Знакомимся с островецким хлеборобом Леонардом Миклисом, чей труд отмечен медалью «За трудовые заслуги»

Памочнік брыгадзіра КСУП «Гудагай» Астравецкага раёна Леанард Мікліс: «Без руплівасці хлебароба колас багатым не будзе»

Спрадвечныя клопаты хлебароба нібыта вулей з няўрымслівымі пчоламі, ад якіх няпроста адхінуцца. Але дзіўна атрымліваецца: вызвалі ад справы заўзятага працаўніка — і ён адчуе сябе нікому не патрэбным. Менавіта так можна сказаць пра памочніка брыгадзіра вытворчай брыгады ў раслінаводстве КСУП «Гудагай» Астравецкага раёна Леанарда МІКЛІСА. Дзяцінства яго прайшло на хутары. Побач з гэтымі мясцінамі ўзвышаюцца карпусы Беларускай атамнай станцыі. 


Пасля заканчэння васьмі класаў сялянскі сын без ваганняў прыняў рашэнне працягваць справу бацькоў. У Ашмянскім сельскім прафтэхвучылішчы атрымаў прафесію трактарыста-машыніста і пасведчанне вадзіцеля аўтамабіля. Вярнуўся дамоў і сеў за руль трактара ў родным калгасе «Чырвоны Кастрычнік». Завочна закончыў агранамічнае аддзяленне Навагрудскага саўгаса-тэхнікума і стаў працаваць аграномам. З года ў год набываў вопыт гаспадарчай дзейнасці. Кіраўніцтва калгаса даручыла яму ўзначаліць вытворчы ўчастак. Каб атрымаць вышэйшую агранамічную адукацыю, паступіў на завочнае аддзяленне Ленінградскага сельгасінстытута. Закончыў тры курсы, і жыццёвыя абставіны склаліся так, што завяршыць вучобу не атрымалася. 

За дзесяцігоддзі праца на зямлі запаланіла яго душу, стала асновай жыцця. Гаспадарка славілася высокімі ўраджаямі. У складзе дэлегацыі перадавікоў Астравецкага раёна не адзін раз ездзіў у Маскву на ВДНГ, дзе быў адзначаны граматамі. 

У рэарганізаванай гаспадарцы ў КСУП «Гудагай» Леанард Станіслававіч працуе намеснікам начальніка вытворчага ўчастка. За шматгадовую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Неаднаразова адзначаўся граматамі Мінсельгасхарчу, Гродзенскага аблвыканкама, прымаў удзел у абласных і раённых святах-кірмашах «Дажынкі».

Больш за паўвека працуе ён на гэтай зямлі. Пасля шматлікіх далучэнняў сусед­ніх гаспадарак адлегласць з аднаго ў другі канец пера­высіла паўсотню кіламетраў. Ворыў­ных зямель амаль сем з пало­вай тысяч гектараў, восем малочна-таварных комплексаў і ферм, сем невялікіх ферм па адкорму буйной рагатай жывёлы, два механізаваныя станы, дзе канцэнтруецца тэхніка. Усё гэта аб'яднана ў адну вытворчую структуру. Дзякуючы магутнаму тэхніч­наму арсеналу і руплівасці механі­за­тараў усе палявыя работы тут выконваюцца дакладна па тэхналогіі. Так і ў гэтую вясну гудагай­скія хлебаробы аднымі з першых у раёне справіліся з веснавой сяўбой. Хлебная ніва тут самая вялікая ў раёне — 2600 гектараў. І кукурузная плантацыя, якая зай­мае 1700 гектараў, таксама на Астравеччыне самая буйная. Друж­ныя ўсходы набіраюць моц.

— Пасля завяршэння сяўбы імкнуся перад ранішняй нарадай зазірнуць на поле, паглядзець, як з зямлі прабіваюцца першыя ўсходы збажыны, — прызнаецца Леанард Мікліс. — Вазьму пяць — дзесяць зярнятак — і на сэрцы лягчэй ад таго, што ўсе яны з беленькімі парасткамі. Значыць, дружна прачнуліся, цягнуцца да сонца. Сёлетні май выдаўся з тэмпературнымі перападамі. На пачатку месяца халодныя ночы стрымлівалі з'яўленне ўсходаў, а потым сушыць стала. 

Вось так некалі з дзедам Феліксам Канстанцінавічам на яго хутарскім полі чакалі ўсходаў. Дзед слыў заможным селянінам. Будаваў дамы, вырабляў бочкі, займаўся іншымі гаспадарчымі справамі. Да арганізацыі калгаса меў больш за тры дзясяткі гектараў уласнай зямлі, трымаў чатырох коней, некалькі кароў, свіней. Калі ўсталявалася савецкая ўлада, непакоіўся, каб не прынялі яго за кулака. Уратавала, што ніколі не наймаў парабкаў. З бабуляй Амеліяй Іванаўнай, трыма сынамі, дачкой самі ўпраўляліся па гаспадарцы. З тых далёкіх пасляваенных часоў многае помніцца. Як прыгожа дзед рыхтаваў брычку для паездкі з бабуляй да касцёла. Апраналіся прыгожа, па-святочнаму.

— Ведаю, што прадзед пражыў сто гадоў, а дзядуля на дзесяць гадоў меней. Амаль такі ж век быў адмераны і бабулі. Яны наказвалі нам са старэйшай сястрой Генуэфай не цурацца працы, з павагай ставіцца да людзей, жыць сумленна. Засталіся ў памяці і бацькавы словы: калі хто з падначаленых нешта зрабіў не па-твойму, падумай, а як бы ты паступіў на яго месцы, — успамінае мой герой. 

— Да сялянскіх спраў вас родныя прызвычайвалі?

— Гэта як само дыханне было ў нашай сям'і. Ад дробязей па хатняй гаспадарцы да больш складаных спраў нас з маленства прывучалі. Калі бавіў час у дзеда на хутары, то ён умеў зацікавіць справай. Ад яго многаму навучыўся. Перад службай у арміі мне купілі матацыкл. З сябрамі вечарамі лёталі ў суседнія вёскі на танцы. Дамоў вяртаўся апоўначы. А раніцай дзед будзіў на працу. Разам адпраўляліся на сенажаць. На падворку было некалькі кароў. Касілі, дзе толькі можна было. Імкнуліся назапасіць сена, каб зімою было чым карміць жывёлу. Разам з дзедам даглядалі сад. Раслі ў ім яблыні сартоў «ранетка», «пепінка», «антонаўка», а таксама грушы, слівы, вішні. Калі перасяляліся ў вёску Малі, некаторыя садовыя дрэвы перанёс на новую сядзібу. Штогод даюць яны садавіну. Ад дзеда пераняў і пчалярства. Праз гады, калі патрэбна, злаўлю рой, выкачаю мёд з сотаў, дагледжу пчол.

— Цягне вас на былы дзедаў хутар?

— Ды яшчэ як! Там кожная сцяжынка сэрцу мілая. Шчыміць сэрца, калі прыязджаю ў гэты куточак. Сярод апусцелага падворка адзінока ўзвышаецца векавы дуб. Некалі абступалі яго гаспадарчыя пабудовы. Ад шляху вяла мурожная сцежка да хаты. З дзяцінства застаўся ў памяці пах свежаспечанага жытняга хлеба. Бабуля круглыя боханы даставала з зыркай печы і выкладвала на лаву пад вокнамі. Скарынку зверху палівала вадой і накрывала хлеб льняным ручніком. З надворка было чуваць духмяны пах яго. А якія смачныя булкі пякла бабуля на Каляды, Вялікдзень і іншыя святы! З рэшткаў цеста вырабляла маленькія булачкі і гарачымі, прама з печы, частавала нас. 

У тыя гады ў краіне былі праблемы з хлебам. Людзі ноччу займалі чэргі каля крам, каб купіць некалькі буханак. Запомніўся з хрушчоўскіх гадоў кукурузны хлеб. Пяклі і гарохавыя блінцы. Перажылі нялёгкі час. Кожны выжываў як мог. Летам і зімой хадзіў у туфліках. Іншага абутку не было. Але ў нашай вёсцы ніхто нікому не зайздросціў. Людзі дапамагалі адзін аднаму. Панавала ўзаемападтрымка. Гаспадары аднаўлялі заняпалыя за гады вайны сядзібы. Крочыць чалавек па вуліцы і бачыць, што цесляры складваюць драўляны зруб. Абавязкова дапаможа чарговае бервяно ўскінуць на сцяну. Пачуе па­дзяку і далей пайшоў сваім ходам. Так дружна жылі. У касавіцу ад старога да малога на лузе шчыравалі, сена нарыхтоўвалі. І ў жніво ўсе выходзілі ў поле. Тады тэхнікі мала было, у асноўным даводзілася шмат працаваць рукамі. Цяпер іншая справа. Адзін энерганасычаны трактар шмат працаўнікоў замяняе. 

— Урбанізацыя закранула сусвет. Пусцеюць і нашы вёскі. Як утрымаць моладзь, каб працягвала справу бацькоў на зямлі?

— Зараз часта чую пра матывацыю да сялянскай працы. Для маладых важна не толькі ствараць для яе спрыяльныя ўмовы, але дбаць і пра адпачынак. Што і казаць, у вёсцы няма магчымасцей так разнастайна бавіць вольны час, як у горадзе. Гэта многіх маладых спакушае рабіць адпаведны выбар. На дзяржаўным узроўні прымаюцца спецыяльныя праграмы, каб моладзь заахвоціць працаваць на зямлі. Традыцыяй стала пасля завяршэння жніва ўшаноўваць перадавікоў хлебнай нівы на святах-кірмашах «Дажынкі». На гэтых урачыстасцях і моладзь не абдзелена ўвагай. Кожны год нашы маладыя перадавікі прадстаў­ляюць прадпрыемства на такіх святах. У гаспадарцы моцны атрад механізатараў. Ёсць каму працаваць і на жывёлагадоўчых фермах. Выпускнікі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, што атрымліваюць размеркаванне ў наш калектыў, забяспечваюцца камфартабельным жыллём. Дзеля гэтага былы адміністрацыйны будынак ў аграгарадку Малі пераабсталявалі пад маладзёжны інтэрнат. Ёсць шмат варыянтаў, каб маладыя заставаліся працаваць на зямлі. Пастаянна будуецца новае жыллё для маладых сем'яў. 

— Побач з вашай гаспадаркай узведзена Беларуская атамная станцыя. Такое суседства не паўплывала на адток кадраў?

— Як кажуць, ад дабра дабра не шукаюць. Хіба можна параўнаць сённяшнія ўмовы працы з тымі, калі пачынаў працаваць у калгасе? Тады штодзённа позна вечарам вяртаўся дамоў. Зараз стабільны працоўны дзень. На жывёлагадоўчых комплексах усе вытворчыя працэсы выконвае аўтаматыка. На палях задзей­нічана магутная тэхніка. За апошнія гады поўнасцю абноў­лены машынна-трактарны парк. Закуплены энерганасычаныя трак­тары і велікагрузныя аўта­машыны. На тэрыторыі нашага вытворчага ўчастка два малочна-таварныя комплексы і некалькі жывёла­гадоўчых ферм. Пастаянна бываю там. Выкройваю час, каб наведаць кожную з сямі вёсак, што на тэры­торыі вытворчага ўчастка. Цікаў­люся жыццём пенсіянераў, састарэлых вяскоўцаў. Каму неабходна, аказваем дапамогу.

— Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак вы не развіталіся з гаспадаркай. Што так трымае вас?

— Праца, без якой жыцця не ўяўляю. Інакш і быць не можа. Радуюся кожнаму поспеху гаспадаркі. Па многіх эканамічных паказчыках наш калектыў пастаянна ў раённых лідарах. Дырэктар Эдуард Садоўскі згуртаваў вакол сябе ядро аднадумцаў. Перад тым як прыняць канчатковае рашэнне, абавязкова параіцца са спецыялістамі. Да маіх парад таксама прыслухоўваецца. На базе гаспадаркі ладзяцца семінары, нарады па абмену вопытам. Да нас пастаянна наведваюцца прадстаўнічыя дэлегацыі. Запомнілася, як у дажджлівы год, калі даводзілася на прыдарожных шчытах сушыць сена, на верталёце на хлебнае поле прыляцеў Пётр Міронавіч Машэраў. Адразу накіраваўся да механізатараў. З кожным асабіста за руку павітаўся, стаў гутарыць. Пакуль абласныя і раённыя начальнікі пад'ехалі, ён ацаніў сітуацыю і паляцеў далей. Часта бывалі ў нас і кіраўнікі з Гродзенскай вобласці. Працаўнікі ў нас старанныя. Зарабляюць няблага. На веснавой сяўбе механізатары за месяц больш як па дзве тысячы рублёў атрымалі. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы перавысіў паўтары тысячы рублёў. 

— Вам як памочніку бры­гадзіра вытворчага ўчастка рас­лінаводства абавязкова трэба ведаць здольнасці і магчы­масці працаўнікоў, каб не памыліц­ца, каму якую справу даручыць?

— Канешне, не кожнаму маладому механізатару адразу даручыш адказную працу ў полі. Канфліктаваць не люблю. Калі ўзнікаюць складаныя сітуацыі, раюся з дырэктарам ці галоўнымі спецыялістамі. Важна, каб справа спорылася. Крыкам нічога не даб'ешся. Калі з чалавекам па-добраму, то і вынік адпаведны бу­дзе. Вось зараз пасля завяршэння веснавых палявых работ ёсць невялікі час перадыху. А потым зноў напружанне: корманарыхтоўка, а за ёю — жніво. Там не толькі дні, а гадзіны вырашаюць усё. Часта ўзгадваю, як бацька стрымана вёў сябе ў калектыве трактарыстаў. Паважалі яго аднавяскоўцы і цаніла раённае кіраўніцтва. За тое, што бацька прысутнічаў у касцёле на адпяванні сваёй маці, яго выклікалі на бюро райкама партыі. Ад пакарання ўратаваў тагачасны першы сакратар райкама партыі Дзмітрый Канстанцінавіч Арціменя. Ён ведаў бацьку як аднаго з лепшых механізатараў. Так супала, што ў той час пачалося масавае перасяленне хутаран. Новую сядзібу ў вёсцы Малі выдзелілі і нашай сям'і. Пабудавалі сваімі рукамі новы дом. У ім больш за паўвека жывём з жонкай Тэрэзай Віктараўнай.

— А жонка ваша тутэйшая?

— Яна загадвала сельскім клубам у мястэчку Гудагай. На танцах мы і пазнаёміліся. На матацыкле амаль год ездзіў на спатканні. З бацькамі і сваякамі прыязджалі сватацца. Усё вытрымлівалі па нашых традыцыях. Вяселле прызначылі на жнівень. Перад роспісам у сельсавеце ноччу ўпотайкі прабраліся ў гудагайскі касцёл, дзе нас па дамоўленасці чакаў святар. Нявеста вэлюм не апранала. Побач з намі стаялі сястра і маці нявесты. Па нашай просьбе ксёндз вянчанне не пазначыў у касцёльнай кнізе. Запрошаныя госці не ведалі пра наша патаемнае вянчанне. Раніцай наступнага дня пад вясельную музыку ў святочных строях нас урачыста праводзілі ў сельсавет для рэгістрацыі шлюбу. Толькі на чацвёрты дзень госці пачалі раз'язджацца па дамах. 

— З вясельных падарункаў які больш памятны?

— Бацькі падарылі нам карову. З першых дзён сямейнага жыцця сталі абсталёўвацца. Як быццам учора ўсё было. Выраслі нашы дочкі Вольга і Ірына. З залатымі медалямі абедзве закончылі сярэднюю школу. Знайшлі сябе ў жыцці. У былыя гады, калі яны вучыліся, трымалі на падворку па тры каровы. Малако здавалі і папаўнялі сямейны бюджэт. Дзяўчат трэба было апранаць, вучыць, ладзіць вяселлі. Цудоўныя зяці Павел і Валерый. Радуюць сваімі поспехамі ўнукі. Старэйшая Вераніка пасля заканчэння сталічнага ўніверсітэта працуе на Беларускай атамнай станцыі. Унук Яўген завяршае вучобу ў Беларускай ваеннай акадэміі. Збіраемся да яго на выпускны вечар. Самая меншая ўнучка Настасся школьніца. Пастаянна ўсе сабіраюцца ў нашым доме за святочным сталом. Дзялюся ўспамінамі пра нашых працавітых продкаў, расказваю пра перажытае імі ў цяжкія часы. Бацьку давялося прайсці ваеннымі шляхамі. За польскім часам яго прызвалі ў войска. Пасля нападу фашысцкай Германіі на Польшчу трапіў у палон. Да вызвалення савецкімі войскамі працаваў на гаспадарцы ў нямецкага баўэра. Разам з іншымі ваеннапалоннымі быў залічаны ў войска першага Украінскага фронту. Прымаў удзел у вызваленні Кёнігсберга ад фашыстаў. З пачуццём асаблівай радасці ён заўжды ўзгадваў, як у яго дзень нараджэння 8 мая 1945 года паведамілі, што камандаванне фашысцкай Германіі капітулявала. Байцы стралялі з аўтаматаў уверх, абдымаліся. У той памятны майскі дзень бацьку споўнілася 29 гадоў. Кожны год свята Перамогі ў нашым доме адзначалася асабліва ўрачыста. Бацька вярнуўся з фронту і ў калгасе ўзначаліў паляводчую брыгаду. Вывучыўся на трактарыста і стаў брыгадзірам механізатараў. У працы ён сябе не шкадаваў. І маці Станіслава Іванаўна аддана працавала на калгасных палях. Была адной з лепшых паляводаў. Мне было з каго ў жыцці браць прыклад.

— Леанард Станіслававіч, вашы дасягненні адзначаны медалём «За працоўныя заслугі». 

— Нечаканай была гэта ўзнагарода для мяне. Атрымліваў яе ад старшыні аблвыканкама Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка. Дома родныя, аднавяскоўцы, калегі па працы віншавалі. Было шмат тэлефонных званкоў. Па запрашэнні ўдзельнічаў ва ўрачыстасці ў сталічным Палацы Незалежнасці, дзе выступаў Прэзідэнт. Запомнілася яго выказванне пра будучае аграрнага сектара краіны. Адчувалася яго глыбокая зацікаўленасць развіццём аграпрамысловага комплексу. Выступленне надало настрою працаваць яшчэ лепш. Без руплівасці хлебароба колас багатым не будзе. 

— Як для вас складваецца вызначаны на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Слова «мір» для мяне, як і для многіх людзей, святое. Нарадзіўся я і вырас пад мірным небам у вялікай краіне, дзе заўжды ў пашане быў чалавек працы. Па турыстычных пуцёўках мы вандравалі па саюзных рэспубліках. Столькі цікавага ўбачыў у Казахстане, на Каўказе, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. Цягнікі курсіравалі па розных маршрутах. Развал краіны прыняў балюча. Шмат маіх родных, сяброў засталіся жыць у Літве. Прыязджаюць на бацькаўшчыну і зайздросцяць, што прадукты ў нас лепшыя і больш танныя. І электраэнергія недарагая. Ад кожнага з нас залежыць далейшае развіццё краіны. На нашым вытворчым участку паўсотні працаўнікоў. Калектыў старанны, дружны, і ўсё ладзіцца. Усё гатова да касавіцы траў. У гаспадарцы больш за 10 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Увесь статак забяспечваем уласнымі кармамі. Летась за сродкі прадпрыемства набылі два корманарыхтоўчыя і зернеўборачны камбайны. Закупілі шмат іншай самай сучаснай тэхнікі. Працуюць на ёй вопытныя механізатары. Сярод іх ёсць і мае выхаванцы. Увогуле ў нас пастаянна праходзяць вытворчую практыку студэнты вышэйшых і сярэдніх аграрных навучальных устаноў. Два гады запар мне было даручана кіраваць вытворчай практыкай студэнта Андрэя Янчэўскага. Пазней амаль дзесяць гадоў ён узначальваў Слуцкі райвыканкам. Сярод маіх былых практыкантаў многія сталі вядомымі спецыялістамі і кіраўнікамі гаспадарак. Ёсць і зараз чаму павучыцца ў нашым калектыве, пераняць вопыт. Маладым працягваць слынныя традыцыі хлебаробаў.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter