Народны ансамбль з Бешанковічаў будуе сваю творчасць на вясковых традыцыях

Шлях з варагаў да «Весялухi»

КАЛІ гэтым людзям сказаць, што праз дзве гадзіны трэба быць на месцы, стаяць прыгожымі напагатове, каб з хлебам-соллю сустрэць чарговую дэлегацыю, альбо выйсці на сцэну маленькага клуба, так яно і будзе. Праца адладжана настолькі, што розныя форс-мажорныя абставіны не хвалююць. На сцэне Бешанковіцкага РЦК яны сустракаюцца па некалькі разоў на тыдзень, бо патрэбна абнаўляць рэпертуар не на 25 працэнтаў за год, як патрабуецца для народнага калектыву, а нашмат больш. Інакш можна згубіць аўдыторыю гарпасёлка і ўсяго невялічкага па колькасці жыхароў раёна. Мы напрасіліся да “Весялухі” на рэпетыцыю. 


НА ГЭТЫ раз артысты рыхтуюцца да свайго 25-гадовага юбілею. На сцэне іх 17, стаяць у прыгожых касцюмах — бела-сінега колеру, з характэрнымі ромбамі. У зале сустракаем акампаніятара Соф’ю Панкевіч, дырэктара РЦК Вольгу Качанаву, якія самі калісьці выступалі ў “Весялусе”. 

Цікаўлюся ў Вольгі Паўлаўны гісторыяй узнікнення “Весялухі”: “25 гадоў таму  часта ладзіліся канцэрты, каб весяліць сельскага жыхара, — на фермах у чырвоных кутках, на дні працаўнікоў сельскай гаспадаркі, іншых святах. Адтуль і ўзнікла патрэба ў прафесійным мабільным калектыве. У тыя часы мы давалі па шэсць канцэртаў на дзень, нам бясконца дзякавалі за працу, зараз іначай. У кожнага дома кіно, відэа…” 

У перапынку пагутарылі з кіраўніком калектыву Ірынай Паўлоўскай. 

— У апошні час спрабуем сілы ў харэаграфіі. Уключаем у рэпертуар як беларускі, так і рускі, украінскі фальклор. Мне полікультурнасць блізкая, бо сама я родам з Якуціі. Прыехала сюды, на радзіму маёй матулі, у 18 гадоў. Паступіла ў Віцебскі каледж культуры і мастацтваў, пасля вучылася ў педуніверсітэце на харавым аддзяленні. Пачала вывучаць беларускую мову. Валодаю ёй не так, як хацелася б, але выконваць песні пад сілу, яна падабаецца мне сваёй мілагучнасцю, напеўнасцю”.


ШМАТ ездзілі раней удзельнікі ансамбля па вёсках і вывучалі розныя традыцыі. “Ёсць у нас свой рэгіянальны брэнд “Бешанковіцкі кірмаш”, — расказвае Вольга Сергіенка, спявачка з вельмі моцным голасам. — Побач Дзвіна, праз Бешанковічы праходзіў шлях “з варагаў у грэкі”. Сведка таму — ацалелы брук, па якім спускаліся да паромнай пераправы падводы і карэты. Мястэчка, што з’явілася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, хутка ператварылася ў буйны населены пункт, вядомы з сярэдзіны XV стагоддзя. Падчас конкурсных праграм, якія тычацца рэгіянальных брэндаў, калі трэба зрабіць рэканструкцыю гісторыі, мы амаль заўсёды пераможцы. Звычайна інсцэніруем момант гандлю: “Відэльцы, табэркі, скура, дзёгаць. Лыжкі дубовыя, лыжкі кляновыя, самі ў рот кладуць яду, купляйце на хаду!” “Каму рыбку, каму боты?” Да месца тут мясцовыя частушкі: “Каля рэчкі я хадзіла, натаптала беражок. Выбірала тую кветку, каб любіў мяне дружок”.

“Раней шмат матэрыялаў аб традыцыях збіралі па вёсках, — узгадвае Вольга Качанава. — Матэрыял чэрпалі па крупінках. Была Чурылаўская, Бачэйкаўская, Ржаўская, Пліская і іншыя зоны. У Ржаўскай, напрыклад, быў калектыў аўтэнтычнага фальклору, там яшчэ засталіся тры жанчыны, якія спяваюць жніўныя і вясельныя песні. У Чурылаўскай спецыялізаваліся на абрадах, калядных і велікодных песнях. Яшчэ вядома ў  раёне такая гульня, якую праводзілі падчас Каляд, калі збіраліся раздзяліць тое, што назбіралі па хатах. Вадзілі карагоды і, дурэючы, спявалі мясцовую песню: “Як пайшоў наш казёл ды па ельнічку, хлопцаў-дзевак збіраць на бяседачку. Выбіраю я цябе. Беее”. Выбранаму з кола надзявалі маску. І так, пакуль не надакучыць. Вядомая яшчэ такая гульня, як масленічная калодка. Да яе прывязвалі вяроўку і бегалі так па вуліцы. Удзельнічалі ў гэтым дзяўчаты, а таксама тыя, хто ў шлюбе. Лавілі нежанатых хлопцаў і імкнуліся пакласці калодку ім на шыю. Тым прыходзілася адкупляцца, з абяцаннем абавязкова ажаніцца”.


Шмат у «Весялухі» і розных узнагарод. Гледзячы, як яны выступаюць, пераконваемся — ёсць за што іх даваць. На першай лініі — вакалісты, на другой акампаніруе група народнага аркестра народных інструментаў з дзіцячай школы мастацтваў. Бачым там і барабаны, і домру, і цымбалы. Некаторыя выканаўцы трымаюць у руках невялічкія старадаўнія народныя інструменты.

АСНОЎНЫ касцяк калектыву — супрацоўнікі сферы культуры. Але ёсць і тыя, хто ў жыцці спецыялізуецца ў іншых кірунках. Сярод іх Кацярына Курносава, якая працуе медсястрой: “Праца, дом, хочацца свята, а тут разнастайнасць”, — кажа яна мне. 23-гадовая Наталля Дзятлава прыйшла сюды некалькі тыдняў назад і таксама падхоплівае нашу размову: “Выступаць на сцэне вельмі хацелася, я даўно сачыла за творчасцю ансамбля. Удзячна за тое, што прынялі мяне. Тут ужо амаль як дома. Здавалася б, народныя песні, а я маладая дзяўчына, якую павінна больш цікавіць сучасная музыка. Але для мяне яны вельмі прыгожыя і меладычныя. А калі я пачала іх спяваць, палюбіла іх яшчэ больш”.

Некаторыя ўдзельнікі ансамбля жывуць у Бешанковічах, а камусьці трэба за пяць—дзесяць кіламетраў прыехаць на рэпетыцыю. Алег Акуневіч з аграгарадка Вярхоўе, Валерый Гайко з аграгарадка Дразды. Валерый Віктаравіч адзін з самых старэйшых салістаў калектыву, тут ён амаль з моманту заснавання: «Наогул, у маладосці я працаваў вадзіцелем, — расказвае. — Яшчэ тады граў на гітары, баяне, гармоніку. Цяга да творчасці адчувалася так моцна, што паступіў у Віцебскае культпрасветвучылішча. «Весялуха» — гэта заўсёды палёт душы і добры настрой. Што тычыцца рэпетыцый, то не магу іх прапусціць, ды і калектыў без мяне, як рука без пальца. Каб мець такі ўзровень, які ёсць сёння, патрэбны не месяц і не два, а гады працы». 

korshuk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter