Пра правы i абавязкi

Дзiця павiнна ведаць свае правы
Дзiця павiнна ведаць свае правы. Як часта ў школе мы, настаўнiкi, звяртаемся да гэтай тэмы: праводзiм класныя гадзiны i пазакласныя мерапрыемствы! Тым часам сучасныя дзецi забываюць пра свае абавязкi. I ў кожнага настаўнiка знойдуцца прыклады, калi вучнi не слухаюцца i адносяцца са знявагай да заўваг. А ў школе ў першую чаргу павiнна быць дысцыплiна. Але калi строга пагаворыш з дзiцём, патлумачыш або прааналiзуеш яго паводзiны, пачуеш, што настаўнiк не мае на гэта права. Адкуль гэта?



Паглядзiце, у каго ператвараюцца дзецi ўласнымi бацькамi. Многiя вучнi сталi расхлябанымi i распешчанымi, а нахамiць незнаёмаму чалавеку для iх норма. Аказваюць негатыўнае ўздзеянне i мабiльныя тэлефоны, планшэты ды iншыя цацкi. I дзецi не спецыяльна такiмi становяцца. Такiмi iх робiць час. А бацькi гэтаму садзейнiчаюць. Адна жанчына неяк расказала пра сына, якi запатрабаваў купiць планшэт, хоць у яго ўжо на той момант былi добры мабiльны тэлефон i камп’ютар. Бацькi купiлi планшэт за апошнiя грошы. Але мама вельмi рада, таму што сын задаволены, i цяпер, па яе словах, гадзiнамi гуляе ў розныя гульнi. Атрымлiваецца, калi хлопчык запатрабуе сапраўдную машыну, бацькам таксама давядзецца яе купiць, бо iх сын павiнен быць шчаслiвым? Цi другi выпадак, калi ў старшакласнiцы мабiльны тэлефон велiчынёй з кнiгу. Спецыяльна носiць з сабой сумку для гэтай рэчы. Нязручна, але ж «модна».

Мне, радавому настаўнiку, крыўдна за дзяцей, бо мы iх губляем. I сiтуацыю можна выправiць толькi тады, калi мы, i бацькi, i настаўнiкi, будзем iсцi да мэты разам. I помнiць, што абавязак дзяцей — павага ў адносiнах да дарослага чалавека, знаёмага i незнаёмага, i павага да працы. Абавязак дзяцей — дапамога бацькам па дому, да чаго многiх наогул не прывучаюць. Абавязак дзяцей — быць дысцыплiнаванымi i чалавечнымi. Дзецi павiнны ведаць свае правы, а агульнапрынятыя абавязкi i гуманiстычныя традыцыi павiнны быць iх законам жыцця.

Алена ЦЫВIЛЬКА, настаўнiк беларускай мовы i лiтаратуры.

Быхаўскi раён.

Советская Белоруссия № 202 (24832). Вторник, 20 октября 2015
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter