Учительница с Вилейщины составила краеведческий сборник про родную деревню Витовцы

Нічога даражэй за маленства няма

Наш першадрукар Францыск Скарына пісаў: «...людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць». Філолаг з Вілейшчыны Галіна МАЙХЕРСКАЯ гэтую ісціну цалкам пацвярджае на ўласным прыкладзе. З вялікай любоўю, асаблівай пашанай і карпатлівасцю яна сабрала і выдала кнігу з гісторыка-краязнаўчымі матэрыяламі пра сваю вёску Вітаўцы. «Тут крынічка мая, тут бацькоўскі выток...» — лашчыць слых цёплая назва зборніка. Ад першага ўпамінання ў гістарычных крыніцах да сучаснасці аўтар і ўкладальніца прасочвае шлях сваёй малой радзімы. 


 — Па праўдзе, гэткая задума ў мяне спела даўно, бо хацелася пакінуць гісторыю для дзяцей, землякоў, нашчадкаў, — удакладняе Галіна Іванаўна. — Спрабавала зрабіць альбом «Мой радавод», нават фота сабрала. Але пра ўсё напісаць не ставала часу, бо працавала спачатку настаўніцай, потым дырэктарам школы. Між тым ідэю не выпускала з галавы. І вось само жыццё падкінула зручную магчымасць: замяняла бібліятэкарку на час яе дэкрэтнага водпуску, а знаходжанне сярод кніг у вольную хвіліну натхняе на краязнаўчую працу.

Галіна Майхерская пасля заканчэння Даўгінаўскай сярэдняй школы працавала мантажніцай радыёапаратуры на заводзе «Спутник» у Маладзечне. Вывучыўшыся на настаўніцу ў Мінскім педінстытуце імя Горкага, выкладала родную мову і літаратуру ў пасёлку Партызанскі на Вілейшчыне, але ў глыбіні душы заўсёды была з Вітаўцамі:

— Роднае ёсць роднае, там і паветра лепшае, і сонца гарачэй грэе. Пасёлак Партызанскі ад Даўгінаўскага сельсавета, куды тэрытарыяльна адносяцца Вітаўцы, знаходзіцца за 45 кіламетраў. Матуля (зараз, на вялікі жаль, яе няма ў жывых), як пастарэла, вырашыла пераехаць у Даўгінава, бліжэй да цывілізацыі. Набыла там добрую хату, якая ўсё роўна ніколі не зможа мне замяніць родную ў Вітаўцах, дзе дыхаецца па-іншаму, дзе перад вачамі жывыя бабуля з дзядулем. Тут надзейна ўмацаваліся мае карані.


Тры гады Галіна Майхерская рыхтавала кнігу, абнаўляла матэрыялы. Задуму аўтара падтрымаў калектыў Вілейскай цэнтральнай бібліятэкі. І з вялікім імпэтам — аднавяскоўцы.

— Многія землякі раз'ехаліся па свеце. Даведаўшыся пра зборнік, адгукаюцца, тэлефануюць, просяць дапоўніць інфармацыю, — не хавае эмоцый аўтар. — У Вітаўцах цяпер шмат дачнікаў. Хоць родам яны не адсюль, але палюбілі вёску і цікавяцца выданнем. Што казаць пра землякоў! Адзін з іх прызнаўся: чытаў кнігу амаль цэлую ноч, а пасля ўбачыў у сне матулю.

Вялікай радзімы няма без малой — такую думку сцвярджае Галіна Майхерская, гэта яскрава прасочваецца і ў творчасці беларускіх пісьменнікаў:

— У кожнага чалавека ёсць родны кут, дзе нарадзіўся, вырас. Ёсць зямля, якая выкарміла, калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога… Праз гады не патухне для нас агеньчык малой радзімы і бацькоўскай хаты…

Аўтар цікавіцца гісторыяй выхадцаў свайго краю, збірае адметныя звесткі пра Вітаўцы. Рэчачкай клапатліва называе раку Сярчыстую, якая тут працякае. Паводле падання, яна павінна быць сплаўнай і вялікай. Між тым адна нешчаслівая маці праязджала праз тую раку з сынам і страціла яго — праглынулі дзіцяці яе імклівыя хвалі. У стане болю і роспачы жанчына паслала праклён, і рачулка стала адразу цячы спакойна, а з часам абмялела.

— Калі мы былі малымі, то гулялі ля Сярчыстай. Вады ў ёй, як кажуць, было кату па пяту. Яна не даходзіла да калена і нам, дзецям. Нягледзячы на тое што рака была вельмі халодная, мы любілі плёскацца ў ёй, лавілі рукамі ментузоў.

Галіна Майхерская ўспамінае, як у вёсцы за агародамі і лугам пасвіліся каровы, гусі з качкамі, а за рэчкай пачынаўся невялікі сасоннік са свінафермай і цялятнікам. На малочна-таварнай ферме побач працавалі бацькі, і малыя бегалі ім дапамагаць.

— Да іх траплялі праз кладкі, якія былі перакінуты праз рэчку ў трох месцах, і праз абодва масты, якія размяшчаліся з двух канцоў вёскі, — удзячная дачка Вітаўцаў памятае тут усё да апошняга завулачка, хаця з тых часоў мінула нямала гадоў.

Зазірнём у гісторыю. Аўтар піша, што ў кнізе «Памяць» вёска Вітаўцы ўпамінаецца з 1765 года і ўваходзіць у маёнтак Даўгінава. Гэта былі тры ўніяцкія двары. У 1800-м ужо 8 двароў і 43 жыхары, у 1838-м — 36 двароў і 170 жыхароў. Словам, прырастала. Прыведзены ў выданні звесткі пра Вітаўцы перыяду Першай сусветнай вайны: «Немцы выйшлі да Вітаўцаў, за садамі паставілі свае гарматы. У вёску ўвайшлі табары. Цікава, што мелі такіх малых конікаў і дзіўныя шапкі з пікамі. Калі паставілі гарматы, то разышліся па хатах. Частка жыхароў пабегла ў лес. Потым фронт рушыў на ўсход. Не менш людзей капала ў садах зямлянкі, накрывала бэлькамі і зямлёй. Сцвярджалі, што фронт ізноў прыйдзе. Вітаўцы ў тую вайну спалілі дашчэнту».

Не менш драма­тычнымі былі падзеі паблізу Вітаўцаў і падчас Вялікай Айчыннай. Марыя Прымак, 1932 года нараджэння, памятае, як «па шашы рухаліся немцы. Яны ўрываліся ў хаты і крычалі: «Яйка, масла!» А вечарам на плошчы павесілі двух хлопцаў, на грудзях у якіх былі таблічкі з надпісам «Партызан». І так кожны дзень. А як здзекаваліся над яўрэямі! За мястэчкам стаяў вялікі хлеў. Іх туды сагналі і падпалілі. З палаючага хлява даносіліся крыкі, бо гарэлі жывыя людзі. А ноч была марозная, ціхая, месячная. Па снезе слаўся дым са страшным пахам...»

Здрадніцкіх учынкаў гітлераўцаў і іх памагатых-калабарацыяністаў не пералічыць. Між тым надышло пасляваеннае аднаўленне. У другой палове ХХ стагоддзя ў вёсцы шмат жыхароў, крама, клуб, бібліятэка, пачатковая школа, лазня, мехдвор, кузня, збожжасховішча, кантора. Ураджэнка Вітаўцаў Галіна Савіцкая ў кнізе ўспамінае: «У пачатковую школу нам з сястрой хадзіць было блізка — праз дарогу! Старэйшая школа знаходзілася ў суседняй вёсцы Даўгінава. Каб хутчэй да яе дабрацца, пры спрыяльным надвор'і на дапамогу прыходзіў веласіпед — галоўны транспарт у вёсцы. Узімку дабіраліся як прыйдзецца: дзе аўтобусам, дзе пяшком. Дадому часцей за ўсё ўдавалася даехаць на кані з паштальёнам. Вазок быў аблеплены дзяцьмі, як вулей з пчоламі!»

І гэтая вёска, і гэты час, напоўнены бестурботнасцю і непасрэднасцю, для тагачасных дзяцей, безумоўна, самыя салодкія. Падстава простая: маленства не забываецца, за яго няма нічога даражэй. Бо светаўспрыманне асаблівае. З тых жа ўспамінаў Галіны Савіцкай: «А як чакалі святы! Перад Калядамі ўпрыгожвалі ёлку, 31 снежня ў клубе ладзілі баль-маскарад, дзе збіраліся і старыя і малыя. Усім было аднолькава весела і цікава: спявалі, танцавалі, праводзілі конкурсы. На Вялікдзень фарбавалі яйкі і пяклі пірагі. У Велікодную нядзелю зранку дзеці хадзілі з хаты ў хату, каб павіншаваць гаспадароў з вялікім святам, а яны частавалі малых яйкам, цукеркай, давалi грошы. Традыцыя была ўсім да спадобы».

Такая пранізлівая кніга, напоўненая любоўю да роднага краю. Чытайце і абагачайцеся! Невялікі тыраж аказаўся куды больш запатрабаваным, чым меркавалі спачатку. Прыйшлося дадрукоўваць другую партыю — і яна разыходзіцца на ўра, нягледзячы на не вельмі танны кошт.

— Зараз у мяне новая ідэя, — дзеліцца планамі Галіна Іванаўна. — Хачу ўлетку правесці свята вёскі. Тым больш што ў творчых справах маю вопыт: дзесяць гадоў займалася ў клубнай самадзейнасці, рыхтавала сцэнарыі. Думаю, калі землякі дапамогуць, у гэтым няма нічога складанага. Сустрэнемся, пагаворым, паглядзім адзін аднаму ў вочы. Нас многае аб'ядноўвае, ёсць што прыгадаць. Усе родам з Вітаўцаў. Што можа быць даражэй?

basikirskaya@sb.by

Фота з асабістага архіва Галіны МАЙХЕРСКАЙ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter