?
-- Нам па прафсаюзнай лініі штогод выдзялялі санаторныя пуцёўкі ў Крым, на Каўказ. Мы з мужам па чарзе ездзілі папраўляць здароў’е , бо трэба было аднаму з нас дома заставацца з дзецьмі, упраўляцца з хатняй гаспадаркай.
-- А хто вас на ферме замяняў?
-- Калі я адпраўлялася ў санаторый, то мой гурт кароў даілі сваякі. Нікому, акрамя родных, кароў не давярала. Падменных даярак у калгасе не было. У санаторыі праз некалькі дзён ужо не магла адагнаць ад сябе думкі пра дом і ферму. А мужу спакайней было ў адпачынку. Перад ад’ездам у водпуск загадзя прадумваў, як арганізаваць працу на ферме, каб не было збояў. Тэлефанаваў з санаторыя, цікавіўся справамі.
-- Афет Васільевіч, перад тым як стаць загадчыкам фермы, вы закончылі курсы жывёлаводаў. Ці не адчувалі вы дэфіцыту тэарэтычных ведаў у час працы на ферме?
-- Вельмі востра адчуваў, але сям’я, іншыя клопаты не дазволілі вучыцца. Многае мне падказвала ў працы галоўны заатэхнік гаспадаркі. І сам цікавіўся навінкамі ў жывёлагадоўлі. Асабліва па тэхналогіі кармлення і селекцыйнай рабоце. Мы пастаянна адбіралі маладняк ад высокапрадукцыйных кароў для папаўнення дойнага статка.
-- У маёй групе карова Пепенка туга даілася, але давала да 40 кілаграмаў у суткі малака, -- канстатуе Кацярына Парфір’еўна. -- Цялушачкі ад яе таксама былі высокаўдойныя, і я кожны год адбірала іх і гадавала для свайго гурта. І цяпер нашчадкі тых высокаўдойных кароў утрымліваюцца на нашых фермах, толькі надоі крыху меншыя.
-- Вы ўжо працяглы час на заслужаным адпачынку. Ці цягне на ферму, дзе столькі сіл пакладзена, столькі перажыта ўсяго?
-- Першыя гады не магла супакоіцца, -- падкрэслівае Кацярына Парфір’еўна. - Кожную раніцу падхоплівалася з думкай, што трэба збірацца на дойку. Дзесяцігоддзямі у пяць гадзін раніцы ў любы час года былі ўжо на ферме. Калі яшчэ не было электрычнасці, з ліхтаром хадзіла на дойку. Водаправода не было, і ўручную жураўлём з калодзежа даставалі ваду для кароў.
-- Пра нашу ферму шмат пісалі ў газетах, часопісах, гаварылі па радыё і тэлебачанні, -- адзначае Афет Васільевіч. -- Партрэты жонкі і мой упрыгожвалі калгасную Дошку гонару. Усё гэта было. Новая змена жывёлаводаў працягвае нашу справу. Белыя халаты аператараў машыннага даення, камп’ютары, аўтаматыка. Але галоўнае засталося: каровы, як і раней, розныя па нораву. Кожную трэба адчуць, дагледзець, і толькі тады добры вынік не абміне.
-- Сын Васіль працягвае вашу справу ў “Аснежыцкім”. А дачка Валянціна?
-- У школьныя гады яна часта бывала на ферме, дапамагала даіць кароў, чысціць памяшканні. Цяжкая ручная праца жывёлаводаў адштурхнула яе ад калгаса. Працавала ў Пінску. Замуж выйшла і рана аўдавела. Дзецям пакінула гарадскую кватэру і вярнулася ў вёску. Весялей нам стала. Непадалёку ў Аснежыцах жыве сям’я сына Васіля. Нявестка да выхаду на пенсію ў калгасным дзіцячым садку працавала. Унукамі і праўнукамі цешымся.
-- Ці ёсць сярод іх любімчык?
-- Усе, як пальцы рукі, нам дарагія. У нашай вялікай сям’і ўжо дваццаць чалавек. На святы збіраемся разам. На Грамніцы святкавалі 80-годдзе гаспадара і 58-ю гадавіну нашага сумеснага жыцця. Быццам учора стаялі маладымі пад вянцом і для нас гучалі “Многие лета”, якія сталі яўнымі.
Пінскі раён
Фота аўтара і з сямейнага архіва Кацярыны і Афета Ляснічых