Дзівіцца ўзаемнаму пранікненню культур у эпоху глабалізацыі сёння як мінімум наіўна. Але калі ёсць сваё, нацыянальнае і маральнае, ці трэба, як гэта стала модным у асяроддзі моладзі ў апошнія гады, слепа пераймаць чужароднае?

Родныя абрады супраць паганскага свята

Дзівіцца ўзаемнаму пранікненню культур у эпоху глабалізацыі сёння як мінімум наіўна. Але калі ёсць сваё, нацыянальнае і маральнае, ці трэба, як гэта стала модным у асяроддзі моладзі ў апошнія гады, слепа пераймаць чужароднае? Красамоўны прыклад — нейкі Хэлоўін.  Паганскае свята з традыцыі старажытных кельтаў. Але парадокс: сярод суайчыннікаў (на хвіліначку, славян) Хэлоўін нібыта набірае папулярнасць. Прычым маладым людзям, якія разлічваюць весела ў гэты дзень паклубіцца, і ў галаву не прыходзіць, што іх выкарыстоўваюць у сваіх, меркантыльных, інтарэсах дзялкі.

Калі разбіраць пытанне з чыста ўтылітарнага пункта гледжання, “хэлоўіны” і “валянціны” (Дзень усіх закаханых) выгодныя ў першую чаргу тым, хто робіць на падрыхтоўцы да падобных “імпрэз” бізнэс. Выпуск рэчыўнай атрыбутыкі (ўсё — ад свечак і касцюмаў), правядзенне тэматычных вечарынак, акцыі ў крамах...

Ніхто не спрачаецца — попыт нараджае прапанову. Хіба тыя ж вытворцы, гандляры і масавікі-забаўнікі будуць супраць паўдзельнічаць і ў індустрыі забаў з нацыянальным каларытам? Вядома не. Але толькі ў тым выпадку, калі яна будзе з такім жа камерцыйным патэнцыялам, як і раскручаныя святы.

Самы просты прыклад з нацыянальнай атрыбутыкі — вышыванка. Не магу не заўважыць, што менавіта сёлета дадзены прадмет з гардэроба традыцыйнага касцюма атрымаў адмысловую папулярнасць. Хадзіць у кашулі, вышытай арнаментам, стала прэстыжна. І адзін з айчынных вытворцаў не стаў губляць час — нават запусціў цэлую лінейку кашуль-вышыванак. Не выключаю, што пачаў бы выпускаць калекцыю нацыянальных касцюмаў на Купалле ці Калядкі — самыя “рэйтынгавыя” ў Беларусі народныя святы. Але ж… Мабыць, пакуль няма камерцыйнага патэнцыялу.

Прызнаюся, мяне заўсёды кранае, калі чую, асабліва ад аднагодкаў, што нацыянальныя святы — гэта архаізм, не патрэбны і нікім не запатрабаваны. Чамусьці нешта асабліва беларускае іншы раз успрымаецца, як штосьці адсталае, прабачце, “калгаснае”. Але беларусы, лічу, нічым не горшыя за любую з нацый свету. І раз ужо мы жывём на гэтай зямлі, менавіта нам працягваць і развіваць (не кажу пра тое, каб навязваць іншым) нашы традыцыі.

Шчыра парадавалася нядаўна, да прыкладу, за веткаўскую вёску Залаты Рог. Там адрадзілі абрад пераносу свечкі. Прытрымліваліся яго з моманту стварэння паселішча, а ў 1950-м пасля моцнага ўрагану сяло было разбурана, а разам з ім і галоўны атрыбут свята — абраз. Толькі праз гады яго, а затым і абрад, аднавілі. Менавіта сіламі старажылаў адрадзілі дзейства “Пакроўскай свечкі”, а што будзе, калі яны сойдуць?

Не стаў гісторыяй і традыцыйны абрад “Цягнуць Каляду на дуба”, які аднавілі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ў Навінах Бярэзінскага раёна. Не памерла традыцыя дзякуючы мясцоваму народнаму калектыву, які сабраў мноства фота-, відэа- і ауўдыяматэрыялаў, а таксама вяскоўцы Ніне Клімовіч. Ніна Дзмітрыеўна проста паспела запісаць ад старажылаў парадак дзіўнай містэрыі, якая нагадвае гогалеўскія вечары на хутары ля Дзіканькі. У Навінах зараз яе паўтараюць кожны год 21 студзеня, зацягваючы чыгун з куццёй на самае высокае дрэва ў вёсцы — на поспех, на ўраджай. Гэта ахвяра прыродным стыхіям. Надзею на працяг традыцыі ўсяляе тое, што абрад перанялі жыхары навакольных вёсак – Дмітровічаў, Любушан, Чыжахі, Міхалёва. Але ці сведчыць гэта пра тое, што “Цягнуць Каляду на дуба” стане модным масавым святам?

На жаль, нацыянальныя беларускія абрады паволі ператвараюцца ў... экзотыку. Сумна. А спрыяем гэтаму мы самі, купляючыся на не ўласцівае нам — на святы ў танных, але прывабных маляўнічых абгортках, якія не маюць для нашага народа ніякага сэнсу. З такім поспехам можна назаўжды страціць гонар за нацыянальную культуру, прытрымліваючыся заходнееўрапейскіх ідалаў. І як жа першакрыніца — традыцыя, якая, што памяць, жывая, калі яе засцерагаюць, яе шануюць, а ў ідэале — і робяць моднай?

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter