Покліч роднага дома

29 кастрычніка спаўняецца 70 гадоў з дня ўтварэння рэспубліканскай службы аховы — аднаго з самых шматлікіх на сёння, моцных і аператыўных падраздзяленняў беларускай міліцыі. У ліку найлепшых і вядомых прадстаўнікоў спецыфічнага ведамства — былы начальнік аддзела пазаведамаснай аховы пры УУС Мінскага аблвыканкама адстаўны палкоўнік Сцяпан Іванавіч Выскварка.

У гасцях у Сцяпана ВЫСКВАРКІ — былы старшыня савета ветэранаў Уладзімір АРЛОЎСКІ (злева) і начальнік Мінскай абласной аховы Алег ЦАРУК.

Падчас тэрміновай службы Сцяпан быў спачатку вучнем 1-га Балтыйскага флоцкага экіпажа, затым вучнем-хімікам школы імя Сладкова. Паспяхова скончыўшы вучэбку, аказаўся на базавым тральшчыку «Т-95» 2-га дывізіёна 61-й брыгады спецыяльнага назначэння Паўночнага флоту. З часам хімік-дазіметрыст паказальна праяўляў сябе ў складзе 142-га дывізіёна тральшчыкаў 114-й брыгады аховы воднага раёна Камчацкай ваеннай флатыліі Ціхаакіянскага флота. У другой палове верасня 1954-га намеснік міністра абароны СССР адмірал флоту Мікалай Кузняцоў падпісаў прыказ аб прысваенні Сцяпану Выскварку звання малодшага лейтэнанта запасу.

Бадзёры, узмужнелы і пасталелы, марак вярнуўся ў родныя Блеўчыцы, дзе доўга не затрымаўся. У Мінску ж паспрабаваў сябе ў розных сферах, але ўрэшце назаўсёды звязаў сваё жыццё з беларускай міліцыяй. Напрыканцы сакавіка 1963-га старшага інспектара ўпраўлення кніжнага гандлю Галоўвыдата Мінкульта Сцяпана Выскварку прынялі на пасаду оперупаўнаважанага аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці ўпраўлення аховы грамадскага парадку Мінаблвыканкама. З першых дзён працы на новым месцы ўсе свае веды (паспеў скончыць юрфак БДУ), сілы і энергію новенькі накіраваў на барацьбу з парушальнікамі закона. Таму зусім не выпадкова меней чым праз пяць месяцаў стаў лейтэнантам, адным з лепшых слухачоў месячных курсаў удасканалення аператыўна-начальніцкага складу пры Мінскай спецыяльнай сярэдняй школе міліцыі.

Калегі па службе не пераставалі здзіўляцца, як хутка і граматна навабранец абагульняе аператыўныя дакументы і матэрыялы. Паспявае практычна дапамагаць гаррайорганам, патрабуючы ад іх належных адносін да агульнай справы. Свае веды іншага накірунку адукаваны спецыяліст дэманстраваў на семінары па вывучэнню знешняй палітыкі СССР ужо ў званні старшага лейтэнанта. У многім дзякуючы яму выявілі групу хабарнікаў і раскрадальнікаў у Слуцкай раённай нарыхтоўчай канторы і змаглі затрымаць небяспечнага злачынцу. Вялікім быў ягоны асабісты ўнёсак і ў выкрыванні і асуджэнні не чыстых на руку працаўнікоў Капыльскага райспажыўсаюзу.

Пасля паспяховых аперацый па­дзякі і грашовыя прэміі не прымушалі сябе доўга чакаць. А на руцэ з'явіўся наручны гадзіннік, які захоўвае і па сёння. Імя выдатнага спецыяліста, актыўнага слухача семінара па вывучэнні праблем міжнароднага камуністычнага руху занеслі на Дош­ку гонару ідэалагічнага актыву МУС БССР.

Кіраўніцтва абласной міліцыі не магло гэтага не заўважыць — і адказнага, ініцыятыўнага супрацоўніка спачатку зрабілі старшым опер­упаўнаважаным аддзела БКСМ, а ў хуткім часе і начальнікам сакратарыята з прысваеннем звання капітана адміністрацыйнай службы.


За кароткі час праца была зроблена немалая. У васьмі гаррайорганах унутраных спраў і чатырох аддзелах УУС праверылі сакрэтнае справаводства. Супрацоўнікі атрымалі спецыяльныя блакноты, маркіравальныя і электронна-капіравальныя машыны, цыферблатныя вагі ды іншае. На пачатку 1970-х намаганнямі кіраўніка сакратарыята скараціліся тэрміны праходжання «папер», палепшыліся вынікі вырашэння скаргаў і заяў. Строга кантраляваліся рэжымныя дакументы і іх выкананне. Супрацоўнікі своечасова інфармаваліся і знаёміліся як са «сваімі», так і з міністэрскімі загадамі.

Адзін з іх нечакана датычыўся і самога начальніка. Яго падпісаў 8 ліпеня 1976-га тагачасны кіраўнік галоўнага міліцэйскага ведамства генерал-лейтэнант унутранай службы Аляксей Клімаўскі. У дакуменце гаварылася, што маёр унутранай службы прызначаецца на пасаду начальніка аддзела пазаведамаснай аховы пры УУС Мінскага абл­выканкама. Праз тры гады трэці па ліку рулявы абласной аховы прайшоў перападрыхтоўку ў Новачаркаскай міліцэйскай школе, пасля чаго да яго пачалі звяртацца як да падпалкоўніка міліцыі.

Патрабаванні да службы ста­віліся высокія. Толькі што саюзны Саўмін прыняў пастанову, якая прадугле­джвала ўзмацненне аховы сацмаёмасці і ўстараненне прычын, што нараджаюць крадзяжы і безгас­падарчасць. Неабходна было значна палепшыць назіранне за прамысловымі прадпрыемствамі, вытворчымі, складскімі, тарговымі ды іншымі аб'ектамі з матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Галоўны абласны ахоўнік аказаўся не з тых, каму патрэбна паўтараць задачы па некалькі разоў. Начальнік Упраўлення пазаведамаснай аховы міліцэйскі палкоўнік Уладзімір Нялюбін быў упэўнены, што Сцяпану Выскварку хопіць і аднаго. І, як заўжды, не памыліўся. Мінская вобласць паказала прыклад таго, як трэба адносіцца да справы.

Асаблівую ўвагу звярнулі на тых, хто вырабляў мяса і малако, працаваў у харчовай і лёгкай прамысловасці. Менавіта тут здзяйснялася больш за 70 адсоткаў мелкіх крадзяжоў ад іх агульнай колькасці на Міншчыне. Сумесна з гаспадарнікамі кіраўніцтва ўпраўлення распрацавала сумес­ныя з гаспадарнікамі меры па ўдасканаленню аховы. Аб'екты грунтоўна праверылі на тэхнічную ўмацаванасць і пажарную бяспеку.

— Свае станоўчыя вынікі, — з гонарам успамінае праз гады Сцяпан Іванавіч, — давалі тады рэгулярныя рэйды і дэкады. Мы праводзілі іх сумесна з прадстаўнікамі іншых службаў і грамадскасці. Прадугледжвалі і кантрольныя праверкі вывазу таго, што выраблялася.

У 1975-м, які парадаваў новымі працоўнымі дасягненнямі, давялося перажыць і вялікае гора. На 86 го­дзе свайго цікавейшага жыцця памёр бацька Іван Васільевіч, які вельмі ганарыўся сынам, і ён часцей і часцей пачаў наведваць маці, дапамагаючы ёй трымаць вялікую гаспадарку. Падтрымліваў яе, адну з лепшых калгасніц «Перамогі», да самой смерці, якая напаткала Ганну Якаўлеўну ў 1983-м, калі ёй споніўся 81 год.

Жыццё, аднак, працягвалася і патрабавала чарговых намаганняў на службе. Праз тры гады пасля прыходу Сцяпана Іванавіча на пасаду кіраўніка яго падначаленыя папярэдзілі ўжо 221 крымінальнае злачынства, у тым ліку 127 крадзяжоў з аб'ектаў, за якімі сачылі. Затрымалі 164 зрабіўшых злачынства, больш за 4400 парушальнікаў грамадскага парадку, амаль 1130 мелкіх раскрадальнікаў, у якіх канфіскавалі і вярнулі гаспадарам матэрыяльных каштоўнасцяў больш чым на 10 тысяч рублёў. Характэрна, адзначае сёння Сцяпан Іванавіч, што дзясяткі крымінальных злачынстваў раскрылі з удзелам начной міліцыі, стварэнне якой было ўзаконена ў рэспубліцы яшчэ ў 1967-м, на тры гады раней, чым у Саюзе. Яе асновай у вобласці сталі аўтамотапатрульныя нарады. У найбольш буйных гарадах пачалі актыўней пераходзіць на кругласутачную міліцэйскую ахову. Гэта дазволіла, па словах Сцяпана Іванавіча, смялей і бяспечней прымаць пад свой нагляд і кватэры грамадзян. Усе, каго браў начальнік у начную міліцыю, праходзілі неабходнае навучанне. Страявыя аддзяленні па 10—15 штыкоў арганізоўвалі з радавога і начальніцкага складу, які прыходзіў на змену вартаўнікам і брыгадзірам. Яны падпарадкоўваліся непасрэдна начальнікам адпаведных службовых падраздзяленняў. 

Кожны дзень Сцяпан Іванавіч чуў покліч родных бацькоўскіх акон, і з першых сваіх пенсійных дзён, якія ўзялі адлік 1 сакавіка 1988-га, рэгулярна і сардэчна на яго адгукаўся. З густам адрамантаваў дом-аднагодак. Доўгі час, жывучы ў ім з ранняй вясны да позняй восені, клапаціўся пра сямейны сад, папаўняючы яго новымі дрэвамі. Трымаў парсючкоў, курэй, гусей, качак. Даглядаў, як сапраўдны гаспадар, шыкоўны агарод. Сеяў ячмень і канюшыну, садзіў расаду буракоў і капусты, бульбу. Праз колькі гадоў і ўвогуле пераехаў у Блеўчыцы, дзе працягвае наводзіць прыгажосць у бацькоўскім доме і вакол яго, дзе разам з ім гаспадарыць прыемная таямнічая цішыня, якую парушаюць улетку дзеці, унукі і праўнукі.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА 

Былы начальнік аддзела пазаведамаснай аховы пры УУС Мінскага абл­выканкама адстаўны палкоўнік міліцыі Сцяпан Іванавіч Выскварка нарадзіўся 19 жніўня 1929 года ў вёсцы Блеўчыцы Капыльскага раёна ў сялянскай сям'і. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць чатыры класы мясцовай школы, якую спалілі фашысцкія захопнікі. Пасля вызвалення вучыўся ў Быстрыцкай сямігодцы, затым — у Мінскім статыстычным тэхнікуме ЦСУ СССР. Быў накіраваны ў Пінскую вобласць на пасаду інспектара Ленінскага райвыканкама, адкуль прызвалі ў ваенна-марскі флот. Працаваў у раённым і абласным ваенкаматах сталіцы, Галоўвыдаце Мінкульта. Скончыў юрфак БДУ. Займаў розныя пасады ў апараце УУС Мінаблвыканкама. Абласную службу аховы, якой кіраваў амаль 12 гадоў, узначаліў у званні маёра ўнутранай службы ў лістападзе 1969-га. Сярод узнагарод — медалі «За бездакорную службу» трох ступеняў, «Ветэран працы», нагрудныя знакі «Выдатнік міліцыі» і «За адданасць абавязку і прысязе».

Уладзімір БАРЫСЕНКА.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter