Пад лагойскім Крамянцом ёсць унікальныя мясціны «народнага хрысціянства»

Не руш валун-дажджбог

У САСНОВЫМ бары бліз лагойскай вёскі Крамянец ляжыць незвычайны валун, зарослы з бакоў ярка-салатавым мохам. Чамусьці яго мясцовыя жыхары называюць Святым каменем. Падобных у краіне многа, але менавіта крамянецкі — гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі. Адпаведны статус (як нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека) нададзены і традыцыі пакланення Святому каменю. Карэспандэнт “СГ” разбіралася, чаму.

Сафія МАРДАС і Таццяна ВЯЗЬМІНА часта ходзяць да Святога каменя.

НА месца пастяннай “прапіскі” валуна адправілася ў суправаджэнні дзвюх вясковак — Сафіі Мардас і Таццяны Вязьмінай. Упершыню апынуўшыся ў Крамянцы, знайсці той самы бор і той самы камень, абыходзячыся без гіда, амаль што немагчыма. Лес, дзе ляжыць валун, знаходзіцца за вёскай, у гушчары; сцежку праз жытнёвае поле, якая вяла да помніка прыроды, даўно перааралі. Надзеўшы гумовыя боты, рушым на месца праз толькі што разараную трактарамі ніву.

Таццяна Вязьміна беспамылкова знаходзіць уваход у лес на патрэбную нам вузенькую сцежку, якая, дарэчы, ніколі не зарастае:

— Ад краю бору, лічыце, некалькі дзясяткаў крокаў — і вось ён, наш камень. Часта прыезджыя просяць правесці экскурсію да галоўнай святыні вёскі, таму ледзь не з закрытымі вачыма магу знайсці сюды дарогу. Усе пытаюцца, колькі тут гэты камень ляжыць. Напэўна, ніхто са старажылаў вам дакладна не скажа: колькі памятаюць вяскоўцы, столькі тут і знаходзіцца. Але заўсёды папярэджваю: з пустымі рукамі да каменя не думайце ісці, хоць што, але трэба яму пакінуць. З даўніны пайшло: на Вялікдзень нясуць да яго пафарбаваныя яйкі і кавалкі велікоднай булкі, на Сёмуху — зялёныя галінкі, на Купалле — кветкі, на Спас — яблыкі.

 Абрад выклікання дажджу.

Дзынькаючы манетамі ў кармане (каб прынесці іх на валун), іду за маімі павадырамі. Камень ляжыць ледзь у баку ад сцежкі, быццам бы схаваны за невялічкім ровам. Вакол валуна — выбрукоўка з камянёў, якая па перыметры нагадвае своеасаблівую квадратную пляцоўку. Сам ён незвычайны па форме: зверху абсалютна плоскі, але мае пяць гладка адшліфаваных лунак. Дзве з іх — авальнай формы, яшчэ тры — круглай. Спакон веку старажылы кажуць пра апошнія паглыбленні на паверхні валуна так: “Няўжо не бачна? Тут жа Божанька стаяў!” Прызнаюся, на чалавечыя сляды тыя лункі зусім непадобныя, хіба што нагадваюць сляды ад бясформенных валёнак вялікага памеру. Цікаўлюся: можа, менавіта з-за таго, што камень валодае нейкімі гаючымі ўласцівасцямі, называюць яго Святым. Вяскоўкі ў адказ толькі плячыма паводзяць.

Сафія Мардас разважае:

— Ці так яно, ці не, ніхто вам не адкажа. Дакладна ведаю толькі адно: ідуць сюды людзі пакланіцца каменю не толькі на святы, а, кажучы проста, каму калі прыпячэ. Што з загаданага здзяйсняецца, не магу ведаць, бо кожны просіць для сябе. Дакладна ведаем адно: у каменя можна прасіць дождж. Гэты старажытны абрад тут бытуе і перадаецца з пакалення ў пакаленне, мабыць, гэтак жа доўга, як і ляжыць камень. 

Сэнс у тым, што збіраюцца ўдовы і ўдаўцы — усіх “па законе” патрэбна дзевяць удзельнікаў. Неабходна нарыхтаваць столькі ж драўляных калоў (у рост чалавека). Затым іх запускаюць пад камень і стараюцца ледзь-ледзь паварушыць, колькі хапае сілы. Гэта дзея называецца “кратаць валун”. Пры гэтым прыгаворваюць заклінанне: “Божачка, памажы, дожджык прынясі!” Потым усе чакаюць: калі адразу, а калі на наступны дзень абавязкова пойдзе дождж. У выпадку, калі ён зацягваецца на некалькі дзён, працэсія ў тым жа складзе зноў ідзе паварушыць валун так, каб ён сеў на месца. І дажджы спыняюцца. Факт.

МАБЫЦЬ, з-за гэтага некаторыя называюць камень “валун-дажджбог”. Між тым усім прыезджым як папярэджанне распавядаюць дзве красамоўныя гісторыі. Яны — своеасаблівы напамін: камень нельга кратаць з месца. Некалі ў суседніх Бабрах пан будаваў дом, і вырашыў пакласці камень у падмурак будынка. Неўзабаве ў хаце завялася сырасць, дом пачаў гніць, радня пана хварэць. Гаспадар убачыў у сне той самы валун, які прасіў адвезці яго на месца ў лес. Што і зрабіў пан: павёз яго ў бор адным канём, хаця ў Бабры вёз на чатырох.

Ёсць і такая легенда: на вясковых могілках вырашылі пабудаваць каплічку, а ў яе фундамент пакласці той самы камень. Зрабілі. А потым пайшоў моцны дождж. Такі моцны, што здавалася ён ніколі не скончыцца. Знянацку аднаму крамянцу прысніўся Святы камень — зноў прасіў вярнуць яго “дадому”, бо дождж будзе ісці да той пары, пакуль валун увесь не схаваецца пад ваду. А як жа? Калі знаходзіўся ён тады на гары, уся вада кацілася ўніз. Каб не было патопу, камень адвезлі зноў у лес.

З таго часу больш ніхто не чапаў яго. Дакладней кажучы, спробы былі, але не ўвянчаліся поспехам, успамінае Сафія Мардас:

— У колішнія часы наша вёска была густанаселенай, мясцовых жыхароў з-за гэтага нават кітайцамі называлі. Цяпер, мо, з сотню жылых двароў і набярэцца, але большасць — пенсіянеры, астатнія — дачнікі. Дык вось, мой сусед Мікола, супрацоўнік Акадэміі навук, у свой час, калі ладзілася экспазіцыя Музея камянёў (што знаходзіцца ў мінскім мікрараёне Уручча), прапанаваў наш валун адвезці ў сталіцу. Але не атрымалася нават палажыць камень на грузавую машыну: пад’ёмнік не змог выцягнуць артэфакт з зямлі, ні з чым паехалі назад. Сусед здзівіўся: “Такія валуны вазілі, вам не расказаць, а гэты як быццам бы ўкапаны, сядзіць у глебе, і ўсё тут”.

А што навука? Упершыню звесткі пра святы камень апублікаваў Змітрок Бядуля. Знакаміты пісьменнік родам з Лагойшчыны, таму і расказаў пра Святы камень чытачам “Нашай нівы” ў сваім артыкуле яшчэ ў 1911 годзе. Пасля мясцовы краязнаўца Леанід Пракопчык таксама пісаў пра гэты камень, што дало магчымасць абследавання яго навукоўцамі. Валун выявілі даследчыкі, і запісалі паданні ад жыхароў удзельнікі геалагічнай экспедыцыі толькі ў 1985 годзе. Затым уся тэрыторыя была абследавана ў 1986-м археолагам Нацыянальнай акадэміі навук Эдвардам Зайкоўскім. З таго часу ў спецыяльнай навуковай літаратуры гэты комплекс называецца Крамянецкім свяці- лішчам. Яшчэ праз год валун быў узяты пад ахову дзяржавы, бо мясцовыя жыхары шануюць гэта месца і захоўваюць легенды, звязаныя з цудадзейным каменем. І толькі ў студзені 2014 года гэтая традыцыя была ўнесена ў Дзяржаўны спіс як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

А яшчэ навукоўцы-этнографы ўпэўнены: усю тэрыторыю вакол Крамянецкага свяцілішча трэба старанна праверыць і ледзь не абвясціць прыродным і культурным запаведнікам. Тое, што людзі да гэтага часу шануюць камень і моляцца каля яго, пакідаючы дары, — унікальная з’ява. Вучоныя называюць гэта народным хрысціянствам. Што чамусьці не ўсім даспадобы.

Аднойчы Таццяна Вязьміна стала сведкай, як група моладзі спрабавала пашкодзіць камень. Таццяна Мартынаўна, прыйшоўшы на тое месца, убачыла, як адзін з хлопцаў б’е па ім сякерай. Астатнія ж юнакі нешта скандзіравалі, а потым выкапалі дрэва без сукоў, намалявалі на ім чэрап і пасадзілі яго каля Святога камня. Вяскоўка спужалася і пабегла хутчэй дамой. А калі назаўтра прыйшла на месца, убачыла драўляны крыж вывернутым і занесеным далёка ў гушчар. Сэрца ў яе закалацілася ад таго, што ўбачыла: у цэнтры крыжа была ўбіта сякера.

ДАРЭЧЫ

Валуны, на паверхні якіх ёсць адбіткі ў выглядзе нагі ці далоні чалавека або ў форме слядкоў розных жывёл, называюцца валунамі-следавікамі. Над некаторымі з іх пабудаваны капліцы, храмы. Культ следавікоў, якіх на тэрыторыі Беларусі налічваецца каля сотні, мае даўнюю традыцыю і звязваецца як з паганымі, так і з хрысці- янскімі вераваннямі. Гаючыя якасці святых камянёў былі вядомыя ў народзе і лічыліся простым сродкам. Дастаткова было ўзяць з валуна мох. Некаторыя камяні скрэблі, а парашок выкарыстоўвалі ў якасці лекаў.

ЦIКАВА, ШТО…

Сваю назву вёска Крамянец атрымала з-за вялікай колькасці крэмнію на палях вакол яе. Калісьці тут здабывалі мел на продаж. Побач — гара Маяк, з якой адкрываецца панарама паселішча, а праз поле бачны той самы лес са Святым каменем. Дарэчы, людзі вераць, што, калі памыцца вадой, сабранай з яго лунак, можа палепшыцца зрок. Ці можна браць ваду з драўлянага калодзежа, які знаходзіцца побач з валуном. Вясковыя скептыкі нічога асаблівага ў паходжанні каменя не бачаць. Некаторыя з іх знайшлі вакол яго адшліфаваныя каменныя шары. Можа быць, тыя былі снарадамі для каменякідальніка ці якой іншай зброі. Адбылася бітва, і атрымліваецца, камень — рукатворны помнік загінуўшым продкам.

uskova@sb.by

Фота аўтара і з асабістага архіва Таццяны ВЯЗЬМІНАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter