Пастырское послание архиепископа Тадеуша Кондрусевича на Пасху-2020

Свята мiру i надзеi!

Напярэдаднi Пасхi Хрыстовай, якая сёлета па каталiцкiм календары святкуецца 12 красавiка, арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч, мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi, звярнуўся з Пастырскiм пасланнем «Уваскрэсенне Хрыста — задатак нашай будучай славы» да вернiкаў Рыма-каталiцкай царквы Беларусi. У iм, у прыватнасцi, гаворыцца:


— Сардэчна вiншую вас са святам Вялiкадня — святам нашай веры i надзеi на вечнае жыццё. Гэтая праўда з’яўляецца галоўным пасланнем свята Уваскрэсення Хрыста. Пра яе мы, хрысцiяне, павiнны заўсёды памятаць i ёю жыць. Яе актуальнасць падкрэслiвае таксама i выклiканая пандэмiяй каронавiруса сiтуацыя, у якой Уваскрэсенне Хрыста з’яўляецца промнем надзеi.

Пасланне напамiнае: «Праўда Уваскрэсення Хрыста азначае, што смерць — гэта не канец, што яна не мае апошняга слова, што гэта толькi дзверы ў будучыню. Таму мы не можам дазволiць, каб гэтая праўда знiкла з нашага жыцця. Яна павiнна быць яго цэнтрам, i нам нельга страцiць яе сэнсу.

…Часовае жыццё на зямлi — гэта падрыхтоўка да вечнасцi. Калi мы не iмкнёмся да гэтага, то становiмся падобнымi да карабля, якi сеў на мель. Карабель ёсць, але не можа плысцi, а яго прызначэнне — перавозiць людзей або грузы. Таксама i мы, калi не засяроджваемся на галоўнай праўдзе нашай веры — Ўваскрэсеннi Хрыста, — то жывём без яснай мэты».

У пасланнi падкрэслiваецца: «Цi мы жывём праўдай вечнай славы, якая нас чакае?» Гэта сутнаснае пытанне. Калi так, то клопаты нашага зямнога жыцця набываюць новае вымярэнне. А менавiта, яны не павiнны весцi ў рабства матэрыяльных каштоўнасцей i амаральных задавальненняў i станавiцца нашым «богам».

У iм таксама гаворыцца: «…мiкраскапiчны, нябачны вiрус здольны перавярнуць сучасны, моцна адукаваны, высокатэхналагiчны i ўзброены да зубоў свет з ног на галаву. Чалавек, якi ўяўляе сябе «богам», яшчэ раз убачыў, што такiм не з’яўляецца. Таму наша адзiная надзея ў Божай мiласэрнасцi, якая найбольш дасканала праявiлася ў пасхальнай таямнiцы.

Няхай Езус — Пераможца злога духа, граху i смерцi — падтрымлiвае намаганнi лекараў i службаў грамадскага парадку, каб мы маглi выйсцi пераможцамi з гэтай складанай сiтуацыi.

…Благаслаўлёных i поўных надзеi велiкодных святаў усiм вам!»

Завяршаецца Пастырскае пасланне сардэчнымi вiншаваннямi са святам Уваскрэсення Хрыста:

«Браты i сёстры!

Вiншую ўсiх вас з радасным i выратавальным святам Уваскрэсення Хрыста!

Вiншую тых хрысцiян, якiя сёння таксама святкуюць гэтае свята свят! Вiншую братоў i сясцёр праваслаўных, якiя праз тыдзень будуць святкаваць Вялiкдзень!

Вiншую ўсiх людзей добрай волi!»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter