З паштальёнскай сумкі, дзе заўсёды ляжалі аловак і папера, і пачалася паэтычная біяграфія Галіны Нічыпаровіч з Уздзеншчыны
Мне заўсёды здавалася нейкім магічным тое месца, дзе цячэ магутны Нёман. Месца, якое натхняла паэтаў і пісьменнікаў ствараць свае творы. Толькі на Уздзеншчыне нарадзіліся Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Лідзія Арабей, Пятро Глебка, Ілля і Васіль Гурскія. Каля Нёмана на Стаўбцоўшчыне тварыў Якуб Колас, на Капыльшчыне — Адам Русак. Аднойчы лёс накіраваў у вёску Магільнае Уздзенскага раёна і маладую Галіну НІЧЫПАРОВІЧ. Ці думала яна, простая паштальёнка без усялякай адукацыі, пра тое, што стане прызнанай паэткай? Што выдасць сем сваіх кніжак, што яе творы будуць уваходзіць амаль у 20 паэтычных зборнікаў.
Пераможца многіх літаратурных конкурсаў сустракае мяне на парозе свайго звычайнага вясковага доміка. У двары фігуркі з розных матэрыялаў, падрыхтаваныя да зімы клумбы, дзе раней было шмат кветак, самаробны, крыху падмёрзшы вадаёмчык — усё сведчыць аб любові да хараства. Звычайнае ў яе становіцца чароўным — “туман цалуе калені прахожым у восеньскі ранак”, “дзень вандруе ў клопатах зранку”, “вецер, як калючы вожык, прабірае да зубоў”…
Маляўнічае месца з навакольнымі зялёна-жоўтымі лясамі каля Нёмана сапраўды пасуе яе творчасці. Галіна Міхайлаўна прыехала сюды з вёскі Грабава Іўеўскага раёна. У 16 гадоў, як скончыла школу, вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў, але конкурс у педвучылішча не прайшла. Якраз у той час завітаў у свае родныя іўеўскія мясціны дырэктар Уздзенскага хлебазавода — запрашаў мясцовую моладзь на працу. Вось і Галіна вырашыла не сядзець на плячах у бацькоў (у іх было яшчэ дзве дачкі, а тата, ляснічы, зарабляў усяго 47 рублёў) і адгукнулася на прапанову, як бацькі ні адгаворвалі. На хлебазаводзе адпрацавала шэсць гадоў, там жа пазнаёмілася са сваім будучым мужам, а пасля маладыя пераехалі бліжэй да яго дома — ён з Галавачоў, суседняй вёскі. У сям’і нарадзілася трое дзяцей. А працаваць пайшла паштальёнкай, амаль 30 гадоў стажу.
— Пісаць спрабавала яшчэ ў школьныя гады, — распавядае Галіна Міхайлаўна. — Дзесьці ў мяне ёсць першы верш, які я прысвяціла сяброўцы прыкладна ў сёмым класе. Тады свае творы я не паказвала нікому, нават матулі. Саромелася, думала, што будуць смяяцца. Для мяне той, хто пісаў кніжкі, быў нейкай недасягальнай асобай. У школе вучылася не дужа добра, але вельмі многа чытала кніг. Памятаю, як некаторыя ў нашай школьнай бібліятэцы брала ўжо па другім крузе. І заўсёды ў маёй паштальёнскай сумцы быў аловак і лісцік паперы.
— А як заўважылі вашу творчасць?
— Дзесьці пасля 2000 года да мяне прыехаў карэспандэнт раёнкі. Калі працавала паштальёнкай, у мяне заўсёды былі добрыя паказчыкі, шмат грамат, перамог у розных спаборніцтвах. У час інтэрв’ю між іншым неяк сказала, што пішу вершы. Ён выпрасіў у мяне сшытак, потым адсвяткавалі мой дэбют, сталі запрашаць ў раённае літаратурнае аб’яднанне “Нёманец”. Вядома ж, як з’ездзіла раз, другі, мне спадабалася, бо маеш зносіны па духу з такімі, як і ты. Пасля стала наведваць абласны клуб кампазітараў і паэтаў “Жывіца”. Потым выйшла на пенсію, вольнага часу з’явілася больш, вось і стала пісаць актыўней. У выдавецтве “Беларусь” працавала мая сяброўка Тамара Дзесюкевіч, яна паказала мае творы вядомаму пісьменніку, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгію Васільевічу Марчуку. Памятаю, як ён мне сказаў: “Не дурыся, пішы заяву ў Саюз пісьменнікаў”. Мяне прынялі туды ў красавіку 2009 года.
НАША размова праходзіць у рабочым кабінеціку Галіны Міхайлаўны. Усё тут выглядае па-вясковаму проста, але вельмі ўтульна і прыгожа. Ні тэлевізара, ні камп’ютара, адзіная крыніца інфармацыі — прэса і кнігі (ажно два стэлажы). Няма ў пакоі нават пісьмовага стала. Паэтка стварае свае творы, седзячы ў крэсле насупраць вокнаў. На маленькім століку заўважаю дыплом за подпісам старшыні Саюза пісьменнікаў Мікалая Чаргінца як пераможцу літаратурнага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю Вялікай Перамогі за кнігу вершаў пра вайну. Успомнілася яе балада “Мацярынскае сэрца”. Сюжэт кранальны — партызаны, якія выходзілі з акружэння праз балоты, пачалі злавацца на адну жанчыну. Немаўля яе ніяк не супакойвалася — навокал немцы, усіх выдасць. Падказвалі пакінуць малое на купіне, але маці не аставіла сваё дзіця і кінулася з ім у багну.
— Сапраўды такі выпадак быў у нашых мясцінах, — кажа Галіна Міхайлаўна. — Але тут знайшлося месца для маёй фантазіі. На самой справе не скончыла жыццё самагубствам, яна проста пайшла з малым ад партызан у другі бок. На шчасце, засталіся жывымі. Якая маці кіне сваё дзіця, таму я і надала гэтай гісторыі больш трагічнасці.
— На жаль, ёсць і тыя, хто папракае пісьменнікаў і паэтаў за тое, што яны занадта ідэалізуюць вайну…
— Ведаеце, не расказана і дзясятай долі таго, што перажылі нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Мой тата Міхаіл Уладзіміравіч Аўдзевіч ваяваў у 75-й кулямётнай роце гвардзейскай двойчы Чырвонаармейскай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі 1-га Беларускага фронту, меў ордэн Айчыннай вайны I ступені, медаль Жукава, юбілейныя адзнакі. Удзельнічаў у баях пры ўзяцці Варшавы, Скернявіц, Ловіча і іншых польскіх гарадоў. Аднойчы тату параніла ў нагу, медсястра перавязала яго і паказала, у якім напрамку паўзці. Недзе паўкіламетра да санчасці. Навокал страляніна, ён узваліў на сябе мёртвага фрыца і рухаўся да жыцця ў страшэнных абставінах. Хіба мы можам уявіць і перадаць боль, што вынеслі тыя людзі? Не. На шчасце…
— У вас сем выдадзеных кніг, і ў назвах дзвюх ёсць слова “душа”, яно прысутнічае не ў адным з вашых вершаў…
— Што там ёсць, тое я і ўкладваю ў свае радочкі: “Пяшчоту з думкаю яднаю, душы цяплом струну кранаю…” Ёсць і пра радзіму, і пра каханне, і пра прыроду, і на дзіцячыя сюжэты. Усё бярэцца з рэальнага жыцця, трэба быць назіральным. Наведваю мясцовую школу, чытаю там свае творы. Ведаеце, маленькія вочкі не падмануць, бачна адразу — цікава, зразумела ці не. Дарэчы, там працуе гурток “Жывое слова”, і дзеці з настаўніцай вучацца складаць вершы, гэта ж цудоўна!
Спрабуе Галіна Міхайлаўна сябе і ў прозе. Гэта невялічкія замалёўкі таксама з жыцця, якія яна дасылае ў розныя выданні. Паказвае вялізны стос газет і часопісаў, дзе апублікавала свае творы. Сярод іх і вершы ў нашай газеце — у ”Беларускім ручніку”.
— Галіна Міхайлаўна, хто з пісьменнікаў, паэтаў аказаў уплыў на вашу творчасць?
— Мне падабалася паэзія Рыгора Сакалоўскага, старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Вялікая страта для сучаснай літаратуры, што Рыгора Васільевіча не стала, яшчэ мог бы шмат чаго напісаць. Люблю творчасць Лідзіі Арабей. Мне падабаецца яе вастрыня, з’едлівыя рэплікі-назіранні жыцця.
— Заўважыла, што ў вас больш твораў на роднай мове.
— Мне яна бліжэйшая. Нават у горадзе я ніколі не старалася гаварыць па-руску. “Наша родная мова — матульчына песня. Яе кожнае слова — цёплы промнік прадвесня”. Радочкі атрымліваюцца больш цёплыя.
— У вашай жартоўнай замалёўцы “Не заўсягды як на дзяды” бярэ на сум такі ўрывак: “Ці гэта час такі настаў, ці людзі змяніліся. Але раней, калі я працавала паштальёнкай, усе лаўкі ў вёсцы былі занятыя. Здаецца, і працы не меней было, але ж неяк жанкі ўпраўляліся — і парабіць, і адпачыць. Цяпер жа ўсю вёску прайдзі — нікога не ўбачыш, хіба сабаку, ды і той не забрэша”.
— Так, галоўны яе сюжэт пра маю знаёмую, якая расказала некалі на лаўцы адну гісторыю. Яна схавала ад мужа прыкуплены трохлітровік самагонкі ў вялікі цэбар з буракамі. Той жа, людзям на зайздрасць, тыдні тры так старанна ёй дапамагаў, што яна ўжо падумала: шкадуе яе гаспадар, можа, нават кахае. Усё стала зразумела, калі праверыла хованку. Слоік быў пусты…
Сёння кожны сядзіць у сваім катуху, і нікому не хочацца нікуды вылазіць, маладых зусім не бачна. Жывыя зносіны яны замянілі камп’ютарамі, тэлевізарамі. Памятаю, як у маладосці любілі ўвечары сабрацца, расказаць штосьці, песні праспяваць, бегалі ў кіно. Дзеці былі малыя, саседа папрашу, каб пайсці на чарговы індыйскі фільм. Здаецца, і працы было больш. Цяпер усё аўтаматызавана ў сельскай гаспадарцы. Гэта плюс, як і тое, што ў вёсцы даюць жыллё. Напрыклад, маёй дачцэ, мнагадзетнай маці, выдзелілі двухпавярховы катэдж, гэтую хату мы таксама некалі выкупілі ў калгаса.
Вёска радзее. Толькі на старасці год тых, хто яе пакінуў, сапраўды цягне назад да зямлі. Мы трымаем кабанчыка, курэй, трусоў, агарод на 15 сотак, і я чакаю наступнай вясны, каб пайсці прапалоць градку.
korshuk@sb.by
Фота аўтара