В художественном музее открывается выставка «Образ Родины в произведениях белорусских художников»

Сёння ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (вул. К. Маркса, 24) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё праекта «Вобраз Радзімы ў творах беларускіх мастакоў XVIII–XXI стст.». Мерапрыемства пачнецца а 18-й гадзіне.

Фото из архива «СБ»

Выставачны праект рэалізаваны пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі і ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння. 

Прадстаўленыя на выставе творы жывапісу, графікі і скульптуры, выкананыя беларускімі мастакамі XVIII–XXI стст., закліканы паказаць вобраз роднай зямлі шматпланавым як у часе і тэмах, так і ў мастацкіх напрамках. Значнае месца ў выставачным праекце адведзена пейзажнаму жанру. Ужо ў творах іканапісу і кніжнай гравюры пачатку XVIII стагоддзя мы бачым яго элементы. Так, на выставе дэманструюцца абразы, у кампазіцыі якіх уведзены элементы пейзажа. Пейзажны жывапіс Беларусі канца XIX стагоддзя прадстаўлены імёнамі Ф. Рушчыца, А. Гараўскага, С. Жукоўскага, В. Бялыніцкага-Бірулі. Мастакі распрацоўвалі від пейзажа, дзе галоўнай задачай з’яўляецца лірычнае адлюстраванне характэрнага матыву роднай прыроды. Традыцыі гэтых майстроў працягваў Юдэль Пэн з яго характэрнымі выявамі Віцебска і гарадскіх ускраін.

У ХХ–ХХI стагоддзях да тэмы радзімы ў пейзажным жывапісе звярталіся многія беларускія мастакі. Для іх твораў характэрна злучэнне лірычнага пачатку і эпічны ахоп свету (А. Тычына, А. Астаповіч, А. Волкаў, Л. Лейтман, П. Масленікаў, Г. Вашчанка, Д. Алейнік і інш.). Вобраз Радзімы стаў адным з галоўных матываў у творчасці беларускіх мастакоў розных пакаленняў і мастацкіх традыцый, асабліва ў ХХ–ХХI стст., у часы, якія звязаны з гераічным мінулым нашага народа.

У рамках выставы намечана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння: канцэрты, майстар-класы з дзецьмі, куратарскія экскурсіі, лекцыі. Гэтую выставу з аўтарскімі экскурсіямі і інтэрактыўнымі мерапрыемствамі на працягу года плануецца паказаць і ў рэгіянальных музеях нашай краіны.

Куратар – Любоў Сысоева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстава будзе працаваць да 23 красавіка 2023 года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter