Пісьменнік Мікола Мятліцкі: збылася даўняя мара Купалы – беларусы сталі роўнымі сярод роўных



– Трэцяга ліпеня – значны дзень для моцы нашай краіны. Літаральна 70 з лішкам год назад наша зямля ляжала ў руінах і папялішчах на лоне самай жорсткай вялікай вайны свету. Мы сягоння перажываем адгалоскі генацыду, які быў учынены над нашым беларускім народам супольным Захадам, што прыйшоў сюды пад фашысцкімі сцягамі. Нашым папярэднікам крывёй і мужнасцю ўдалося выстаяць навалу, паўстала новая маладая Беларусь, поўная жыццядайных сіл. І сягоння наша краіна ў пары свайго эканамічнага, духоўнага і палітычнага росквіту. Мы пачутыя ў цэлым свеце, здзейснілася даўняя мара песняра Янкі Купалы: сталі роўнымі сярод роўных народаў. Трымаючы ў сэрцы гэтае пачуццё, грукаемся ў дзверы да суседзяў, далёкіх нашых сяброў з самым міралюбным пасылам – зычым усяму свету дабрабыту. Мы за шчасце, братэрства і роўнасць для ўсіх.

Але, на жаль, ёсць і тыя, асабліва адкуль прыходзілі папярэднія войны, хто хоча ўчыніць новы бліцкрыг над нашай краінай. Адчуваем, што вабяць іх нашы нацыянальныя і эканамічныя скарбы, не па душы той лад, які наш народ сталюе і выбраў. Яны хочуць прыгрэць да сваіх рук і падзяліць паміж сабой здабытае потам нашага народа, трымаючы нас, як марылі 80 год назад фашысты, у няволі, кайданах і рабскіх умовах існавання. Але наш духоўны і эканамічны патэнцыял, разуменне таго, што страта Айчыны – самае непапраўнае і недаравальнае, утрымае нас на паверхні гісторыі. Мы ніколі не канем у вечнасць, калі будзем прымнажаць эканамічныя і духоўныя сілы, мацаваць нацыянальную еднасць і верыць, што на памежжы Усходу і Захаду наша краіна прарасла дзівоснай, прыгожай кветкай. Хачу ў гэты святочны дзень, які стаіць на нашай зямлі па калені ў крыві, пажадаць суайчыннікам стойкасці, каб нас ніякія ветры эпох не ўздзьмулі на ўзбочыну гісторыі.

basikirskaya@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter