Слова застаецца ў кнізе і ў сэрцы

Дзень беларускага пісьменства, які святкуецца ўжо ў дваццаць другi раз, у гэтым годзе праходзіў на Гродзеншчыне
Вось ужо на працягу 22 гадоў для жыхароў Беларусі першая нядзеля верасня – асаблівая і святочная. Менавіта у гэты дзень, пачынаючы з 1994 года, наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства і друку. На мінулых выхадных унікальнае нацыянальнае свята сабрала ў Шчучыне тых, хто жыве ў міры і згодзе, шануе багатыя традыцыі, з павагай ставіцца да роднага слова і сваёй культуры, развіццю якой у Беларусі надаецца вялікая ўвага.



Дзень беларускага пісьменства, які святкуецца ўжо ў дваццаць другi раз, у гэтым годзе праходзіў на Гродзеншчыне. Дарэчы, Шчучын сабраў каля 10 тысяч гасцей. На свята з’ехаліся выдаўцы, пісьменнікі і юныя чытачы, а таксама дзеячы культуры з Расіі, Украіны, Таджыкістана, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Казахстана, Чарнагорыі і іншых краін.


...I сярэднявечча ажыло

Прычын наведаць літара­турную сталіцу краіны ў першыя выхадныя восені было мноства. Па-першае, на свае вочы ўбачыць палац князёў Друцкіх-Любецкіх, лепшы ўзор пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Раніцай 6 верасня каля двайніка рэзідэнцыі французскіх каралёў – палаца Малы Трыанон на тэрыторыі Версаля – сабраўся шматтысячны натоўп. Усе гэтыя людзі марылі прыняць удзел ва ўрачыстым адкрыцці помніка архітэктуры пасля рэканструкцыі. Нагадаем, што палац чакаў гэтага больш за дзесяцігоддзе. Толькі цяпер, адрамантаваны і абноўлены, ён ва ўсёй красе паўстаў перад наведвальнікамі.



Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, урачыста абвясціў, што ў палацы ў далейшым будуць займацца юныя таленты, а таксама размесцяцца музей і канферэнц-залы. Ірына Дзегцярова, дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі, падзякавала за такі каштоўны падарунак падрастаючаму пакаленню Гродзеншчыны. А міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў надзею, што тут выгадуецца яшчэ не адно пакаленне знакавых для краіны талентаў. У цырымоніі адкрыцця палаца Друцкіх-Любецкіх пасля рэканструкцыі таксама прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы, міністры інфармацыі і культуры Лілія Ананіч і Барыс Святлоў, а таксама губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў.



Палац па-сапраўднаму здзівіў. Памяшканні, пабудаваныя ў канцы XIX стагоддзя, зноў набылі былую прыгажосць. Атмасферу эпохі князёў госці свята яшчэ больш адчулі з дапамогай тэатральных пастановак, якія разгарнуліся на тэрыторыі гіста­рычнага помніка. Iх арганізавалі ўдзельнікі клубаў сярэднявечнай культуры з Ліды, Навагрудка і Гродна.

«Нахіліся, ухваціся за падол і цягні ўверх», – «князь» дапамагае хлопчыку зняць цяжкую кальчугу. Знаёмлюся. Аказалася, майго суразмоўцу, які выглядае вельмі незвычайна і прыцягвае ўвагу прахожых, завуць Мікалай Шаўчэнка. «Касцюм мой – з лідскага рыцарскага клуба. Гэта дакладная копія ўбрання канца XIV – пачатку XV стагоддзя, так званая пруская мода. Вобраз мы стваралі па крупінках. Для найбольшай дакладнасці старанна выву­чалі доследы археа­лагічных раскопак, старажытныя выявы, кнігі і летапісы»,  –  расказвае Мікалай.



Побач з намі – нябедны гараджанін пачатку XV стагоддзя. Разглядаю вобраз Юрыя Мандрыка: доўгая сукня са шчыльнай тканіны, за скураным поясам замацаваны срэбны кубак, рука цвёрда трымае сярэдневяковую зброю. Пагутарыць з гэтым тэатральным персанажам атрымалася нядоўга – яго апанаваў чарговы натоўп жадаючых сфатаграфавацца.


Аўтара!

Рухаемся далей разам са святочным шэсцем да галоўнай сцэны Шчучына. Там з хвіліны на хвіліну пачнуцца грандыёзны канцэрт і ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яшчэ да пачатку песень і скокаў заўважаю хлопчыкаў і дзяўчынак, апранутых у прыгожыя нацыянальныя касцюмы, цікаўлюся пра іх настрой. Юлія Салдаценкава прыехала ў Шчучын разам з танцавальным калектывам «Усмешка» з горада Свіслач Гродзенскай вобласці. «Я танцую ўжо восем гадоўі – рок-н-рол, сучасныя танцы, вальс і паланэз. А сёння для гасцей свята мы выканаем лявоніху. Гледачоў чакае вельмі дынамічны і жыццярадасны нумар»,  –  падзялілася   васьмікласніца.



Пляцовак, дзе святочны настрой стваралі інструментальныя і танцавальныя ансамблі краіны, у Шчучыне было шмат. Што важна, імі вельмі цікавіліся самыя юныя гледачы. Так, перад дзецьмі і моладдзю «ажывалі» знакамітыя пісьменнікі і паэты  –  Эліза Ажэшка, Цётка, Максім Багдановіч... Дзверы адчынілі тэматычныя мастацкія, кніжныя, персанальныя выставы, школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў літаратурных і музычных конкурсах.

У Дзень беларускага пісь­мен­ства сустрэць натоўп моладзі можна было і каля кніжных гандлёвых радоў. Рабяты ўсе як адзін шукалі добрыя і цікавыя кнігі. І, вядома, знаходзілі. Гэта было нескладана, бо Шчучын уздоўж і ўпоперак абстаўлены рознымі павільёнамі, дзе багаты выбар выданняў на любы густ. Тым больш кожны госць свята мог не толькі пачытаць свежыя нумары газет і часопісаў, але і пагутарыць з іх аўтарамі – журналістамі і рэдактарамі.

 

Дарэчы, свята беларускага слова назаўжды застанецца як у памяці яго гасцей, на іх кніжных паліцах, так і ў абліччы Шчучына, літаратурнай сталіцы гэтага года.


Афiцыйна

Намеснік кіраўніка Ад­­­міністрацыі Прэ­зі­­дэнта Ігар Бузоўскі высока ацаніў падрых­тоўку XXII Дня беларускага пісьменства, працу арганізацыйнага камітэта, будаўнікоў, мясцовай улады. Іх сумесныя намаганні дазволілі прыцягнуць належную ўвагу да гісторыі і вядомых асоб Шчучына, зрабіць раённы горад сапраўднай літаратурнай сталіцай. Мясцовыя жыхары будуць з задавальненнем наведваць абноўленую бібліятэку імя Цёткі, новы кніжны магазін, адрэстаўраваную княжацкую сядзібу, сказаў ён.



Таксама Ігар Бузоўскі адзначыў, што мову, культуру і пісьменнасць можна назваць ахоўнай граматай беларускай дзяржаўнасці: «Гэта падмурак, на якім грунтуецца развіццё нашага грамадства. Захаваць і памножыць – наш святы абавязак». 6 верасня ў Шчучыне Ігар Бузоўскі прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця пасля рэканструкцыі палаца Друцкіх-Любецкіх, азнаёміўся з выставачнымі павільёнамі, зачытаў віншаванне Прэзідэнта, накіраванае ўдзельнікам і гасцям урачыстасцей XXII Дня беларускага пісьменства.


Што вы лічыце самым яркім момантам свята?


Луіза Куц, 8 гадоў, Гродна:

– Я займаюся народнымі танцамі толькі тры гады, таму для мяне выступленне на такой вялікай сцэне ў навіну. Тут столькі гледачоў, што і палічыць складана. І ўсе яны чакаюць ад нас ідэальнага выступлення. Добра, што побач мае сябры – калі мы разам рэпеціруем, хваляванне адразу знікае. Вядома, падтрымлівае мама. Думаю, гэта будзе для мяне добрым вопытам, і надалей я выступлю яшчэ не на адным нацыянальным свяце.


Дар’я Дзiкевiч, 16 гадоў, Шчучын:

– Мы з сястрой Лерай з раніцы да ночы ходзім па горадзе і зусім не пазнаём родныя вуліцы. Будынкі прыкметна папрыгажэлі, змяніліся. Асабліва цэнтр Шчучына – ён стаў вельмі акуратным і ўтульным. А колькі гасцей, новых асоб! Радасна, што такое маштабнае свята праходзіць менавіта ў нас, і памяць аб гэтым захаваецца надоўга. Гэта вельмі каштоўны падарунак раённаму цэнтру.


Сяргей Радыёнiк, 20 гадоў, Гродна:

– Я студэнт, таму часта сумяшчаю адпачынак з магчымасцю падзарабіць. Прыемнае з карысным, як гаворыцца. Вось і зараз на свяце не проста гуляю, а гандлюю сувенірамі. Праца не пыльная, тым больш мой прылавак побач са сцэнай. Слухаю цудоўныя беларускія песні, гляджу выступленні артыстаў, а калі пакупнікоў няма, чытаю кнігу – набыў тут жа, у адным з тэматычных павільёнаў. Словам, выхадныя праходзяць насычана. У наступным годзе абавязкова паеду на чарговы Дзень пісьменства.


Ілля Снабко, 18 гадоў, Слонім:

– На свята прыехаў з сябрамі. У Шчучыне не быў усяго год, але, убачыўшы горад зноў, вельмі здзівіўся. Тыя ж вуліцы, тыя ж будынкі, але ў іх быццам удыхнулі новае жыццё. Нават не думаў, што некалі зусім непрыкметны дом можа выглядаць такім яркім і дагледжаным. І што важна, людзі ў Шчучыне ўсе як адзін шчаслівыя. Паглядзіце вакол: вы ўбачыце сумны твар? Не. Думаю, такі выдатны настрой жыхароў і гасцей горада – самы вялікі «дзякуй» святу.


Алеся Ляцкая, 21 год, Ваўкавыск:

– На такіх святах я яшчэ ніколі не была, таму Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне пакіне глыбокі след у маёй памяці. Не думала, што ў глыбінцы можна так весела правесці час. Мы і спявалі, і танцавалі, і пакаштавалі некалькі страў нацыянальнай кухні. Цяпер пойдзем у горад майстроў – мама замовіла прывезці са Шчучына сувеніры для ўсёй сям’і. Тата уручыў цэлы спіс літаратуры: крыху пазней пойдзем па кніжных гандлёвых радах – будзем папаўняць паліцы хатняй бібліятэкі.

ypopko@bk.ru,

Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА, БелТА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter