Народный артист Беларуси Анатолий Алай: в каждом из киногероев ищу отражение отца

Народны артыст Беларусі кінематаграфіст Анатоль Алай: «У кожным з кінагерояў шукаю адлюстраванне бацькі»

Хтосьці з разумных сказаў, што для дасягнення пастаўленай мэты дзелавітасць патрэбна не менш, чым веды. Менавіта дзелавітасць, заснаваная на жаданні аб'ехаць увесь свет, каб адшукаць свайго бацьку, ваенурача Івана Аляксеевіча, прывяла сірату, выпускніка Астрашыцкай сярэдняй школы Анатоля АЛАЯ на кінастудыю «Беларусьфільм». Без аплаты дапамагаў у здымачным павільёне цягаць цяжкую апаратуру, не цураўся аніякай працы. Шчасце агарнула сельскага юнака, калі яго залічылі ў штат асвятляльнікам. Неўзабаве прапанавалі стаць асістэнтам кінааператара. Без прафесійнай адукацыі, самастойна крок за крокам прагна засвойваў азы творчай спецыяльнасці. Сапраўдным трыумфам для пачынаючага кінааператара стала прызнанне лепшым на кінастудыі знятага ім дакументальнага эпізоду. Так пачаўся ў Анатоля Іванавіча шлях да кінамастацтва.

Сёння аматарам кіно добра вядома імя народнага артыста Беларусі Анатоля Алая. Больш чым за шэсць дзесяцігоддзяў творчай дзейнасці яго кінакамера зафіксавала многіх вядомых гістарычных асоб: дзяржаўных і ваенных дзеячоў, касманаўтаў, вучоных, пісьменнікаў, прадстаўнікоў розных прафесій. На яго рахунку 29 дакументальных кінастужак. Два гады таму Прэзідэнт Беларусі ў віншаванні Анатоля Іванавіча з 80-годдзем адзначыў, што ён па праве з'яўляецца майстрам, незабыўныя, кранальныя і эмацыянальна багатыя работы якога ствараюць залаты фонд айчыннага кінематографа.

Два дзясяткі лепшых работ рэжысёра прызнаны прызёрамі прэстыжных міжнародных кінафестываляў. Асаблівую ўвагу ён надае тэме Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш ярка талент творцы праявіўся ў кінарэжысуры. Дзесяцігоддзямі ён карпатліва вышуквае і збірае ў сведак падзей і ў архівах рэдкія гістарычныя факты і звесткі, якія знайшлі адлюстраванне ў яго фільмах: «Яго зарылі ў шар зямны», «Адрынуты», «Доктар Шуба», «Салдаты Італіі», «Чырвоны д'ябал», «Чорны крумкач», «Марынеска», «Гастэла», «Сустрэча на Эльбе», «Георгій Жукаў. Вайна і мір маршала Перамогі», «Бумеранг» і іншых.

Шматгадовая творчая дзейнасць Анатоля Іванавіча адзначана ганаровымі званнямі «Выдатнік кінематаграфіі СССР», заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага артыста Беларусі, спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне», прэміямі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, Міністэрства абароны, прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча, прызам Рамана Кармэна, а таксама дыпломамі і граматамі.

Фота belchas.1prof.by

— Карані мае вясковыя, — ганарыцца Анатоль Алай. — Бацька Іван Аляксеевіч нарадзіўся ў барысаўскай вёсцы Усохі. І зараз там жывуць сваякі. Бацькаў брат Міхаіл Алай кіраваў мясцовым калгасам. Сёстры Маруся і Ніна ў вайну пяклі хлеб і перадавалі партызанам. А калі акупанты пачалі карную аперацыю, іх ратавалі балоты вакол возера Палік.

Маці Яўгенія Андрэеўна — з чэрвеньскай вёскі Забалацце. Дзядуля Андрэй Шатэрнік выкладаў у школе родную мову і літаратуру. Падрыхтаваў і выдаў у Акадэміі навук Беларусі этнаграфічны слоўнік Чэрвеньскага раёна.

Бацькі пажаніліся ў час вучобы ў Мінскім медінстытуце. Пасля майго нараджэння ў сталіцы адправіліся працаваць у Новы Быхаў. Адтуль бацьку прызвалі ў армію. Дамоў ён даслаў адзінае пісьмо, у якім узгадваў саслужыўца Берулаву. Паведамляў у лісце і пра тое, што яго выклікалі з пагранічнай заставы пад Беластокам у Маскву. Больш ніякіх звестак ад яго мы не атрымлівалі.

Як грымнула вайна, мне было восем месяцаў. Людзі масава кінуліся выязджаць на ўсход. Фашысцкую акупацыю мы перажылі ў Новым Быхаве. Рызыкуючы жыццём, маці прыносіла з бальніцы лекі для партызан і падпольшчыкаў. Употайкі аказвала параненым медыцынскую дапамогу. Людзі падтрымлівалі нас харчамі. Цудам выжылі!

Пасля вызвалення Быхаўшчыны ад акупантаў, вырашылі даведацца пра лёс бацькі. Да тых, хто на вайне прапаў без вестак, адносіліся як да здраднікаў. З гэтым кляймом жыла наша сям'я. Ніхто не папракаў, але ў душы мучыла думка пра бацьку. Маці чытала-перачытвала адзінае пісьмо і думала, што ўзгадваўся ў ім хтосьці з блізкіх Берыі. Разважала: калі бацьку выклікалі ў Маскву, пэўна, каб даручыць нешта важнае. Адправіла пісьмо да Берыі з просьбай дапамагчы даведацца пра лёс мужа. Замест адказу, да нас прыйшлі двое ваенных: загадалі нічога з сабой не браць і крочыць за імі. Прывялі на бераг Дняпра. Маці чула іх перашэпт: «Як з хлопчыкам паступіць?» Некалькі хвілін ваенныя пераглядаліся паміж сабою, а потым адпусцілі нас. Толькі праз дзесяцігоддзі ўдалося даведацца пра лёс бацькі.

— Пошукам яго прысвечаны фільм «Чорны крумкач». Чаму далі такую назву?

— Гэта птушка — вястун смерці. З малых гадоў кружыла нада мной. Пяць разоў мяне ўратоўвалі, калі тануў на астрашыцкім возе­ры. Крочыў каля школы, і з-за вугла нехта каменем запусціў прама ў галаву. На лбе засталася ўмяціна. Ледзьве не загінуў ад выбуху снарада. Знайшлі яго з сябрам Сяргеем Нальгачовым і хацелі дастаць порах. Снарад здэтанаваў і выбухнуў. Акрываўленых, прынеслі нас у астрашыцкую амбулаторыю, дзе працавалі нашы маці. Ад убачанага яны страцілі прытомнасць. Сябра загінуў, а мяне ўрачы другой мінскай гарбальніцы ўратавалі. Асколак наскрозь прайшоў праз нагу. Ад яго застаўся след. Цудам не загінуў на кіназдымках: адышоў ад сцяны, а праз імгненне яна рухнула. Мог застацца пад завалам...

У дакументальным фільме падрахоўваю вынік творчага шляху і пошуку слядоў бацькі. Аднойчы на сустрэчы з гледачамі паскардзіўся: дапамагаю людзям шукаць родных, якія прапалі ў вайну, а пра бацьку нічога не ведаю. Праз нейкі час мне патэлефанаваў супрацоўнік дзяржорганаў бяспекі і паведаміў, што ёсць звесткі. Гэта падштурхнула на далейшыя пошукі. У Германіі ўдалося адшукаць картку ваеннапалоннага, а потым і дакумент вязня Івана Алая з канцлагера ў польскім гора­дзе Дэмбліне. На паперцы застаўся подпіс бацькі і надпіс, што 23 кастрычніка 1942 года ён спрабаваў збегчы з лагера. Фашысты за пабег расстрэльвалі.

У кожным са сваіх кінагерояў шукаю адлюстраванне бацькі. Імкнуся ім, воінам-пераможцам, аддаць цяпло свайго сэрца. Важна, што, нягледзячы на дакументальны трагізм закранаемых падзей, мае фільмы па сутнасці аптымістычныя.

— Творчую кар'еру вы пачыналі кінааператарам, а потым смела заявілі аб сабе і як аб рэжысёру. Рызыкавалі?

— Рэжысуру спасцігаў у практычнай дзейнасці. Разумеў, што ў мяне шанцаў стаць кінарэжысёрам значна менш, чым у дыпламаваных спецыялістаў. Дапамагла выпадковасць. У газеце «Советская Белоруссия» прачытаў матэрыял аб трагічным лёсе самабытнага рэчыцкага мастака Аляксандра Ісачова і загарэўся ідэяй зняць пра яго фільм. У той час у Рэчыцы адкрылася выстава яго палотнаў. Там з ім сустрэліся і знялі інтэрв'ю. Паспелі толькі праявіць кінаплёнку, як прыйшла вестка, што нашага героя ўжо няма ў жывых. Аператыўна выехалі здымаць пахаванне. Вырашылі назваць фільм «Не плачце пра мяне». Манціраваў яго ў якасці рэжысёра па сцэнарыі Віктара Дашука. На прэм'еры ў сталічным кінатэатры «Кастрычнік» яблыку няма было дзе ўпасці. Пасля прагляду ў зале доўга не змаўкалі апладысменты. Фільм атрымаў ашаламляльны поспех. Для мяне ён стаў пропускам у прафесію рэжысёра.

Пасля гэтага здымаў пяць поўнаметраж­ных кінастужак. На нашай студыі ніхто з пачынаючых рэжысёраў гэтым не можа пахваліцца. Апантана ўзяўся за падрыхтоўку фільма «Яго зарылі ў шар зямны».

— Кінакрытыкі яго назвалі фільмам-набатам. Упершыню на постсавецкай прасторы і ў гісторыі дакументальнага кінематографа была гучна ўзнята праблема забытых на палях ваенных баталій воінаў. Як працавалася над стужкай?

— Здымалі ў нас і за мяжою. Толькі на тэрыторыі былой ГДР тры сотні месцаў пахавання савецкіх салдат, якія прапалі без вестак. А колькі іх у іншых еўрапейскіх краінах, якія савецкія войскі вызвалялі ад фашыстаў! Забытымі засталіся і воіны 2-й ударнай арміі пад камандаваннем генерала Власава. З часоў вайны засталіся яны ў наўгародскіх балотах. Балюча было бачыць там парослыя імхом астанкі байцоў, фалангі пальцаў, што застылі, сціскаючы ручкі кулямёта, чарапы… Кінакамера ўсё гэта фіксавала. Гэта наш агульны боль, наш сорам. Горкая праўда. Складана было не толькі здымаць, але і манціраваць зняты матэрыял. Колькі сыноў і дачок так і не даведаліся пра лёсы сваіх бацькоў-франтавікоў! Вось як у фільме «Адрынуты» нам удалося вярнуць з небыцця вартае імя камбата-артылерыста Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Сапрыкіна. Франтавіка двойчы ўзнагароджвалі адной і той жа Залатой Зоркай, і кожны раз пасмяротна. Здымкі вяліся ў Канадзе, Германіі, Прыбалтыцы, Расіі і ў дубровенскай вёсцы Чырвоная Слабада, дзе герой здзейсніў подзвіг. Пазней у адным з баёў ён трапіў у палон. Каб не падвесці родных, пасля вайны застаўся ў Канадзе. Было шмат перапон пры падрыхтоўцы фільма-даследавання, але на экран ён выйшаў. Праўда і справядлівасць узялі верх.

— Як вам удалося адшукаць у Германіі нашчадкаў знятых на вядомым фотаздымку ваенных часоў гітлераўскіх карнікаў, што зладзілі публічнае павешанне падпольшчыкаў у нашай сталіцы?

— Было вядома, каго з партызан-падпольшчыкаў фашысцкія прыхвасні павесілі ў Мінску. Вырашыў заняцца пошукам карнікаў, адлюстраваных на гэтым здымку. У Мюнхене ладзілася фотавыстава, на якой дэманстравалася і гэта фота. Яна выклікала бурную рэакцыю ў нямецкім грамадстве. Пра гэта журналістцы аднаго з нямецкіх выданняў даручылі падрыхтаваць рэпартаж. На фотаздымку яна пазнала бацьку, які стаяў каля шыбеніцы. Ад нечаканасці жанчына страціла прытомнасць. Потым адчутае доўга насіла ў сэрцы. Не вытрымала і прызналася калезе-сяброўцы з газеты «Дойчэ цайтунг» Клаўдзіі Майхэльбек, што не можа спакойна спаць. Сяброўка выдала ў газеце сенсацыйны матэрыял. Публікацыя выклікала ажыятаж. Дачцэ карніка пасыпаліся асуджэнні. На яе машыну вешалі фігавыя лісткі. Нервы не вытрымалі, і яна на такой жа вяроўцы, на якой бацька вешаў у Мінску партызан, утварыла суіцыд. Праз гады бумеранг пакараў немца-карніка... Кінастужку назваў «Бумеранг». Удалося стварыць і другі фільм па гэтай тэме «Без тэрміна даўнасці». У ім высвятляецца, што немец адказваў за пастаноўку пакарання, непасрэднымі выканаўцамі былі літоўцы. Адзін з іх нават атрымаў ад фюрэра ўзнагароду. Засталася задума зрабіць з гэтай серыі трэці фільм. Спадзяюся, што паспею яе здзейсніць.

— Асобная тэма вашай творчасці — чарнобыльская трагедыя.

— Адразу пасля выбуху на атамнай станцыі ў Чарнобылі мы добраахвотна адправіліся на здымкі ў забруджаныя радыяцыяй раёны. Канечне, рызыкавалі жыццём. Падрыхтаваны намі фільм партыйны кіраўнік Беларусі Мікалай Слюнькоў пасля прагляду станоўча ацаніў. А мастацкі савет кінастудыі палічыў, што ў ім не стае сацыяльнага аптымізму. Мае кінаматэрыялы, дзе людзі з болем у сэрцы выказваюцца, спалілі на двары кінастудыі. Над фільмам, які назвалі «Чужой бяды не бывае», прызначылі працаваць іншага кінааператара. Я папрасіў маё прозвішча з цітраў убраць. Без вострых момантаў кінастужка выйшла. Асаблівага рэзанансу ў грамадстве яна не мела.

Амаль такая ж сітуацыя склалася, калі рыхтавалі фільм пра замацаванне моладзі на вёсцы. Прывезлі на кінастудыю зняты ў калгасах матэрыял. Пасля прагляду мне забаранілі працаваць над ім. Напісаў артыкул «Шлюб па разліку, ці Адкуль бяруцца шэрыя фільмы» і яго надрукавала газета «Советская Белоруссия». На партыйных сходах і пася­джэннях партбюро кінастудыі мяне сталі дакараць. Пасля крытычных заўваг калег слова ўзяла старшыня секцыі кінакрытыкі Саюза кінематаграфістаў доктар філалагічных навук Ефрасіння Бондарава. Падзякавала мне за грунтоўную публіцыстыку і адзначыла, што гэта сапраўдны подзвіг. Прафесар падкрэсліла, што ўпершыню за гісторыю беларускага кінематографа выйшаў такі смелы артыкул. Гэта выступленне ўратавала мяне.

— А як сталі героямі вашых фільмаў ганаровы прафесар Белдзяржсельгас­акадэміі і слынны хлебароб, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы?

— Пра кожнага з іх асобная гісторыя. Некалькі дзён з раніцы да вечара імкнуліся разгаварыць у Горках франтавіка, ганаровага прафесара сельгасакадэміі Аляксея Багамолава. Да вайны ён жыў у Маскве і быў заўзятым фотааматарам. З акна кватэры здымаў парады на Чырвонай плошчы. На фронце, акрамя зброі, не расставаўся з фотаапаратам. Калі штурмам бралі Берлін, заскочыў у фотамагазін і прыхапіў два шыракаплёначныя фотакамеры. Імі здымаў апошнія баявыя дзеянні ў павержаным Берліне. Негатывы Аляксей Міхайлавіч перадаў у Нацыянальны архіў Беларусі, супрацоўнікаў якога здзівіла ўнікальнасць здымкаў. Мы перазнялі архіўныя матэрыялы і адправіліся ў Горкі. Багамолаў прымаў нас у кватэры. Усталявалі камеру, але як ні спрабавалі разгаварыць яго, нічога не атрымлівалася. Гаспадар хваляваўся і закрываўся ў сабе. Пацікавіліся, ці захаваўся франтавы кіцель. Багамолаў дастаў яго з шафы. Іканастас узнагарод заззяў перад камерай. На пытанне, за што атрымалі ордэн Славы, стаў жыва ўзгадваць баявыя эпізоды, быццам толькі выскачыў з акопа. Шмат цікавага пачулі. Копію фільма падарылі нашаму герою.

— А што вас падштурхнула здымаць кінастужку пра Уладзіміра Бядулю?

— Уладзіміра Лявонцьевіча ведала ўся вялікая краіна. «Лятаючым мужыком» назваў яго паэт Андрэй Вазнясенскі. Сцэнарый да фільма пісаўся пасля здымак. Сэрцам адчуваў, што карцінка будзе. Перад самым ад'ездам даведаліся: слыннага старшыню адправілі на заслужаны адпачынак. На калгасным сходзе ўзнікла канфліктная сітуацыя. Гэта толькі надало імпэту здымкам. Патэлефанавалі Бядулі, што выязджаем, і атрымалі згоду. Дакументальнымі кадрамі дапамагла Брэсцкая студыя тэлебачання. У іх быў багаты матэрыял пра вядомага старшыню. Важна было пачуць ад землякоў, хто ён быў для іх і як праходзіў апошні сход. Так атрымалася, што адзін Бядуля на небе, а другі — на зямлі. Вясковыя жанчыны плакалі, перажывалі за яго, кінакамеру не заўважалі. Столькі эмацыянальных эпізодаў наздымалі. Кампазіцыйна выбудоўвалі кожны план. Вызначаў аператару, з якой кропкі і на якім фоне лепш здымаць. Адчувалася, як балюча для калгаснікаў развітвацца з Уладзімірам Лявонцьевічам. Пры мантажы адбіраў для фільма толькі самыя эмацыянальныя моманты, якія чапляюць, каб адчуваўся дынамізм. Браў за аснову важныя факты і з іх складваў эпізоды, аздабляў музыкай. Фільм атрымаў назву «Уладзімір Бядуля». Крытыкі станоўча ацанілі яго.

— З мінулага што больш усяго запала ў сэрца?

— З прыемнага — паступленне на факультэт журналістыкі ў сталым узросце. А як хваляваўся, калі рыхтаваў дыпломную працу! Навуковы кіраўнік доктар гістарычных навук, прафесар Ефрасіння Бондарава высока ацаніла яе.

— Анатоль Іванавіч, на працягу дзесяцігоддзяў вы займаецеся кінадакументалістыкай. Чым асобны для вас Год гістарычнай памяці?

— Для мяне ён як год выхаду ў свет кнігі «Анатоль Алай. Маё кінематаграфічнае жыццё без прыкрас». Спадзяюся, што выданне атрымалася цікавым не толькі для аматараў кіно, але і для масавага чытача. Там шмат фактаў з нашай агульнай гісторыі.

— У прадмове адзначаеце, што дзякуючы лёсу вам пашчасціла ў поўнай меры выказаць сябе ў фільмах. А ўсё-такі што яшчэ хочацца дапоўніць да здзейсненага?

— У маім загашніку пяць сцэнарыяў для новых кінафільмаў. І тыя стужкі, што не завершаны, атрымаюць жыццё. Цяга зняць фільм поўніць сэрца, як пачуцці да недаступнай жанчыны. Не згасае моцнае жаданне адлюстроўваць на экране праўду жыцця.

Дарэчы, сам я жаночым цяплом не абдзелены. З жонкай Ларысай Іванаўнай выхавалі дачку Вольгу. Калі на «Славянскім базары ў Віцебску» ўручалі прэмію Саюзнай дзяржавы, са мною была і Вольга. Мне было прыемна разам з ёю атрымліваць высокую ўзнагароду. У творчых удачах, безумоўна, заслуга і нашай дружнай сям'і.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter