Сёння ў Белдзяржуніверсітэце пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы
ФОРУМ «Літаратура—мова—культура» — традыцыйны, і ладзіцца на філфаку БДУ ўжо ў сёмы раз. Канферэнцыя, па меркаванні арганізатараў, збярэ каля паўтары сотні лінгвістаў і літаратуразнаўцаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Балгарыі і Японіі. На ўрачыстую цырымонію адкрыцця запрошаны сын Якуба Коласа Міхась МІЦКЕВІЧ.
— На форуме будуць працаваць секцыі, прысвечаныя мастацкаму свету твораў нашых песняроў, традыцыям класікаў беларускай літаратуры, — расказала карэспандэнту «БН» доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Таццяна Шамякіна. — Спецыялісты прааналізуюць месца беларускай класікі ў сусветным кантэксце, абгавораць шэраг іншых актуальных навуковых тэм. Напрыклад, навукоўцы з Японіі выступяць з дакладам аб перакладах беларускай літаратуры на японскую мову.
Увазе навукоўцаў будзе прадстаўлена таксама і стужка «Спадчына», якая распавядзе гасцям пра жыццё і творчасць Якуба Коласа. Фільм створаны на кафедры беларускай літаратуры і культуры філфака БДУ.
Сёння ж на Вайсковых могілках у Мінску, дзе пахаваны Якуб Колас і Янка Купала, адбудзецца ўскладанне кветак у гонар песняроў. Для ўсіх удзельнікаў канферэнцыі падрыхтавана таксама вялікая культурная праграма, якая ўключае наведванне літаратурных музеяў сталіцы, экскурсіі па Мінску і ўніверсітэцкім дворыку БДУ «Наш універсітэт».
Завершыцца канферэнцыя ў пятніцу, 28 верасня.
Таццяна УСКОВА, «БН»