Отношение к Константину Вереницыну в Городке – столице Дня белорусской письменности – особенное

Гарадок, як і ўся наша краіна, адметны сваімі традыцыямі. Тут нарадзілася нямала слынных сыноў беларускага народа, але стаўленне да Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе», якая стала помнікам беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, у гэтых мясцінах асаблівае.

Два валуны-помнікі ў гонар пісьменніка – у яго роднай вёсцы і каля краязнаўчага музея – узвышаюцца са словамі Алега Лойкі: «Паэма стала патрыятычнай песняй, выяўленнем любові да роднага слова, марай аб вялікім будучым беларускай літаратуры, паэтызацыяй усходжання яе на Парнас». А сюжэт твора – гумарыстычны, па-сапраўднаму народны, напісаны тагачасным віцебскім дыялектам. Дарэчы, у самым пачатку паэмы згадваецца вёска Пуцявішча, якая некалі стаяла каля дарогі з Гарадка ў Віцебск: «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса, // Што палясоўшчыкам служыў? // На Пуцявішчы, у Панаса, // Ён там ля лазні блізка жыў».

Палясоўшчык Тарас падчас палявання ў пушчы трапляе ў таямнічы свет, адкуль дарога вядзе на вялізную гару Парнас. Там герой сустракаецца з антычнымі багамі, рознымі пісьменнікамі, назірае за іх будзённымі клопатамі, якія так падобны на звычайныя сялянскія, і просіцца вярнуцца на зямлю. Крытыкі адзначаюць, што гэтая паэма мае глыбокі сэнс, бо гара Парнас – мара простага чалавека, яго ўяўленне аб будучыні, сон, які стаў прарочым: «На першы погляд здаецца, што гэта звычайны жартоўны твор. Але тут выяўлены неардынарны погляд аўтара на жыццё сялян. Вобраз Тараса ўвасабляе рысы ўсяго беларускага народа. Асабліва добра выяўляецца ідэя роўнасці людзей у сцэне гасцявання Тараса ў «панскім двары», калі раскрываецца шмат агульнага паміж сялянамі і панамі. І тыя, і другія вядуць аднолькавы лад жыцця, маюць аднолькавыя звычаі».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter