Чым гэтыя населеныя пункты ўзбагацілі літаратуру і культуру і якую эстафету яны перадаюць Глыбокаму
ПОЛАЦК (1994, 2003)
Першым свята прымаў велічны старажытны горад Полацк, які стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства двойчы — у 1994 і 2003 гадах. А ў 2010-м да таго ж удастоены ганаровага звання культурнай сталіцы Беларусі. Сёлета прыгожы горад, першае згадванне якога ў «Аповесці мінулых гадоў» датуецца 862 годам, шырока адзначыў 1150-годдзе. Тут — зямля выбітных асветнікаў, зямля, нарадзіўшая Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, які ўпершыню выдаў на царкоўна-славянскай мове ў беларускай рэдакцыі 23 кнігі «Бібліі», Сімяона Полацкага. Не выпадкова ў горадзе з багатым мінулым адчынена мноства музеяў, сярод якіх і Музей гісторыі кнігадрукавання.
ТУРАЎ (1995, 2004)
Тураў меў гонар двойчы стаць сталіцай Дня беларускага пісьменства. Гэта адзін з нашых старажытных цэнтраў пісьменства, упершыню ўпамiнаецца ў Лаўрэнцьеўскiм летапiсе ажно ў 980 годзе. Тураўскi летапiс не захаваўся, але яго ўрыўкi змяшчаюцца ў Кiеўскiм ХII стагоддзя. Сапраўдны ўзор рукапiсу ХI стагоддзя — Евангелле, знойдзенае ў 1865 годзе ў Тураве, захоўваецца ў Вiленскай публiчнай бiблiятэцы. Глыбінная мясцовая фігура — вядомы дзеяч усходнеславянскай культуры, пісьменнік, прамоўца, філосаф і асветнік епіскап Кірыла Тураўскі. Хаця пра Тураўскага Залатаслова вядома няшмат, але да нас дайшла вялікая колькасць яго пропаведзяў, малітваў-павучанняў, канонаў.
Святкаванні разгарнуліся і ў знакамітай Любчы, дзе ў ХVІІ стагоддзі дзейнічала друкарня, якая выпускала хрысціянскія і свецкія кнігі.
НАВАГРУДАК (1996)
Навагрудак увайшоў у нашу гісторыю як першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, як горад, дзе зарадзілася беларуская дзяржаўнасць. На навагрудскай зямлі было створана Лаўрышаўскае Евангелле — у Лаўрышаўскім манастыры. Сусветна вядомая бібліятэка шляхетнага роду Храптовічаў, якая існавала ў маёнтку Шчорсы. Даследчыкі творчасці Адама Міцкевіча кажуць, што ў згаданай бібліятэцы паэт збіраў матэрыял да паэмы «Конрад Валенрод». Тут, у Шчорсах, пісалася паэма «Гражына». Дарэчы, Адам Міцкевіч таксама мясцовы — нарадзіўся на хутары Завоссе на Навагрудчыне. А вёску Літоўка ўславіў у паэме «Гражына»: «…Не знойдзецца сягоння ў Навагрудскай гміне // Ніводзін, хто не знаў бы песні аб Гражыне, // Бо й дудары пяюць, і паўтараюць дзеўкі...//А месца бітвы той цяпер завуць Літэўкі». Ды і знакамітае возера Свіцязь трапіла на старонкі кніг дзякуючы Адаму Міцкевічу і Яну Чачоту.
НЯСВІЖ (1997)
Эстафету свята прыняў Нясвіж у 1997 годзе. Горад быў абраны не выпадкова, паколькі тут здаўна віравала культурнае жыцце. У Нясвіжы дзейнічаў адзін з лепшых у Еўропе тэатраў — Радзівілаў. Князі спрыялі і развіццю кнігадрукавання. У 1562 годзе адкрыта Нясвіжская друкарня, у якой выйшлі ў свет працы філосафа і гуманіста Сымона Буднага. Выдадзены ім знакаміты «Катэхізіс» — першая беларускамоўная кніга на тэрыторыі сучаснай Беларусі, надрукаваная кірылічным шрыфтам. Нясвіжцы ўвекавечылі імя Сымона Буднага ў бронзе. У 1982 годзе адбылося адкрыццё помніка. Ва ўзнятай руцэ Буднага — кніга з эмблемай сонца — сімвалам святла і ведаў. Візітоўка і знакаміты турыстычны цэнтр горада — Нясвіжскі замак, які ўнесены ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
ОРША (1998)
У 1998 годзе цэнтрам свята пісьменства і асветы стала Орша. Гораду ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, найважнейшае ўкладанне ў гісторыю кнігадрукавання — праца асветніка XVII стагоддзя Спірыдона Собаля, стваральніка буквара. Заснаваная ім пад Оршай Куцеінская друкарня стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Адна з цікавых старонак гісторыі Оршы — Аршанскае Евангелле, рукапісны помнік канца XII — пачатку XIII стагоддзя. Знойдзена ў Оршы ў 1812 годзе.
Праславіў горад і Уладзімір Караткевіч, які тут нарадзіўся і потым нават настаўнічаў. Караткевіч прысвяціў малой радзіме верш «Орша»: «Як толькі цёмнаю ноччу // Вочы свае закрываю, // Адразу я Оршу бачу // З яе няяркай красой… // Таму і люблю я Оршу // Першым вялікім каханнем, // Якое не знікне, пэўна, // Нават з маім жыццём».
ПІНСК (1999)
Пінск лічыцца адным з гістарычных і культурных цэнтраў Палесся. Вядомы па Іпацьеўскім летапісе. Тут у першай палове XVIII стагоддзя езуіты стварылі друкарню і выпускалі хрысціянскую і свецкую літаратуру на лацінскай і польскай мовах, а ў XVII—XVIII стагоддзях пры езуіцкім калегіуме працаваў школьны тэатр. У 1912—1914 гадах працаваў настаўнікам у прыходскай школе ў Пінску Якуб Колас. Пакінуў тут свой след Напалеон Орда — беларускі літаратар і кампазітар, музыкант, мастак. А беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна.
Знакамітыя людзі ў розныя часы пабывалі на пінскай зямлі, пакінуўшы ў сваіх творах успаміны аб Пінску — Дунін-Марцінкевіч, Глінка, Гумілёў, Колас, Караткевіч, Тургенеў, Купрын, Блок.
ЗАСЛАЎЕ (2000)
Заслаўе таксама пусціла глыбокія карані ў гісторыі нашай сінявокай краіны. Горад ўзнік у канцы Х стагоддзя. Заснаваны кіеўскім князем Уладзімірам. Старажытны горад атрымаў назву ў гонар князя Ізяслава — сына нашай знакамітай полацкай князёўны Рагнеды, якая была жонкай вышэйзгаданага князя Уладзіміра. Апошні ўвеў хрысціянства ў Старажытнай Русі, якое, безумоўна, паўплывала і на лад жыцця, і на культуру нашых продкаў... Яшчэ Заслаўе можа ганарыцца тым, што ў XVI стагоддзі тут пры кальвінскім зборы працавала друкарня, у якой вядомы беларускі асветнік, гуманіст, рэлігійны рэфарматар Сымон Будны надрукаваў Біблію.
МСЦІСЛАЎ (2001)
Нацыянальнае свята завітала ў 2001 годзе ў Мсціслаў, які таксама мае вялікую і даўнюю гісторыю. Ён — адзін са старажытных гарадоў нашай краіны. Заснаваны ў 1135 годзе смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам і названы ў гонар яго бацькі Мсціслава Вялікага — апошняга князя Кіеўскай Русі.
Сярод знакамітых выхадцаў і жыхароў Мсціслаўскага раёна — Ілля Капіевіч — выдавец і аўтар створанай па замове Пятра I рускай граматыкі, а таксама Аркадзь Куляшоў — народны паэт Беларусі, ды яшчэ і Пётр Мсціславец, адзін з першадрукароў Беларусі. Дарэчы, аб гэтай сталіцы Дня пісьменства Уладзімірам Караткевічам напісана мастацка-дакументальная кніга «Мсціслаў».
МІР (2002)
У 2002 годзе свята пераехала ў Мір — месца паломніцтва турыстаў, якое ўпрыгожвае самы старажытны замак, што захаваўся на тэрыторыі Беларусі і ўвайшоў у Спіс помнікаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У Міры працуе філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі «Замкавы комплекс Мір». У Міры Уладзіслаў Сыракомля напісаў свой верш «Паштальён» на падставе пачутай гісторыі. Пераклад твора на рускую мову паэтам Л. Трэфалевым зрабіўся папулярнай у Расіі народнай песняй: «Когда я на почте служил ямщиком, // Был молод, имел я силенку, // И крепко же, братцы, в селенье одном // Любил я в ту пору девчонку…»
Землякі жыхароў Міра — пісьменнікі і паэты Янка Брыль, Вольга Іпатава, Уладзімір Калеснік.
КАМЯНЕЦ (2005)
На наступны год свята Дня пісьменства разгарнулася ля сцен адзінага на тэрыторыі Беларусі архітэктурнага помніка Старажытнай Русі, які захаваўся ў цэлым выглядзе да нашых дзён — Камянецкай вежы, якую называюць часта Белай вежай. І якой больш за 700 гадоў. Кажуць, што ў сярэднія вякі жыхары Камянца з гонарам маглі сцвярджаць, што ўсе дарогі ідуць праз іх горад, бо ён займаў важнае палітычнае і геаграфічнае становішча на карце Еўропы.
Камянецкі край — радзіма многіх вядомых людзей: гісторыка, грамадскага дзеяча, першага прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Усевалада Ігнатоўскага; асветніка, публіцыста і палітычнага дзеяча Міхаіла Карповіча; тэатральнага дзеяча і пісьменніка Уладзіміра Стэльмаха…
ПАСТАВЫ (2006)
Паставы таксама могуць ганарыцца сваёй адметнасцю. Вядомыя з 1552 года як прыватнае мястэчка Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ. Дарэчы, тут у палацы Тызенгаўза ў розныя часы дзейнічалі тэатр, арніталагічны музей і карцінная галерэя. На сценах віселі арыгіналы Леанарда да Вінчы, Рубенса, Дзюрэра і іншых выдатных еўрапейскіх мастакоў.
Выхадцам Пастаўскага раёна з’яўляецца беларускі пісьменнік Уладзімір Дубоўка.
Паставы — месца правядзення Міжнароднага фэсту народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які стаў візітнай карткай горада. Не так даўно ў раёне пасяліўся айчынны Дзед Мароз — Зюзя Паазерскі.
ШКЛОЎ (2007)
У 2007 годзе свята Дня беларускага пісьменства пераехала ў Шклоў, які ў свой час быў вядомы і як культурны цэнтр рэгіёна: тут у XVIII стагоддзі заснаваны тэатр Зорыча, у рэпертуар якога ўваходзілі драмы, камедыі, камічныя оперы і балеты. У спектаклях, акрамя прыгонных, удзельнічалі кадэты мясцовага кадэцкага корпуса і дваране-аматары. У балетах танчылі толькі прыгонныя танцоркі. Пасля смерці Зорыча салісты шклоўскага тэатра перададзены ў балетную трупу Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў.
Падчас Дня пісьменства ў гарадскім парку адкрылі помнік графу Сямёну Зорычу. У Шклове ўпершыню прайшло ўзнагароджванне лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы мастацкі твор «Залаты Купідон».
БАРЫСАЎ (2008)
Барысаў — адзін з найстарэйшых беларускіх гарадоў, упершыню згаданы ў летапісах у 1102 годзе.
Барысаўчане ганарацца сваім земляком — аўтарам тэксту Гімна БССР і Рэспублікі Беларусь Міхасём Клімковічам. Мясцовая зямля дала жыццё першаму стваральніку савецкага беларускага «Буквара» Надзеі Сіўко, мастаку Валерыю Шкарубу і скульптару Анатолю Анікейчыку.
У 2008 годзе ў Барысаве на свяце адкрылі знак-сімвал «Да 15-годдзя святкавання Дня беларускага пісьменства» і мемарыяльную дошку Івану Каладзееву — вядомаму гісторыку, які доўгі час жыў у Барысаве, стваральніку першай бібліятэкі ў горадзе.
СМАРГОНЬ (2009)
Першае пісьмовае згадванне аб Смаргоні звязана з імем Юрыя Іванавіча Зяновіча. Ён адкрыў пры смаргонскім храме школу і сабраў вялікую бібліятэку. Увогуле, Смаргонь вядома з пачатку XVI стагоддзя.
Смаргонь праславілася папяровай мануфактурай, школай дрэсіроўкі мядзведзяў «Смаргонская акадэмія», заснаванай князямі Радзівіламі. Сёння ў раёне працуе Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, дзе ён жыў. Мясцовыя брэнды таксама — Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі (тут быў створаны знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай») і Крэўскі замак.
ХОЙНІКІ (2010)
Хойніччына — радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Ён нарадзіўся ў вёсцы Глінішча, дзе ёсць літаратурны музей пісьменніка. Падчас Дня беларускага пісьменства адбылася цырымонія адкрыцця скульптурнай кампазіцыі «Па старонках твораў Івана Мележа».
У свой час у краіне былі створаны тэлеспектаклі па раманах «Людзі на балоце» і «Дыханне навальніцы», у тэатрах ставіліся п’есы па творах Мележа. І ўсё ж галоўным дасягненнем «Палескай хронікі» застаецца яе экранізацыя. Фільм Віктара Турава «Людзі на балоце» сабраў мноства ўзнагарод, самая галоўная з якіх — Дзяржаўная прэмія СССР.
Хойніцкая зямля дала Беларусі таксама празаіка Барыса Сачанку, паэтаў Міколу Мятліцкага і Алу Канапельку.
ГАНЦАВІЧЫ (2011)
Ганцавічы славяцца сваімі знакамітасцямі: Аляксандрам Сержпутоўскім — беларускім фалькларыстам, этнографам, публіцыстам, Міхаілам Рудкоўскім, Віктарам Гардзеем — паэтамі. У спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі занесена панская сядзіба ў вёсцы Агарэвічы — помнік драўлянага дойлідства XIX стагоддзя.
Ганцаўшчына непарыўна звязана з жыццём і творчасцю Якуба Коласа. Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах адкрыты помнік Якубу Коласу і алея Пісьменства. «Фішка» ганцавіцкай зямлі — тое, што тут адбываецца дзеянне першай кнігі знакамітай коласаўскай трылогіі «На ростанях». У творы Коласа фігурыруе мясцовая вёска Люсіна, якую аўтар назваў Цельшына.
Падрыхтавала Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»