НАВАТ без дыплома музычнай акадэміі можна ствараць мелодыю. Галоўнае — талент і жаданне самарэалізавацца. І жыццё ў вёсцы — не перашкода для дасягнення мэты.
Народная эстрадная студыя аўтарскай песні “Імпэт” пры Ільянскім доме культуры — сапраўдная жамчужына Вілейшчыны. Галіна КУТАС (на здымку ў цэнтры) кіруе ёю ўжо 16 гадоў. Па адукацыі яна настаўніца хіміі і біялогіі, 17 гадоў адпрацавала ў школе і столькі ж — старшынёй Ільянскага сельскага Савета. На пяцідзясятым годзе свайго жыцця пачала пісаць вершы і ствараць мелодыі. “Бегла ў музычную школу, каб запісаць песню на ноты, бо праз некалькі дзён і забыцца можна было”, — успамінае кіраўнік калектыву.
ПЕРШЫЯ аранжыроўкі стваралі выкладчыкі музычнай школы Алег Зайцаў і Аксана Ельяшэвіч, а песні выконвалі самадзейныя артысты Ільянскага дома культуры. Так з’явілася думка: можа, паспрабаваць стварыць свой калектыў?
І вось у студзені 2000 года пачаў сваё існаванне “Імпэт”. Назву далі невыпадкова: імпэт — парыў, натхненне — найбольш адпавядаў унутранаму стану ўдзельнікаў — апантаных людзей. Побач з дарослымі салістамі спявалі і школьнікі — Давід і Анфіса Дуровічы.
Пачынаць творчы шлях — справа не з лёгкіх. Сярод спевакоў толькі ў Марыны Шэрай музычная адукацыя. Спачатку яна і спявала палову рэпертуару, а таксама дапамагала развіваць майстэрства іншым выканаўцам. Пазней далучылася Антаніна Галубовіч, якая скончыла Маладзечненскае музычнае вучылішча.
Першымі дарадцамі ў справе напісання тэкстаў песень для Галіны Віктараўны сталі муж Мікола і сын Генрых.
З часам пакінулі “Імпэт” Давід і Анфіса Дуровічы. Гэта была балючая страта, бо вельмі таленавітымі былі брат і сястра. Але на змену ім прыйшлі Пётр Кулеш і Галіна Кажура.
Сёння ні адно свята ў Вілейцы не абыходзіцца без выступлення “Імпэту”. Калектыў — пастаянны ўдзельнік фестываляў беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, рэгіянальнага свята-конкурсу майстроў лозапляцення “Лазовыя карункі”.
Ведаюць яго ў Валожыне, Докшыцах, Заслаўі, Мядзелі, Маладзечне, Ліёзне. Добрую ацэнку калектыў атрымаў у расійскага гледача — у Мажайску і Пераяслаў-Хмяльніцкім.
У апошні час “Імпэт” паспяхова пацвярджае званне народнага, а кожныя тры гады рыхтуе новую канцэртную праграму з 12 песень. Зараз у рэпертуары 68 музычных кампазіцый. За ўвесь перыяд існавання калектыў выпусціў дзве аўдыёкасеты — “Давай запомнім гэты міг” і “Ад вясны да зімы”, два музычныя альбомы — “Васільковы сон” і “Смак дзяцінства”.
Слухачы прызнаюцца, што сэрца спявае з “Імпэтам”. І гэта сапраўды так, бо яго песні ствараюць усплёск радасці ад перажытага болю і ўскалыхваюць сумам ад шчасця, якое раптоўна сышло.
Надзея ТАЧЫЦКАЯ
Фота з асабістага архіва Галіны КУТАС