Не піць, не курыць, жыць у вёсцы...

З САМАГА ранку ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Іпалітавіч ГАЎРЫЛЬЧЫК прымаў шматлікіх гасцей. Яму споўнілася 100 год. З гэтай нагоды начальнік пашпартнага стала Дзмітрый Хахолка уручыў ветэрану новы пашпарт і папрасіў у ім распісацца. Аркадзь Іпалітавіч узяў ручку і трохі задумаўся. Нехта з прысутных падказаў: — Дайце яму акуляры! — Не трэба! — засмяялася нявестка Юлія Іванаўна.— Ён бачыць лепей, чым хто малады, і без акуляраў чытае кніжкі і газеты.

Стагадовы жыхар Глыбокага Аркадзь Гаўрыльчык падзяліўся сакрэтамі даўгалецця

З САМАГА ранку ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Іпалітавіч ГАЎРЫЛЬЧЫК прымаў шматлікіх гасцей. Яму споўнілася 100 год. З гэтай нагоды начальнік пашпартнага стала Дзмітрый Хахолка уручыў ветэрану новы пашпарт і папрасіў у ім распісацца. Аркадзь Іпалітавіч узяў ручку і трохі задумаўся. Нехта з прысутных падказаў: — Дайце яму акуляры! — Не трэба! — засмяялася нявестка Юлія Іванаўна.— Ён бачыць лепей, чым хто малады, і без акуляраў чытае кніжкі і газеты.

І сапраўды, імяніннік упэўнена паставіў подпіс у пазначаным месцы дакумента.

Наогул, Аркадзь Іпалітавіч ніяк не выглядаў на свае сто. Крамяны з твару, выразная мова, добрая памяць. Да драбніц прыгадаў эпізоды, як ваяваў у Фінляндыі і Нарвегіі. Між іншым, узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені і Чырвонай Зоркі.

Журналісты ў першую чаргу пастараліся выведаць тайну доўгалецця ветэрана. На гэта ён адказаў так:

— Гарэлкі не піў, не курыў ад малых год. Бывае ўрачыстасць якая, насядаюць, што і адмовіцца нельга, то я ціхенька гарэлку тую, самагонку, ці ў вазон вылью, ці пад стол. І перажываў я больш за ўсё, каб і дзеці мае не пілі і не курылі. Люблю рыбалку і паляванне. Я мала і спаў, так мяне на рыбалку цягнула.

Жыў ветэран у сваёй прыгожай вёсцы Бушыкі. Сталярнічаў у калгасе. Пасля выхаду на пенсію яшчэ пятнаццаць год працаваў у меліярацыі, а потым — егерам! У дзевяноста год трымаў дзве казы і парсюка. Да сына Аркадзя ў горад Глыбокае пераехаў толькі тры гады таму.

Яшчэ адзін сын, Анатоль, жыве таксама ў Глыбоцкім раёне, у Падсвіллі. А трэці, Леанід, у Калінкавічах. Мае ветэран унука, унучку і трох праўнучак.

Працягвае весці актыўны вобраз жыцця. Абавязкова штодня робіць фіззарадку: “веласіпед” і нават “ластаўку”.

Аркадзя Іпалітавіча з юбілеем віншавалі старшыня раённага Савета народных дэпутатаў Валянціна Сямчонак, якая ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама і райсавета, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Унуковіч, старшыня ветэранскай раённай арганізацыі Уладзімір Развадоўскі, сакратар раённага камітэта БРСМ Эла Ждановіч, піянерская арганізацыя СШ № 1 імя Паўла Сухога і іншыя.

Новы пашпарт Аркадзю Гаўрыльчыку выпісаны да 2037 года…

Ветэран жартуе:

— Мне досыць. Хай маладыя пажывуць. І — каб не было вайны!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота Алены АДЭДЭДЖЫ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter