АДРАМАНТАВАНЫЯ памяшканні, новая тэхніка, загоны для летняга выгулу жывёлы — гаспадарка па вырошчванні авечак шклоўскага фермера радуе сваёй дагледжанасцю і акуратнасцю. Абдул-Хамід ФАРАДЖ з гордасцю праводзіць экскурсію па сваіх ўладаннях. На новую справу, удакладняе, замахнуўся паўтара года таму. Давёў да ладу старыя будынкі, якія разам з 25 гектарамі ля вёскі Сапранькі атрымаў у карыстанне ад мясцовай улады. За авечкамі ездзіў у розныя канцы Беларусі — трэба, тлумачыць, каб яны былі рознай пароды, таму што плануе не проста вырошчваць ягнят, а праводзіць селекцыю, эксперыментаваць з кармамі. Як-ніяк выхадзец з Сірыі з беларускай прапіскай не просты жывёлавод, а магістр сельскагаспадарчых навук.
Дыплом заатэхніка ён атрымаў у далёкіх васьмідзясятых. Там жа, у Горках, яшчэ студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі знайшоў і сваё каханне. Маладую выкладчыцу хіміі Святлану, прызнаецца, прыкмеціў адразу. І быў вельмі шчаслівы, калі дзяўчына адказала ўзаемнасцю. «Сустракаліся цэлы год, — успамінае Святлана Іванаўна. — Абдул-Хамід быў галантным кавалерам, кветкі прыносіў, пра кампліменты не забываў».
Абдул-Хамід ФАРАДЖ: авечкагадоўля — справа цікавая.
Праз нейкі час і вяселле згулялі. Знаёміцца са шматлікай сірыйскай раднёй нявестка паехала, калі ўжо сама стала маці. Прынялі, кажа, як родную — ні касых поглядаў, што апранута па-еўрапейскі, ні нараканняў, што гатуе не так. Блізкі Усход наогул беларусцы вельмі спадабаўся — яркімі фарбамі, каларытам, няспешным цягам часу. Аднак абаснавацца маладыя вырашылі ўсё ж у Шклове. Прафесійна рэалізаваць сябе мог кожны: Фарадж знайшоў прымяненне сваім ведам у сельскай гаспадарцы, а жонка пайшла працаваць дэфектолагам у школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Дзеля гэтага і другую адукацыю атрымала. «У нашай сям’і, — прызнае Фарадж, — яна галоўнакамандуючы. А вось за межамі кватэры, у дзелавых пытаннях, рашаючае слова застаецца за мной».
Аднак на падтрымку сваёй палавінкі заўсёды можа разлічваць. Вось і на новы праект — стварэнне фермерска-сялянскай гаспадаркі «Надзея—Фарадж» — грошы ўзялі з агульнай капілкі. Прадалі гараж, будынак цэха па вытворчасці кармоў, якія раней вырабляў Абдул-Хамід. У выніку абышліся без усялякіх пазык і крэдытаў.
— Пачыналі з двухсот з невялікім авечак і бараноў, зараз іх звыш трохсот. А ў перспектыве пагалоўе думаю павялічыць яшчэ больш, — падзяліўся планамі фермер. — Тое, што дзяржава развіццю такой галіны надае вялікую ўвагу, правільна. Ад авечак і мяса добрае, без халестэрыну. На Усходзе яно вельмі папулярнае, каштуе даражэй за любое другое. І расціць жывёлу не так складана: яна есць усе травы, камбікорм.
Вопыту авечкагадоўлі фермеру не займаць: цэлых сем год у Сірыі аддаў гэтай справе. Праўда, тэхналогіі розняцца. У цёплых краінах жывёла большасць часу гуляе на свабодзе, а ў беларускіх шыротах трэба падумаць і аб доўгай зіме. Таму ў будучым Фарадж мае намер засеяць патрэбнай зелянінай і зернем свае палеткі, асабіста скласці паўнацэнныя і разнастайныя штодзённыя рацыёны. Ферма наогул ужо стала для гаспадара сапраўдным палігонам для навуковых доследаў. Абдул-Хамід марыць у выніку навуковую працу напісаць, магчыма, што і не адну. Авечкагоўля, сцвярждае, свайго рода творчасць, і зрабіць тут пры жаданні можна шмат адкрыццяў.
Частку маладняка ў гэтым годзе ўжо прадаў сялянам. Аднак у цэлым у гаспадарцы пакуль ідзе перыяд станаўлення, таму гаварыць, калі праект сябе акупіць і пачне прыносіць выгаду, яшчэ рана. А адна з праблем ужо відавочна: няма куды падзець так званыя адыходы — шэрсць і скуру. За гэтую сыравіну прапаноўваюць зусім смешные грошы. Прадпрыемстваў, якія б узяліся за яе пераапрацоўку, у рэспубліцы мала.
Да любімага занятку Фарадж прыцягнуў і сына Аляксея. Унучка-першакласніца таксама хаця б раз у тыдзень наведвае з дзедам ферму. Для дзяўчынкі ў радасць паназіраць ды падаглядаць за жывёлінамі, іх пакарміць ды пагладзіць. Дарэчы, і сама гаспадарка названа ў гонар маленькай Надзеі. «Спадзяемся, — кажа Фарадж, — што яе імя, якое мае філасофскі сэнс, прынясе ўдачу нашай справе».
«Ці сумуеце па сваёй радзіме?», — пытаюся перад развітаннем. Абдул-Хамід адказвае з усходняй разважлівасцю: аб Сірыі, прызнае, не забывае, патрэба там бываць вялікая. Але, абняўшы братоў, сясцёр, пляменнікаў, праз колькі дзён хочацца вярнуцца назад. Твой дом, падкрэслівае, там, дзе твая сям’я. Там, дзе ты сталеў, працаваў і дзе збываліся твае надзеі.
Святлана МАРКАВА
Фота аўтара