Литературные конкурсы, издание сборника произведений, выставки и встречи: как еще отмечаем юбилей Янки Мавра

Наш вечны рабiнзон

Новае сiмвалiчнае дрэва пасаджана ў Парку пiсьменнiкаў каля Нацыянальнай бiблiятэкi — у гонар 140‑годдзя з дня нараджэння заснавальнiка беларускай дзiцячай лiтаратуры Янкi Маўра. Сябры Саюза пiсьменнiкаў Беларусi клапоцяцца, каб памяць пра таленавiтага творцу, асаблiва любiмага дзецьмi, жыла i толькi мацнела. Конкурсамi, сустрэчамi з чытачамi, адметнымi экспазiцыямi адзначаюць у нашай краiне юбiлей аўтара знакамiтых «Палескiх рабiнзонаў» i iншых прыгоднiцкiх аповесцей.


У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» нядаўна выйшаў збор твораў «Янка Маўр. Аповесцi. Апавяданнi», якi папоўнiў серыю «Народная бiблiятэка». Народная, таму што ў змесце, згодна з апытаннямi, самыя любiмыя творы чытачоў. На Мiжнароднай кнiжнай выставе‑кiрмашы ў Мiнску адбылася прэзентацыя гэтага зборнiка — ён знайшоў шырокi попыт, наведвальнiкi з задавальненнем набывалi навiнку. Захаванне спадчыны перш за ўсё магчыма праз перавыданне кнiг, iх продаж у кнiгарнях, папаўненне бiблiятэчных фондаў. Так што гэты пункт у зберажэннi памяцi пра заснавальнiка дзiцячай лiтаратуры ўдала выкананы.

Вядома, што Янка Маўр сябраваў з Якубам Коласам. Абое вучылiся ў настаўнiцкiх семiнарыях, дзе таксама атрымалi i музычную адукацыю. Янка Маўр нават стаў правобразам настаўнiка Iвана Тадорыка ў трылогii Коласа «На ростанях». А пазней яны наогул параднiлiся: дачка Янкi Маўра Наталля пабралася шлюбам з сынам Якуба Коласа Мiхасём. У Дзяржаўным лiтаратурна‑мемарыяльным музеi Якуба Коласа захоўваецца нават скрыпка, на якой iграў Янка Маўр. Дачка Наталля таксама часта музiцыравала з бацькам: ён — на скрыпцы, яна — на фартэпiяна.

— У маi ў гонар юбiлею капiтана дзiцячых падарожжаў рыхтуемся правесцi iнтэрактыўную лекцыю з прэзентацыяй, вiктарынай i гульнямi. Хай ведаюць нашчадкi пра цудоўнага пiсьменнiка як мага больш, — падкрэслiвае загадчык навукова‑асветнiцкага аддзела Дзяржаўнага лiтаратурна‑мемарыяльнага музея Якуба Коласа Вольга Наважылава. — Iнтэрактыўная лекцыя запланавана ў праграме праекта «Простыя словы», дзе навукоўцы i iншыя выбiтныя асобы ўздымаюць цiкавыя тэмы. 
А ў Вiцебскiм абласным краязнаўчым музеi, з якiм шчыльна супрацоўнiчаем, адкрылася экспазiцыя «Янка Маўр — капiтан дзiцячых падарожжаў», дзе прадстаўлены матэрыялы з фондаў нашага музея i прыватнага архiва нашчадкаў Янкi Маўра. На выставе — арыгiналы лiстоў ваеннага часу Янкi Маўра да Якуба Коласа, рэдкiя выданнi кнiг, у тым лiку з асабiстай бiблiятэкi Якуба Коласа, фотаздымкi i асабiстыя рэчы Янкi Маўра.
Пiсьменнiк родам з Латвii. Там i пачынаў настаўнiцкую працу, пасля пераведзены у вёску Бытча на Барысаўшчыне. На гэтай зямлi таксама шануюць памяць пра славутага сына — у бiблiятэкараў i настаўнiкаў цэлы спiс арыгiнальных мерапрыемстваў, ад выстаў да iнтэрактыўных урокаў. Творчыя сустрэчы ў школах, гiмназiях, музеях запланавалi i прадстаўнiкi Мiнскага гарадскога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.


— Будзем гаварыць з дзецьмi пра значэнне спадчыны Янкi Маўра, — канкрэтызуе старшыня Мiнскага гарадскога аддзялення СПБ Мiхась Пазнякоў. — У гонар класiка з пачатку года аб’явiлi конкурс сярод юных i маладых аўтараў. Тэматыка твораў, якiя можна прадстаўляць, — самая розная: Радзiма, родная прырода, горад‑герой Мiнск, чалавек працы, мужнасць народа, услаўленне подзвiгу, мiру, супрацоўнiцтва, сяброўства, самых прыгожых чалавечых памкненняў. У тым лiку прымаем творы, прысвечаныя класiку беларускай дзiцячай лiтаратуры Янку Маўру. Адгукнулiся сотнi юных аўтараў — лепшых узнагародзiм i наладзiм супрацоўнiцтва.

Мiнскае абласное аддзяленне СПБ разам з Музеем гiсторыi беларускай лiтаратуры таксама праводзiць конкурс у намiнацыях «Лiтаратурная творчасць», «Выяўленчае мастацтва», «Iнсцэнiроўка (мiнiяцюра)». Жадаючых паўдзельнiчаць многа, яно i невыпадкова, бо адмысловыя сюжэты Янкi Маўра цiкавыя скрозь час. У 1930‑м выходзiць аповесць «Палескiя рабiнзоны», якая зрабiла пiсьменнiка знакамiтым ва ўсiм Савецкiм Саюзе. У айчыннай прыгоднiцкай лiтаратуры гэта быў новы почырк пра рамантыку, што ёсць не толькi ў заморскiх краiнах. Двое сяброў‑падлеткаў апынулiся адрэзанымi ад усяго свету на востраве сярод палескiх балот. Пакуль шукаюць дарогу дадому — знаёмяцца з унiкальнай прыродай.

— «Палескiя рабiнзоны» — незвычайная гiсторыя пра прыгоды i ўменне не здавацца нават у безвыходных сiтуацыях, першы намеснiк старшынi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Алена Стэльмах падкрэслiвае актуальнасць твора i ў наш час. — Янка Маўр зрабiў класiчны пасыл у будучыню, пакаленнi новых дзяцей таксама хочуць быць рабiнзонамi. Адкрываецца свет незнаёмага праз падарожжа ў родных мясцiнах.

Такiм чынам нашы дзеткi даведваюцца, што ў Беларусi ёсць шмат мясцiн, не горшых за заморскiя: «Ёсць пушчы, не менш цiкавыя, чым далёкiя трапiчныя лясы. Ёсць азёры i балоты, якiя ўвесну робяцца морамi. Ёсць звяры, якiя радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы i тыгры». Словам, прыгожую маем краiну!



basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter