Учительница истории: после хлеба самое главное для человека – школа

Настаўнік вышэйшай катэгорыі Негарэльскай СШ № 1 Дзяржынскага раёна Тамара Непагода: «Пасля хлеба самае важнае для чалавека — школа»

Праз некалькі дзён для выпускнікоў сярэдніх школ празвініць апошні званок. Кожны выпуск пакінуў непаўторны след у сэрцы настаўніцы гісторыі Негарэльскай сярэдняй школы № 1 Тамары Мікалаеўны НЕПАГОДЫ. За 20 гадоў педагагічнай працы яна многім дапамагла зарыентавацца ў выбары жыццёвага шляху. Былыя выхаванцы ёй пішуць, тэлефануюць, віншуюць яе са святамі.

Акрамя выкладання, педагог кіруе дзейнасцю юных краязнаўцаў. У школьным музеі імі сабраны ўнікальныя экспанаты пра гісторыю і жыхароў гэтай мясцовасці. Выхаванцы настаўніка вышэйшай катэгорыі Тамары Мікалаеўны Непагоды рыхтуюць рэфераты, даклады на гістарычную тэматыку, выступаюць з імі ў школе, на семінарах, канферэнцыях і адзначаны шматлікімі дыпломамі і граматамі. У Год гістарычнай памяці негарэльскія следапыты і іх школьны кіраўнік ушанаваны ганаровым званнем дыпламантаў рэспубліканскага праекта «Асобы мінулай вайны».

Будынак трохпавярховай Негарэльскай сярэдняй школы № 1 акружаны густымі шатамі высокіх дрэў. Навакольны дол усцелены аксамітавым травяным дываном з пярэстымі вясновымі кветкамі. Каля параднага ўвахода ўсталявана мемарыяльная дошка з партрэтам воіна-інтэрнацыяналіста Вячаслава Сідаровіча, для якога апошні званок прагучаў у 1979 годзе.

У школьным музеі мужнаму выпускніку прысвечана экспазіцыя. У час армейскай службы ён выконваў інтэрнацыянальны доўг у Афганістане. Восенню 1985 года загінуў у баі з душманамі. За мужнасць і гераізм старшы лейтэнант Сідаровіч пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.


— Нашы вучні шэфствуюць над яго магілай, што на цвінтары суседняй вёскі Паўлаўшчыны, — адзначае Тамара Мікалаеўна. — Унукі аднакласнікаў Вячаслава вучацца ў школе. На ўроках гісторыі расказваем пра гераізм былога нашага выхаванца. Выкладаючы праграмны матэрыял, заўжды імкнуся сканцэнтраваць увагу школьнікаў на найбольш важных гістарычных фактах. Настройваю іх думаць і самастойна даваць ацэнку па­дзеям. Вучу, як лепей адбіраць патрэбную інфармацыю з розных крыніц. Як кажуць, у кожнага праўда свая, а гістарычны факт — тая самая ісціна.

— Наконт гэтага ўзгадваецца яскравае выказванне класіка сусветнай літаратуры Віктора Гюго: «Вылепіць цудоўную статую і ўдыхнуць у яе жыццё — добра; але развіць юны розум, вылепіць па-свойму юную душу і ўдыхнуць у яе пачуццё праўды — яшчэ лепей». Ці не так?

— Важна ў свядомасці юных выхаванцаў закласці трывалы падмурак, каб упэўнена крочылі яны па жыцці. Пасля хлеба самае важнае для чалавека — школа. Нашы вучні розныя па ўзросце і развіцці, каб захапіць іх прадметам, выбіраем адпаведны падыход. Разам з калегай настаўніцай гісторыі Кацярынай Афанасьеўнай Траццяковай ладзім школьныя краязнаўчыя алімпіяды. Пераможцы ўдзельнічаюць ва ўсіх гістарычных праектах раёна і вобласці.

Вучэбны матэрыял напаўняем дакладнымі прыкладамі. Пры абмеркаванні гераізму савецкіх людзей у Вялікую Айчынную вайну асобны ўрок прысвяцілі Герою Савецкага Саюза Зінаідзе Тусналобавай-Марчанка. З цікавасцю слухалі вучні пра незвычайны лёс дзяўчыны з Віцебшчыны. У пачатку вайны яна скончыла курсы медсясцёр і папрасілася на фронт. Вынесла з-пад агню 128 параненых салдат і афіцэраў. Зімою 1943 года ў баі паўзла, каб уратаваць камандзіра ўзвода і трапіла пад варожыя кулі. На другія суткі разведчыкі знайшлі яе: без памяці ляжала на акрываўленым снезе. Амаль год медыкі змагаліся за жыццё франтавой медсястры, ампутавалі ёй рукі і ногі.

Зінаіда навучылася хадзіць на пратэзах і прадоўжыла змагацца з ворагам. З палымянай прамовай выступіла перад рабочымі ўральскага завода: папрасіла, каб за яе кожны вырабіў па адной заклёпцы для танка. Завадчане выпусцілі звыш задання пяць танкаў, на бартах якіх белай фарбай вывелі: «За Зіну Тусналобаву!» У «Комсомольской правде» надрукавалі заклік Зінаіды да байцоў, каб адпомсцілі за яе, «за знявечаную нашу зямлю, за растаптаную маладосць». Свайму жаніху Іосіфу Марчанку адважная Зінаіда паведаміла ў лісце, што засталася без рук і ног. Каб не быць яму абузай, папрасіла забыць пра яе. Іосіф, калі даведаўся пра гэта, напісаў у адказ: «…у радасці і ў горы будзем заўжды разам». У маіх вучняў макрэлі вочы, калі зачытвала ім радкі з пісьмаў Зінаіды і яе нарачонага. Пасля Перамогі яны пажаніліся, выхавалі сына і дачку. Зінаіда працавала дыктарам на радыё. У 1957 годзе ўганаравана высокім званнем Героя Савецкага Саюза, а ў 1965-м — вышэйшай узнагародай Міжнароднага Чырвонага Крыжа: медалём імя Флорэнс Найцінгейл. Яе імя прысвоена Полацкаму дзяржмедкаледжу. На Віцебшчыне штогод жанчынам-маці ўручаюць прэмію імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка.

Калі абмяркоўваем такі гістарычны матэрыял, у класе няма раўнадушных. Імкнуся, каб вучні разважалі. У рэфератах яны адзначаюць моцную сілу духа Зінаіды, падкрэсліваюць, што кожны франтавік мог апынуцца на яе месцы. Стойкім прыкладам гераіня паказала: не здавацца, а змагацца з ворагам да пераможнага канца.

— Па суседстве з вашым пасёлкам Энергетык, пад уздзенскай вёскай Хароміцкія, гераічна загінуў з байцамі-партызанамі Марат Казей. Іх подзвіг абмяркоўваеце са школьнікамі?

— Марат Казей — адзін з мноства юных беларускіх змагароў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Кожны навучальны год пачынаем з урокаў памяці, прысвячаем іх гераізму нашага народа ў барацьбе з ворагам. Вучні выказваюць свае адносіны да подзвігаў. Цікавае даследаванне пра гібель Марата Казея і яго баявых сяброў падрыхтавала вучаніца з суседняга Уз­дзенскага раёна. З дакладам яна выступала на абласной навуковай канферэнцыі. Сваю работу школьніца пабудавала на ўспамінах мясцовых старажылаў. З групай байцоў Марат Казей вяртаўся з баявога задання праз вёску Хароміцкія. З другога боку ў яе ўварваліся акупанты і сталі рабаваць сялянскія падворкі. Ворагі гналі з вёскі жывёлу. Адна карова адвязалася ад павозкі і накіравалася да хмызняку, дзе схаваліся партызаны. Прагрымеў выбух. Народныя мсціўцы ўзарвалі сябе. Калі б немцы кінуліся пераймаць карову, то трапілі б на іх і вёску Хароміцкія знішчылі б. Цаной свайго жыцця партызаны ўратавалі яе. Дэталёва абмяркоўваем з вучнямі гэты гістарычны факт. Школьнікі выказваюць свае думкі, раўнадушных у такі момант няма.

— Тамара Мікалаеўна, зараз вялікая ўвага надаецца паглыбленню патрыятычнага выхавання моладзі, пераемнасці традыцый. Напэўна, менавіта такія ўрокі школьнікі больш запамінаюць.

— Безумоўна, удзел у абмеркаванні гістарычных фактаў асядае ў памяці вучняў. Актыўна яны збіралі матэрыял для музейнай экспазіцыі «Родныя твары Перамогі». Ні адзін мясцовы франтавік і партызан не забыты. Той ваенны час усё далей адыходзіць. Засталіся лічаныя сведкі страшэннай вайны. У вясковых сем'ях захоўваецца памяць пра барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Папоўніла экспазіцыю музея гісторыя франтавога шляху былога настаўніка нашай школы Мікалая Андрэевіча Белавусава. З ворагам ён змагаўся ад першага да апошняга дня вайны. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, абараняў Маскву, ваяваў на Курскай дузе, вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Негарэлае і навакольныя мясціны. Прыглянулася камандзіру танкавага ўзвода беларусачка Леакадзія Шыкель. З першага погляду закахаўся і наказаў дзяўчыне: «Чакай мяне, пасля Перамогі сустрэнемся». У 1945 го­дзе з Берліна прымчаў да яе. Згулялі вяселле, і маладыя адправіліся на радзіму жаніха ў Харкаўскую вобласць. Доўга там не затрымаліся. Вярнуліся ў Беларусь. Мікалай Андрэевіч выкладаў у мінскай Ваеннай акадэміі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак настаўнічаў у Негарэльскай сярэдняй школе. Сям'і Белавусавых выдзелілі дом у суседняй вёсцы Масцішча. Трох сыноў яны выхавалі. Засталіся тут іх унукі і праўнукі. Адзін з іх — Раман Белавусаў — вучыцца ў сёмым класе. Музейны альбом пра Белавусавых адзначаны на конкурсе «Дзяцінства, апаленае вайной», што ладзіўся ў пабраціме Дзяржынска — расійскім горадзе Ціхвіне Ленінградскай вобласці.

Нашымі юнымі краязнаўцамі сабраны таксама матэрыялы і пра выпускнікоў школы розных гадоў. Сярод іх — доктар тэхнічных навук, прафесар Мікалай Мухураў, дацэнт геафака БДУ Аляксей Шавель, трэнер футбольнага клуба «Дынама-Мінск» Станіслаў Пармонаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Тэнгіз Думбадзэ і іншыя. У Год гістарычнай памяці ў нас значна ажывілася краязнаўчая дзейнасць.

— Што значыць для вашай сям'і Год гістарычнай памяці?

— Ён даў магчымасць датыкнуцца да тых старонак, якія раней былі закрыты. Вырасла я ў Карэліцкім раёне, дзе мае продкі жылі за польскім часам. Адзін з дзядуляў, Аляксандр Іванавіч Крапіўніцкі, у 1941 годзе пайшоў на фронт, але пры адступленні адстаў ад сваёй воінскай часці і вярнуўся дамоў. Актыўным удзельнікам змагання з акупантамі стаў у 1944 годзе пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад ворагаў. У баях пад Кёнігсбергам паранены, згубіў вока. Але дайшоў да Берліна. Пасля Перамогі працаваў конюхам у калгасе. А дзядуля па бацькавай лініі, Апанас Андрэевіч Шавейка, у часы буржуазнай Польшчы паехаў на заробкі ў Канаду. У 1938 годзе вярнуўся дамоў, і яго прызвалі ў Войска польскае. У час вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь яго ўзялі ў палон і адправілі ў Сібір. У 1944 годзе дзед вярнуўся дамоў і працаваў у калгасе. Я не застала яго. Мяне цікавіла, чаму ён не ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны? Нядаўна даведалася, што ён абараняў рубяжы СССР на Далёкім Усходзе. У кожнага ёсць магчымасць звярнуцца да архіваў і даведацца пра сваіх родных і блізкіх. У Год гістарычнай памяці гэта вельмі важна. На ўроках гісторыі мы так і робім: вучні расказваюць пра мінулае сваіх родных.

— А калі ад вучняў паступаюць пытанні, як рэагуеце?

— Заўжды імкнуся дэталёва ўсё растлумачыць. У 9-х класах акрамя гісторыі вяду грамадазнаўства. Мне задаюць пытанні. На днях абмяркоўвалі тэму асновы ўлады ў нашай дзяржаве. Па Канстытуцыі ўлада належыць народу. У Прэзідэнта ёсць заканадаўчая ініцыятыва, і ён згодна з Асноўным Законам мае пэўныя паўнамоцтвы. Орган улады выбірае народ. З вучнямі больш разважаем, а не навязваем ім свае думкі.

— А як вы ставіцеся да санкцый, што Захад выстаўляе супраць нашай краіны?

— Адназначна, калі мы вырашылі крочыць у саюзе з Расіяй, то не спыняцца. Калі адстаім свае пазіцыі і той кірунак, які выбралі, то гэта ўсё выхавае пэўную сілу духа ў народзе, прыдасць настрой людзям. Як кажуць, коней на пераправе не мяняюць. Што стваралася за гады незалежнасці — мадэрнізаваць, не парушаючы старое. З гістарычнай памяці не выцягваць негатыўнае. Можна знайсці шмат станоўчага і ўзяць яго за аснову. Трэба культываваць пазітыўнае. У нас яго даволі шмат. Можна за прыклад браць мадэль Кітая. Там у дзейнасці Маа Цзэдуна дрэннае ацэнена ў 30 працэнтаў, а станоўчае — у 70. Кітайцы лічаць яго вялікім палітыкам сваёй краіны, таму што ён больш прынёс карысці.

— Што больш важна ў працы школьнага педагога?

— Матываваць і дастукацца да юных душ, імкнуцца нікога не выпусціць з поля зроку. Многія выхаванцы са складаных сямей. Важна дапамагчы кожнаму з іх знайсці свой верны шлях у жыцці.

— Вы яшчэ і шматдзетная маці. Як спалучаеце працу і сям'ю?

— У пачатку складана было. Падрасталі два сыны і дачка. З маленства мяне маці прывучала да адказнасці за даручаную справу. З мужам так дзяцей і выхоўваем. Два старэйшыя сыны самастойныя, жывуць у сталіцы. Дачушка Маша ў дзявятым класе і патрабуе шмат увагі. Сыны з малых гадоў дапамагалі па гаспадарцы. Каля дома ў нас 30 сотак зямлі, ні адзін яе кавалачак не пустуе.

Мая справа — настаўніцтва. Калі рыхтуюся да заняткаў, у доме ўладарыць цішыня. Заўсёды ёсць што новае дадаць па вывучаемых тэмах. Вучні чакаюць гэтага на кожным занятку. Лічу, што настаўнік павінен так падрыхтавацца да ўрока, каб апярэдзіць пытанні да яго.

— Вы на ўроку дэмакрат ці дыктатар?

— У старэйшых класах — дэмакрат, а ў пяцікласнікаў, дзе 31 вучань, трымаю максімальную дысцыпліну. Для таго каб быць дэмакратам, трэба зрабіць усё, каб на ўроку зацікавіць, захапіць дзятву. Толькі так можна заваяваць увагу. Праблема сучасных школьнікаў — гаджэты. Настаўнік павінен быць настолькі цікавым, каб не выпускаць з поля зроку выхаванцаў.

З восьмага класа пачынаем вызначаць прафесійную накіраванасць вучняў. З імі працуе псіхолаг і дае парады кожнаму па выбары будучай прафесіі. Распрацоўваем тэсты для вызначэння схільнасцей кожнага школьніка. На сходах бацькоў абмяркоўваем будучае выхаванцаў. Старшакласнікі атрымліваюць працоўныя прафесіі ў Дзяржынскім дзяржтэхліцэі па спецыяльнасцях «повар-кандытар» і «слесар па рамонце сельгасмашын».

— Праца настаўніка нялёгкая. Што, на вашу думку, трэба для падтрымання яго аўтарырэта?

— У першую чаргу прафесіяналізм. Педагог павінен крочыць у нагу з сучаснасцю, тады да яго будзе адпаведная павага. Наш час хуткацечны. Асабліва настаўніку гісторыі важна адчуваць яго подых і адпаведна даносіць інфармацыю вучням.

— Вас выхаванцы баяцца ці паважаюць?

— Канечне, лепш, калі паважаюць. Раілася з маці, як сябе паводзіць з вучнямі, калі пачынала. Яна раіла заставацца сабой і з павагай ставіцца да кожнага з іх. Так і імкнуся прытрымлівацца яе парад. А яшчэ запомніліся бацькоўскія жыццёвыя прынцыпы: не падхалімнічаць, быць чэснай і прамалінейнай. Так жылі мае бацькі. Яны сышліся, калі ў маці быў сын, а ў бацькі дачка. Нарадзілася яшчэ двое дзяцей. Сям'я наша дружная. Часта збіраліся ў бацькоў маці. Бабуля Антаніна Андрэеўна была самадастатковая, самакрытычная сялянка, заўжды паводзіла сябе годна. У яе вясковай хаце панаваў парадак. Бабуля трымала дзвюх кароў. Каб аблегчыць ёй працу, мы падарылі даільны апарат. Часта ўзгадваю той светлы час.

— Вы шчаслівая?

— Маё шчасце — што жыву ў мірнай краіне. У маіх дзяцей ёсць магчымасць для развіцця і рэалізацыі сваіх планаў. Вялікае шчасце — жыць і працаваць на роднай зямлі.

— Вашы пажаданні школьным выпускнікам?

— У такія моманты, калі звініць апошні званок для тваіх выхаванцаў, сэрца ахоплівае хваляванне. Узгадваю, якімі яны прыйшлі ў першы клас, думаю, як імкліва прабеглі гады. Радасна ад таго, што іх хваляць за старанне і ў іх поспеху ёсць твой удзел. Жадаю ім заставацца годнымі грамадзянамі Беларусі.

— Паважаная Тамара Мікалаеўна, вялікі дзякуй за размову.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter