«Працуйце, з вас нешта вартае атрымаецца»

Паэт Мiкола Аўрамчык адзначае сёння свае 90-я ўгодкi

Так паэта благаславіў Якуб Колас

Мiкола Аўрамчык (на здымку), якi 14 студзеня адзначае свае 90-я ўгодкi, нарадзiўся ў тых мясцiнах, дзе жыла i знайшла апошнi прытулак унучка Пушкiна, насiў палiто, пашытае для Машэрава, напiсаў вершаваную паэму, якая i цяпер на слыху.

Не мог не стаць паэтам!

— Так склалася, — успамiнае Мiкалай Якаўлевiч, — што ў маёй роднай вёсцы Цялуша пахавана ўнучка Пушкiна Наталля Аляксандраўна. Як трапiла ў гэтыя мясцiны? Выйшла замуж за адстаўнога афiцэра i пераехала з iм на яго радзiму. Была вельмi прыязная, адукаваная. Мая мацi яе добра ведала, як, дарэчы, i творы самога Пушкiна. Сама спрабавала складаць вершы. Напэўна, i ў мяне гэта ад мацi. Яшчэ ў школьныя гады захапiўся вершаскладаннем.

Тады свае першыя творы даслаў у бабруйскую газету “Камунiст”. А пад­ахвоцiла мяне да гэтага сустрэча з Якубам Коласам, якая адбылася ў гарнiзонным Доме афiцэраў у прысутнасцi шматлiкай аўдыторыi. Адзiн з вершаў зачытаў я, атрымаў падтрымку песняра: “Працуйце, з вас, як мне здаецца, нешта вартае атрымаецца!” Апрача вершаваных твораў дасылаў у газету заметкi, карэс­пандэнцыi на розныя тэмы. Мне ўжо там рыхтавалi месца супрацоўнiка.

Аднаго разу даслаў свае вершы, некалькi кароткiх апавяданняў у кабiнет маладога аўтара пры Саюзе пiсьменнiкаў у Мiнск. Аркадзь Куляшоў i Кузьма Чорны далi падрабязныя рэцэнзii на мае творы, верш “Парашутыстка” быў змешчаны ў часопiсе “Полымя рэвалюцыi”. Затым мяне выклiкалi на курсы маладых лiтаратараў у Мiнск, пасля i паступiў на фiлалагiчны факультэт педагагiчнага iнстытута. I далей бы расцi, калi б не вайна...

Калi б не вайна...

Вайну Мiкалай Якаўлевiч не надта любiць успамiнаць: разам са сваiм сябрам, на той час ужо даволi вядомым паэтам Мiколам Сурначовым, пакiдалi палаючы Мiнск. Трымалi шлях на ўсход. Цяжка iм даўся той шлях, бо немцы, лiчы, па пятах iшлi... Нарэшце дабралiся да сваiх, ну i пасля кароткага навучання – у дзеючую армiю. У саставе дывiзiёна “кацюш” апынуўся Аўрамчык на Волхаўскiм фронце. “Былi i наступленнi, i адступленнi, — расказвае Мiкалай Якаўлевiч, — праз такую калатнечу прайшоў, сам не ведаю, як уратаваўся...”

— Чым запомнiўся пасляваенны час? – далей працягвае ён. – Мы былi шчаслiвыя: перамаглi! Але жылi цяжка, як кажуць, з апошняга. Я насiў фуфайку майго брата, якi павiнен быў вярнуцца з армii. Значыць, трэба аддаваць яму вопратку. А з чым сам застануся? Мы, праўда, з жонкай працавалi i нейкiя грошы сабралi. Пайшлi на таўкучку сёе-тое нагледзець. Бачым, стаiць прыемная з твару жанчына i прадае зусiм новае драпавае палiто. Разгаварылiся, яна i кажа: “Мужу шылi, ён павiнен быў ляцець на якуюсьцi канферэнцыю ў Лондан, ды нешта яно не пайшло...” – “А кiм працуе ваш муж?” – пытаюся я. “Сакратаром ЦК камсамола”. – “Пятро Машэраў? Дык я ж яго добра ведаю, бо сам працую ў газеце “Чырвоная змена”. Ну i ўзялi мы тое палiто, праўда, было трохi даўгаватае, але ў майстэрнi падкарацiлi. Насiў. Часта даводзiлася сустракацца з Машэравым, якi неўзабаве стаў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, але нiколi не заходзiла гаворка пра гэту рэч. Тое палiто з плячэй Машэрава насiў я цi не з дзесятак гадоў. I потым яшчэ доўга захоўваў.

«Лысая гара»: а аўтар хто?

Чым болей умацоўвалася мiрнае жыццё, тым болей набiрала разбег творчая праца ў Аўрамчыка. У 1949 годзе выходзiць першы яго паэтычны зборнiк “Пярэднi край”, потым – “Шляхамi”, “Ключы жураўлiныя” i iншыя. Ён член Саюза пiсьменнiкаў, прыкметная асоба на паэтычнай нiве: тонка адчувае паэтычнае слова. Не выпадкова Мiколу запрашаюць на працу ў часопiс “Полымя”, якому ён аддаў шэсць гадоў. Затым на працягу трох дзесяткаў гадоў ён загадваў аддзелам паэзii часопiса “Маладосць”. “Колькi праз мяне, — успамiнае Мiкалай Якаўлевiч, — прайшло таленавiтых аўтараў: Юрась Свiрка, Генадзь Бураўкiн, Вiктар Гардзей, Яўгенiя Янiшчыц i iншыя! Каля такiх сам маладзеў душой i сэрцам!”

А разам з гэтым — паездкi па краiне, сустрэчы з калегамi па пiсьменнiцкiм цэху, шматлiкай чытацкай аўдыторыяй.

Памятаю, у сямiдзесятых гадах мiнулага стагоддзя хадзiў рукапiс вершаванай паэмы “Лысая гара”. Здавалася б, незаманлiвы сюжэт: пiсьменнiцкая раць будуе дачы, участкi пад якiя атрымалi непадалёк ад Мiнска. Але настолькi цiкава, захапляльна напiсана, такой сакавiтай мовай, з гумарам, жартамi – чыталася на адным дыханнi! Потым паэма выйшла асобным выданнем у бiблiятэчцы часопiса “Вожык”, яшчэ раз 100-тысячным тыражом, якi разышоўся iмгненна!

Хто ж напiсаў паэму? Доўга не было вядома. Народная, казалi, але потым сёе-тое пачало прасвятляцца: сталi называць Мiколу Аўрамчыка ў сааўтарстве з яшчэ адным вядомым паэтам. Пацiкавiўся на гэты конт у Мiкалая Якаўлевiча, ён загадкава ўсмiхнуўся: “Хто ведае...” Аднак, калi папрасiў яго сёе-тое працытаваць з паэмы, ён зрабiў гэта са здзiўляючай лёгкасцю. “Цi не перада мной аўтар?” – закралася думка. Яна яшчэ больш умацавалася, калi Мiкалай Якаўлевiч паведамiў, што падрыхтаваў кнiгу пра напiсанне “Лысай гары”. Што ж, будзем чакаць яе выхаду. Там, спадзяёмся, i будуць расстаўлены ўсе кропкi над “i”.

Фота: Аляксандр АНТАШКЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter