Адной з першых пераможцаў конкурсу стала кандыдат тэхнічных навук Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НПЦ харчавання Ірына КАЛТОВІЧ. Яна лічыць, што гэта высокая ацэнка працы маладзёжнага калектыву. Ірына Васільеўна распрацоўвае тэхналогіі вытворчасці мясных прадуктаў, у тым лiку павышанай харчовай i біялагічнай каштоўнасці.
Пераможца прэстыжнага конкурсу ўключана ў акадэмічны рэзерв кіруючых кадраў і ўзначаліла сектар комплексных даследаванняў мясных прадуктаў аддзела тэхналогій мясных прадуктаў.
Актыўна працуем над абгрунтаваннем патрабаванняў для вытворчасці вырабаў з бараніны. Паспяхова завершаны навуковы праект па распрацоўцы тэхналогіі прыгатавання кулінарных вырабаў і паўфабрыкатаў з выкарыстаннем сухiх сумесей i эмульсiй для 3D-тэхналогiй. Наш калектыў першым у Беларусі перайшоў на прымяненне такіх тэхналогій для вырабу натуральных высакаякасных мясных прадуктаў. Два гады з загадчыцай харчовым інавацыйным цэнтрам Таццянай Шакель працавалі над тэхналагічным і эканамічным абгрунтаваннем гэтага блока мадэліравання і задуманай мэты дабіліся.
За якасцю інавацыйных работ пільна сочыць намеснік дырэктара Кацярына Шэгідзевіч. Наш калектыў пастаянна ў творчым пошуку, кожнаму поспеху радуемся разам. Нядаўна віншавалі з атрыманнем звання кандыдата тэхнічных навук Кацярыну Бяспалаву. Навуковую ступень яна атрымала за распрацоўку тэхналогіі вырабу малочнай прадукцыі. На чарзе абарона кандыдацкай дысертацыі загадчыцы харчовым інавацыйным цэнтрам Таццяны Шакель.
— Ірына Васільеўна, вы яшчэ і кіраўнік савета маладых вучоных. Не замінае ў працы грамадская нагрузка?
— Наадварот, пашырае кругагляд. Дапамог і вопыт працы вучоным сакратаром савета маладых вучоных аддзялення аграрных навук. Акадэмічным саветам да прызначэння на пасаду міністра адукацыі кіраваў член-карэспандэнт НАН Беларусі доктар хімічных навук Андрэй Іванец, чалавек таленавiты і крэатыўны. Разам з ім абмяркоўвалі нашу дзейнасць, намячалі перспектыўныя планы. Андрэй Іванавіч умее запальваць арыгінальнымі ідэямі.
У савеце маладых навукоўцаў інстытута пануе ўзаемаразуменне. Выступаем з лекцыямі ў вытворчых калектывах, удзельнічаем у спецыялізаваных форумах, канферэнцыях. Наш стэнд заўжды ажыўлены на выставе «Белагра». У канцы года на справаздачна-выбарным сходзе аналізуем вынікі, акрэсліваем вехі дзейнасці. Без нас не абыходзіцца ні адно акадэмічнае спартыўна-масавае мерапрыемства. Дыпломамі адзначаны перамогі маладых спартсменаў НПЦ харчавання на розных спаборніцтвах.
Напярэдадні рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь збіраліся калектывам, выказвалі свае прапановы. І мы з мужам Аляксандрам Уладзіміравічам (працуе ўрачом у РНПЦ «Кардыялогія») дома абмяркоўвалі праект важнага дзяржаўнага дакумента, у якім ахоплены ўсе сферы жыццядзейнасці нашага грамадства. У абноўленым варыянце замацавана мадэль дзяржаўнасці, у аснове якой захоўваюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, гуманізму, традыцыйныя каштоўнасці. Галасы за новы праект Канстытуцыі мы з мужам аддадзім у дзень правядзення рэферэндуму.
Клопат дзяржавы пра развіццё навукі відавочны на прыкладзе нашага інстытута. Доследныя лабараторыі абсталяваны па-сучаснаму, што спрыяе навуковай дзейнасці, прыборы пастаянна абнаўляюцца. Акадэмічнае кіраўніцтва клапоціцца і пра побыт маладых кадраў: ім выдзяляецца арэнднае жыллё ў ЖК «Магістр». І я пачынала сталічнае жыццё там.
— Адкуль прыехалі ў сталіцу?
— З Магілёва. У дзяцiнстве жадала быць лекарам, таму што расла ў медыцынскай сям'i. Але калі настаў час паступаць вучыцца, каб не пакідаць родны горад, спыніла выбар на хіміка-тэхналагічным факультэце Магiлёўскага дзяржуніверсітэта харчавання. У студэнцтве займалася ў навуковых гуртках. Пад кіраўніцтвам педагогаў праводзіліся эксперыменты па вырабе мясных прадуктаў. На старэйшых курсах захапілася тэхналогіяй прыгатавання прадуктаў для спартсменаў. Распрацаваную намі ў Iнстытуце мяса-малочнай прамысловасцi тэхналогію вырабу кансерваў «Алімпіец» i «Чэмпіён», рубленых мясных паўфабрыкатаў «Атлет» i «Сiлач» для харчавання спартсменаў укаранілі на Аршанскім мясакансервавым і Ашмянскім мясным камбiнатах.
Шмат новага ў харчовай тэхналогіі адкрыла для сябе падчас вытворчай практыкі ў Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці, адтуль і запрашэнне на працу атрымала. Больш як дзесяць гадоў займаюся любімай справай.
Навуковы супрацоўнік лабараторыі абсталявання і тэхналогій малочнакансервавай вытворчасці кандыдат тэхнічных навук Кацярына БЯСПАЛАВА, загадчыца харчовым інавацыйным цэнтрам Таццяна ШАКЕЛЬ, намеснік дырэктара па якасці і інавацыйнай рабоце Кацярына ШЭГІДЗЕВІЧ.
— Поспех маладога навукоўца шмат у чым залежыць ад таго, хто кіруе яго даследаваннем?
— Сапраўдныя вучоныя — такая катэгорыя людзей, якія іншага шляху сабе не ўяўляюць. Тым яны і асаблівыя. Перад кожным з іх гатова здымаць шапку за шчырую адданасць справе. З цеплынёю ўзгадваю навуковага кіраўніка ў аспірантуры доктара тэхнiчных навук Алега Віктаравіча Дымара. Навічкам шмат увагі надаваў былы дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Аляксей Віктаравіч Меляшчэня. Знаходзіў час, каб выслухаць, а калі неабходна, дапамагчы. І пасля пераводу на больш адказную пасаду ён цікавіцца справамі калектыву. Сённяшні кіраўнік інстытута Гардзей Уладзiмiравiч Гусакоў таксама шмат увагi надае маладым навукоўцам, дапамагае ў творчай дзейнасці. Ёсць чаму павучыцца ў вучонага сакратара Тамары Аляксандраўны Савельевай, намесніка дырэктара Наталлі Мікалаеўны Фурык. У нашым калектыве ладзяцца семінары, навучальныя курсы для спецыялістаў харчовай прамысловасці рэспублікі і блізкага замежжа.
— Заняткі арганізованы па спецыяльна распрацаванай праграме, — дадае намеснік дырэктара па якасці і інавацыйнай рабоце Кацярына Шэгідзевіч. — Прымалі калег з Расіі, Казахстана, Кітая. У развіцці малочнай прымысловасці ўпэўнена крочым побач з перадавымі краінамі свету. Беларусь трымаецца ў пяцёрцы найбольш буйных экспарцёраў малочнай прадукцыі.
Аператыўна адгукаецца калектыў на вырашэнне найбольш актуальных задач. Так было з рэалізацыяй саюзнай праграмы па перапрацоўцы адходаў малочнай сыравіны — сыроваткі. У 2008 годзе на прадпрыемствах рэспублікі перапрацоўвалася толькі пятая частка яе, востра стаяла экалагічная праблема. Спецыялісты інстытута сумесна з калегамі з Расіі аператыўна заняліся ўдасканаленнем тэхналогіі перапрацоўкі прамысловых адходаў у сухі парашок. З мінулага года ўся сыравіна на малакаперапрацоўчых прадпрыемствах рэспублікі задзейнічана ў вырабе каштоўнага сухога прадукту. Навукоўцы знайшлі прымяненне сыроваткі ў розных галінах прамысловасці, наладзілі тэхналогію атрымання з яе карыснага для харчавання спартсменаў бялку. Але кропка ў гэтым навуковым эксперыменце не пастаўлена, вышукваем варыянты для атрымання больш эфектыўнага прадукту.
А як быць, калі эксперымент не дае жаданага выніку? Загадчыца харчовым інавацыйным цэнтрам Таццяна Шакель пераканана:
— Вучонаму трэба мець цвёрды характар, быць настырным, каб прааналізаваць кожны крок і высветліць, на якім этапе збой. Потым прымусіць сябе ўсё паўтарыць. У навуку прыходзяць па прызванні. Калі адчуваеш яго, застаецца выбіраць тое, да чаго ляжыць душа. Важную ролю для тых, хто вырашыў займацца навуковай справай, адыгрывае асабістая матывацыя.
— Для мяне, прыземленага чалавека, няма завоблачных мар, — шчыра адзначыла Ірына Калтовіч. — Калі стаўлю мэту, адразу пачынаю дзеля дасягнення яе нешта рабіць. Каб здзяйсняць свае мары, перш за ўсё трэба не спыняцца. Імкнуся прыносіць карысць людзям.
— Пад гэтымі словамі можа падпісацца кожны ў нашым калектыве, — пераканана навуковы супрацоўнік лабараторыі малочнакансервавай вытворчасці кандыдат тэхнічных навук Кацярына Бяспалава. — Структурныя падраздзяленні працуюць па вызначаных накірунках дзейнасці. У нас адзіная ў рэспубліцы ўнікальная вытворчасць бактэрыяльных заквасак для малочнай прамысловасці. Забяспечваем імі прадпрыемствы па вырабе смятаны, ёгуртаў, сыроў.
Крэатыўна працуем і над стварэннем тэхналогіі прыгатавання прадуктаў для розных узроставых груп насельніцтва, асабліва для дзяцей. Для старэйшага пакалення, у якога праблемы з суставамі, распрацавалі тэхналогію вырабу мясных высакаякасных прадуктаў, насычаных бялком злучальнай тканкі і іншымі інгрэдыентамі. Улічваем харчовую і біялагічную каштоўнасць, якая патрэбна дакладнай катэгорыі людзей.
Такое стаўленне атрымала шырокае развіццё ў свеце. Фарміруецца прадукт, які будзе карысны пэўнай катэгорыі людзей. Кожную навінку з прымяненнем абагачальных кампанентаў абмяркоўваюць са спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя, жорстка вытрымліваюцца тэхналагічныя нормы. Фарміруецца перспектыўная тэматыка дзейнасці, вырашаюцца метады яе рэалізацыі. Гэта крэатыўная работа. Падуладна яна дружнаму маладзёжнаму калектыву аднадумцаў.
Кожнаму з іх пры выбары жыццёвага шляху ўнутраны голас падказваў, як паступіць. Не здзіўлюся, калі праз час даведаюся пра іх новыя навуковыя дасягненні і спіс лаўрэатаў прэстыжнага конкурсу «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» дапоўняць іх прозвішчы.
subbat50@mail.ru