Чаму пан Юзаф Мачуба, паспяховы польскі фермер, добрым словам успамінае сацыялізм і што хоча ўбачыць у беларускай вёсцы.
У АДНОЙ з галоўных галін польскай эканомікі – сельскай гаспадарцы — задзейнічана амаль пятая частка насельніцтва краіны. Пасля рэфармавання ў 1989 годзе калектыўных гаспадарак утварылася больш як два мільёны прыватных, на якія цяпер прыпадае амаль дзевяноста працэнтаў сельскагаспадарчых угоддзяў і якія вырабляюць амаль такую ж частку ў агульным аб’ёме сельгасвытворчасці. Польшча экспартуе ў асноўным садавіну, гародніну, бульбу, цукровыя буракі, збожжа, рапс і прадукцыю жывёлагадоўлі.
Цяперашні аграрны сектар нашых суседзяў прадстаўлены ў асноўным рознымі па памерах і аб’ёмах вытворчасці, арганізацыйнай структуры і формах уласнасці сялянскімі гаспадаркамі. У большасці з іх ад пяці і болей гектараў зямлі. У краіне адсутнічае сістэма рэгулявання цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю шляхам дзяржаўных закупак, і ўся камерцыйная рызыка кладзецца на вытворцаў прадукцыі. Толькі нязначная частка паставак збажыны і некаторых іншых сельгаскультур ахоплена папярэднімі кантрактамі паміж землеўладальнікамі і харчавікамі.
Большасць польскіх фермераў практыкуе змешаны тып гаспадарання і займаецца як раслінаводствам, так і жывёлагадоўляй. Гэта зніжае таварнасць вырабленай прадукцыі, і значная частка яе застаецца ўнутры гаспадаркі.
На нашых прылаўках мы ўвесь час бачым багаты асартымент польскай садавіны і гародніны. Давайце ж хоць адным вокам глянем, як і хто ў суседняй краіне забяспечвае прадукцыяй не толькі свой рынак, але і паспяхова заваёўвае замежныя.
Два дзесяцігоддзі гаспадарыць непадалёку ад Балтыйскага ўзбярэжжа Юзаф Мачуба. Перабраўся сюды з цэнтральнага рэгіёна, дзе нарадзіўся і вырас. Закончыў сярэднюю спецыяльную аграрную навучальную ўстанову па спецыяльнасці аўтамеханік. У час вучобы пазнаёміўся з дзяўчынай Элай, і ўзялі шлюб. У 1996 годзе яны адпачывалі ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве, дзе надта прыгожыя мясціны, шмат азёр і пансіянатаў. Непадалёку славуты Сопат з былым сусветна вядомым песенным фестывалем. У мясцовай газеце прачыталі абвестку з прапановай арэнды зямлі расфарміраванай былой калектыўнай гаспадаркі. Мачубы вырашылі рызыкнуць і заняцца тут фермерствам. Агледзелі прапануемыя мясціны, даволі хутка аформілі ў арэнду на дзесяць гадоў 480 гектараў зямлі, якая зарасла пустазеллем і хмызамі. У спадчыну ад былой калектыўнай гаспадаркі Мачубам дастаўся старэнькі польскай вытворчасці трактар «УРСУС» на 60 конскіх сіл і паўразбураныя памяшканні. З восені паспелі пераараць палі і засеяць азімай пшаніцай. З-за нявопытнасці не ведалі, што трэба было перш знішчыць пырнік, які панаваў на ўсіх масівах. Калі вясною ён стаў глушыць збажыну, фермер зразумеў памылку. Атрымалі па 20 цэнтнераў азімай пшаніцы на круг, ледзьве пакрылі затраты. Пасля жніва палі апрацавалі раўндапам, а праз нейкі час забаранавалі і правапнавалі, перааралі на зіму і вясной пасеялі рапс, які парадаваў ураджаем. Ён стабільна дае штогод па 30 цэнтнераў насення з гектара, а на асобных участках і звыш сарака.
У зямельным банку фермеры Мачубы ўзялі пазыку на выкуп большай часткі арандаваных угоддзяў, а на астатнія пралангіравалі арэнду. Ад продажу сталі атрымліваць прыбытак і заняліся рамонтам памяшканняў былой калектыўнай гаспадаркі. Адзін з такіх будынкаў вызначылі пад гаспадарскі дом. На рэканструкцыю яго банк прадаставіў 45 тысяч злотых на 12 гадоў пад два працэнты гадавых. Штогод з прыбытку вяртаюцца банкаўскія пазыкі, і яшчэ застаюцца сродкі на развіццё гаспадаркі. Аб’ёмы вытворчасці прадукцыі растуць, што дае ўпэўненасць у далейшай плацежаздольнасці гаспадаркі. Вырашылі Мачубы выкупіць астатнія ўгоддзі. Пазыку на гэтыя мэты ў памеры пяці мільёнаў злотых атрымалі ў дзяржаўным агенцтве пад 3,6 працэнта на 12 гадоў.
— Ці не рызыкавалі, калі бралі такія вялікія грошы? – цікаўлюся ў фермера Мачубы.
— Рызыкавалі тады, калі бралі гэтую зямлю ў арэнду, — адзначае Юзаф Мачуба. — Жонка, як убачыла запусцелыя палі і разбураныя пабудовы, чатыры гады сюды потым ні нагой... Адзін змагаўся. Цяжка было, але не адступаў. Прыгнаў з бацькаўшчыны грузавік, наняў механізатараў, і на двух трактарах пачалі рыхтаваць глебу. Дзяржаўнае агенцтва падтрымала мяне і выдзеліла трох механізатараў на тры гады. Па дамоўленасці з фірмай прама ў полі запраўлялася тэхніка.
— А хто заняўся бухгалтэрыяй?
— З першага дня сам рабіў усе падлікі. Заняўся агранаміяй, інжынернымі, іншымі гаспадарчымі справамі. Кантраляваць работу механізатараў у полі не трэба было. Яны працавалі сумленна.
— Хто ў пачатку фермерства дапамагаў па агранаміі?
— Пры неабходнасці заказваў спецыялістаў з фірмы для кансультацый. З намі ўстанавіў моцную сувязь спецыяліст Пётр Мігус, які мае вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю і дапамагае слушнымі парадамі.
У час нашай размовы прывезлі паліва, якое гаспадар напярэдадні заказаў па тэлефоне. Мачуба падпісаў вадзіцелю суправаджальныя дакументы, а мне патлумачыў, што разлічвацца за паліва можна на працягу двух тыдняў. Пастаўшчык трымаецца заказчыка і давярае яму. Калі апошні не ўкладваецца ў тэрмін, па дамоўленасці можна і пазней разлічыцца. Пануюць узаемны давер і павага. Ад колькасці паліва, якое пастаўляецца, залежыць і яго кошт. Як і з закупкай сельскагаспадарчай тэхнікі.
— У гаспадарцы працуюць і беларускія трактары, — адзначае Юзаф Мачуба. – Механізатары дасканала ведаюць іх. Калі здараюцца паломкі, хутка выпраўляем. Беларуская тэхніка не надта дарагая і даволі зручная, нескладаная ў рамонце. Працуюць у нас і магутныя энерганасычаныя заходнееўрапейскія трактары. Для іх тэхабслугоўвання выклікаем экспертаў са спецыялізаванай фірмы.
— Ці можна польскага фермера назваць багатым?
— Каб мець стабільна высокі прыбытак, неабходна 150—200 гектараў зямлі. У гэты засушлівы год на добры вынік у раслінаводстве не спадзяемся. Урадзіў толькі рапс. Збожжавых атрымліваем да 60 цэнтнераў на круг. Пасля ўборкі іх на поле ўносім салому, якую змочваем 46-працэнтным азотам, каб хутчэй перагніла, і заворваем. Папулярны ў нашых фермераў беларускія калійныя ўдабрэнні.
— А як арганізавана ў вас рэалізацыя прадукцыі?
— Раней усяляк бывала, а цяпер вялікі выбар фірм, і яны дыктуюць цану на нашу прадукцыю. Выбіраем больш спрыяльны варыянт і прадаем.
А па цукровых бураках загадзя заключаем дамовы з заводам на пэўную іх колькасць. Заводская тэхніка ўбірае буракі.
Так і бульбу забірае ў нас спецыялізаваная фірма. Наша справа толькі вырасціць і знайсці найбольш спрыяльны варыянт рэалізацыі. Фірма закупляе элітнае насенне бульбы, астатняе маем права рэалізаваць самі. Вясною ў той жа фірмы купляем насенне. Прыбытак маем невялікі за прадастаўленне зямлі фірме для вырошчвання бульбы па іх тэхналогіі. І ўсё ж пасля рапсу найбольш рэнтабельныя бульба і цукровыя буракі, а толькі потым збожжавыя. Але павялічваць плошчы найбольш эфектыўных культур не маем права. Еўрасаюз пільна за гэтым сочыць.
— Кантралюе вашу дзейнасць і падтрымлівае?
— Нам выдавалі па 300 еўра даплат, а сёлета толькі па 200 на кожны гектар.
— У сувязі з чым мяняецца сума выплат?
— З сёлетняга і да 2020 года пачалася новая праграма падтрымкі аграрнага сектара. Асаблівасць яе ў тым, што кожны гаспадар абавязаны сеяць пакрыху зялёны лубін, сою, каб зямля перапрацоўвалася і абагачалася азотам. Пры невыкананні такой умовы гаспадарка пазбаўляецца даплат.
— Хто кантралюе гэта?
— Культурай поля займаецца гаспадар, а дзяржава трымае на кантролі, колькі чаго пасеяна. У агенцтва паступаюць такія звесткі, і там прымаецца рашэнне аб фінансавай падтрымцы. З космаса здымаюцца палі, і здымкі вывучаюцца камп’ютарам. А бывае, што прыязджаюць кантралёры і аглядаюць пасевы. Калі выяўляецца, што заяўленыя плошчы засеяны іншымі культурамі, Еўрасаюз адмаўляе ў прэференцыях. За кожны лішні пасеяны гектар здымаецца падвоены штраф. У агенцтва трэба будзе заплаціць па 600 еўра за кожны лішні гектар.
— Ці бывала такое?
— У мяне такога не было. На кожную сотню гектараў дапушчальная розніца 2—3 процэнты. А калі болей, то ўжо штраф. Каб усё было дакладна выверана, трэба мець спецыяльнае прыстасаванне, пры дапамозе якога абмерваецца поле. Чапляю яго на руку і крочу па полі. Ужо дзесяць гадоў так працую.
— Як такая сістэма для вас?
— У Еўрасаюзе зашмат рознай бюракратыі.
— Вы задаволены, што ўвайшлі ў Еўрасаюз?
— Адназначна адказаць цяжка. Значна павысіўся пенсійны ўзрост. Мужчыны маюць права на заслужаны адпачынак у 67 гадоў, а жанчыны — у 65. Калі мы дасягнём пенсійнага ўзросту, то гаспадарку перададзім сыну.
— З раслінаводствам цесна пераплецена і жывёлагадоўля. Як яна развіваецца ў вашай гаспадарцы?
— Раней у мяне была свінаферма на 2000 галоў, але яна сябе не апраўдала, і пагалоўе зменшыў да сотні. Утрымліваю і вялікую атару авечак. Мяса рэалізую рэстаранам. Але вытворчасць як бараніны, так і свініны нерэнтабельная. Даглядае ўсю жыўнасць адна жанчына.
— Можа замяніць вас сын, калі раптам трэба адлучыцца з гаспадаркі, ці якая трасца не дазволіць працаваць?
— Хварэць польскаму фермеру не дазволена.
— А дзе бераце новыя тэхналогіі?
— Чытаю аграрную літаратуру. У нас выдаецца спецыяльная газета для аграрыяў, у якой друкуюцца матэрыялы пра новыя тэхналогіі. Ёсць іншыя выданні, дзе змяшчаюцца парады, якія машыны найлепей набываць, якія пароды жывёлы. Выпускаюцца шматлікія тэматычныя выданні па раслінаводстве і жывёлагадоўлі, дзе змяшчаецца шмат рэкламы.
— Чым вы найбольш заклапочаны як фермер?
— Каб больш удала прадаць сваю прадукцыю. Вось гэты год выдаўся засушлівым. Недабяром ураджаю, а значыць, і прыбытку асаблівага не будзе.
— Ці лічыце сябе ўдалым гаспадаром?
— Адкажу так. У нашай краіне 10 працэнтаў фермерскіх гаспадарак маюць па 100 і больш гектараў зямлі. У мяне амаль паўтысячы гектараў, але назваць сябе самадастатковым не магу. Пачынаў сваю працоўную біяграфію пры сацыялістычнай уладзе, а ўжо больш дзесяцігоддзя наша краіна ў Еўрасаюзе. Вобразна кажучы, калі мы адрынулі сацыялістычны шлях развіцця, то быццам знялі з рук кайданкі, а пасля ўваходу ў Еўрасаюз адчулі на сваёй шыі ярмо. Так атрымалася, а што будзе далей – час пакажа. Але праца на зямлі была і ёсць самая важная, бо хлеб на стале і да хлеба кожнаму патрэбны штодзённа.
— Пра што вам марыцца?
— Каб хутчэй атрымаць пенсію. Нялёгкая праца фермера, дзе б ён ні жыў. Пры сацыялізме дзяржава стымулявала, акрамя матэрыяльнай падтрымкі, яшчэ і маральна. Лепшыя адзначаліся ўзнагародамі, мелі павагу ў грамадстве. Цяпер бізнес і грошы, а пра душу забыліся. За два дзесяцігоддзі фермерства прытаміўся. Толькі два разы за ўвесь час змог адарвацца ад гаспадарчых спраў, каб наведаць дачку ў Амерыцы. Магу сабе дазволіць не болей двух тыдняў адпачынку ў год. А жыццё пралятае. Вельмі хачу пабываць у Беларусі, на свае вочы ўбачыць, як жывуць нашы ўсходнія суседзі. Шмат чуў пра вашы маштабныя гаспадаркі, дзе прымяняюцца самыя сучасныя тэхналогіі. Ваша дзяржава аказвае значную падтрымку аграрнаму сектару.
Хочацца прайсціся па беларускай вёсцы і пагутарыць з яе жыхарамі. У нашай гісторыі шмат агульнага, і варта больш ведаць пра жыццё суседзяў.
Уладзімір СУБАТ
Польшча
Фота аўтара