Обозреватель «Сельской газеты» Владимир Суббот награжден грамотой Столинского райисполкома за значительный вклад в общественно-политическую жизнь родного края

Сэрцам і творчасцю з родным краем

Пэўна, кожнаму чалавеку прыемны сустрэчы з дарагімі сэрцу мясцінамі, дзе нарадзіўся і вырас. Дзесяцігоддзямі не парывае сувязь з роднай Століншчынай журналіст Уладзімір СУБАТ. Сустрэчы з землякамі ён творча адлюстроўвае ў арыгінальных матэрыялах. На Беларускім радыё і тэлебачанні, дзе амаль паўвека працаваў наш зямляк, гучалі рэпартажы пра жыццё і справы працавітых людзей раёна. Яго змястоўныя матэрыялы з роднага Палесся публікуюцца на старонках папулярнай у раёне «Сельской газеты». З года ў год у раёне прырастае колькасць падпісчыкаў на галоўную аграрную газету краіны. 

На здымку: старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі ўручае ганаровую грамату аглядальніку «Сельской газеты» Уладзіміру Субату.
Фота аўтара

Аглядальнік «Сельской газеты» Уладзімір Субат за значны асабісты ўклад у грамадска-палітычнае жыццё родных мясцін ушанаваны ганаровай граматай Столінскага райвыканкама. Цёплай і шчырай выдалася сустрэча, якую арганізавала кіраўніцтва раёна. Старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі падзякаваў сталічнаму журналісту за адданасць роднаму краю і ўручыў узнагароду. Удзельнікі сустрэчы з цікавасцю слухалі расповяд земляка пра яго творчае жыццё, задавалі пытанні. 

За паўвека творчай дзейнасці Уладзімір Паўлавіч зведаў кожны куточак рэспублікі, пабываў на ўсіх пяці кантынентах планеты. Але, як ён адзначыў, сэрцам заўжды быў з родным краем. Шчыра прызнаўся, што асабліва ўтульна яму сярод ціхіх палескіх сосен і на самабытным хутарку. А дзе яшчэ так шчыра прымуць, як у беларускіх вёсках? У свеце няма больш духмянай садавіны, як у беражноўскім шчодрым са­дзе. Альманскія журавіны і альшанскія агуркі ведаюць не толькі ў Беларусі. Хто хоць раз пакаштаваў столінскі «коўбік» і гарбузікі, глытнуў з барыльцаў церабяжоўскага першаку, паласаваўся выдатнымі наліснікамі і давыд-гарадоцкімі «лёдамі», не забудзе іх смак. Як і спевы, скокі гарэзлівых палешукоў. Усё гэта вечна... 

Журналіст шчыра прыз- наўся, што яму хацелася бачыць больш прыгожым і сучасным палескі куток, тую самую глыбінку, дзе зліваюцца паўнаводная Прыпяць і хуткацечная Гарынь, дзе жывуць і працуюць руплівыя гаспадары, дзе гучыць мілая сэрцу гаворка. 

Сталічны госць падзяліўся на сустрэчы з гаспадарчым актывам раёна, старшынёўскім корпусам, калегамі з раённай газеты планамі і задумамі калег «Сельской газеты». Рыгор Пратасавіцкі адзначыў, што колькасць падпісчыкаў аграрнага выдання павялічваецца таму, што на старонках газеты пастаянна расказваецца пра жыццё глыбінкі, яскрава адлюстроўваюцца актуальныя праблемы беларускай вёскі, усебакова асвятляецца грамадска-палітычнае жыццё краіны і свету. Ён выказаў надзею, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі.

Алена КЛІМУШКА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter