Вышел сборник с лучшими произведениями литераторов Миорщины: о таком наследии надо позаботиться каждому району

На падкове Дзвіны скрозь вечнасць

Выйшаў зборнік з лепшымі творамі літаратараў Міёршчыны: пра такую спадчыну варта паклапаціцца кожнаму раёну

На днях выдадзена кніга «На падкове Дзвіны» ў серыі «Літаратурная Міёршчына», дзе ашчадна захаваны лепшыя творчыя набыткі жыхароў і ўраджэнцаў раёна аж ад XVIII стагоддзя. Прыведзены таксама кароткія біяграфічныя звесткі аўтараў. Па сутнасці, гэта хрэстаматыя, правераная часам. Дзясяткі імён, якія праславілі малую радзіму, а значыць, і Беларусь. Важкі зборнік амаль на 500 старонак дыхае незвычайнай мудрасцю, ад некаторых твораў вочы набіраюцца слязьмі, бо радкі настолькі шчырыя, кранальныя, цаляюць акурат у сэрца. Іх хочацца вывучыць на памяць і перачытваць зноў. З прадмовай да чытачоў звярнуўся старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў:

— Бібліятэчныя і музейныя работнікі раёна здаўна і старанна напаўняюць спецыяльныя кніжныя экспазіцыі і паліцы выданнямі таленавітых землякоў-літаратараў. Важная, патрэбная справа, спадзяюся, што бясконцая, бо творчасць народа — невычэрпная крыніца.


Ігар Кузняцоў прапануе прыняць гэтую кнігу як пажаданне перачытаць напісанае папярэднікамі, а галоўнае — як стымул для пошуку асабістага поклічнага, эмацыя­нальнага паэтычнага і празаічнага слова. Дарэчы, менавіта райвыканкам узяў на сябе фінансавыя пытанні па выданні. А вось арганізацыйнымі клопатамі, складаннем кнігі заняўся былы рэдактар раённай газеты «Міёрскія навіны» Леанід Матэленак — выдатнік друку Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

Старшыня райсавета дэпутатаў Валерый Драба шчыра дзякуе ўкладальніку за грунтоўную працу па зборы кнігі:

— Гэта вялікі ўнёсак у захаванне творчай спадчыны нашага раёна. Калі Леанід Матэленак агучыў такую прапанову, мясцовая ўлада адразу яе падтрымала, падмацавала фінансавымі гарантыямі.

Спраўдзіць задуму далі магчымасць кнігі аўтараў-землякоў і іх шматлікія выступленні ў розных СМІ, энцыклапедычныя выданні і даведнікі, матэрыялы на літаратурнай старонцы «Ручаёк» у міёрскай раённай газеце з сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя, канкрэтызуе Леанід Матэленак:

— Колькасць творчых людзей у разы пераўзыходзіла першапачатковыя спісы. Сярод іх даўнія майстры слова, колішнія рабселькары і юнкары, ручайкоўцы, многія з якіх прабіліся ў літаратуру і сталі аўтарамі ўласных кніжак. Такім чынам, збор творчых зярнят ператварыўся ў абмалот сапраўднага ўраджаю.

Аўтары самай ранняй хвалі, з якіх пачынаецца анталогія, — гэта ўжо другая спроба ўвекавечыць імёны землякоў. Першую зрабіў таксама Леанід Матэленак у раённай кнізе «Памяць». Напрыклад, Тэкля Урублеўская нарадзілася ў 70-я гады

XVIII стагоддзя. Арандавала даволі вялікі маёнтак, але, здаўшы гаспадарку на сястру, займалася выключна вершамі. Прыхільніца грэчаскай паэзіі і гісторыі, апраналася як грэкі-спартанцы, гэта значыць напалову па-мужчынску, заўсёды маючы на скронях накшталт грэчаскага шлема, ці хутчэй дыядэмы. Апавяданне «У кузні» Пятра Беларуса (псеўданім жыхара вёскі Міршчына Лявонпальскай воласці Пятра Яленскага, беларускага пісьменніка ХХ стагоддзя) не толькі ўвайшло ў хрэстаматыю «Беларуская дакастрычніцкая проза», папоўніла яно і наш зборнік: «Я кузню дужа паважаю. Ідучы каля кузні, заўсягды скажу кавалю «памажы божа» і прыдумаю, які інтарэс мінуцін хоць на пяток зайсціся ў кузню». У творы раскрыты многія тайны кузніцы…

Другая частка кнігі «Не зарасці пракла­дзенаму следу» знаёміць з мясцовымі паэтамі і празаікамі, якія сталі сябрамі творчых саюзаў. У іх ліку аўтар шматлікіх кніг, узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру», Славамір Даргель з вёскі Белеўцы. А па сумяшчальніцтве аўтар незвычайнага апавядання «Жураўліныя слёзы» — так, паводле аповедаў мясцовых жыхароў, называюцца журавіны, на якія асабліва багатая міёрская зямля.

Легенда мясцовай журналістыкі — Аляксей Кавалевіч. Доўга працаваў намеснікам рэдактара раённай газеты, якая тады называлася «Сцяг працы». Рыхтаваў літаратурныя і гумарыстычныя старонкі, кіраваў літаб'яднаннем, выдаваў зборнікі з вершамі, нарысамі і замалёўкамі, успаміны пра калег. Апошнім празвінеў «Бронзавы ліставей» з творамі пра лепшых людзей Міёршчыны. «Не гавары, што я стары, // Што шлях мой хутка скончыцца. // Яшчэ звіняць мае бары // І ўдалеч крочыць хочацца», — прасіў Аляксей Кавалевіч. Яго кнігі, якія ёсць, бадай, у кожнай міёрскай хаце, не дадуць састарэць узнёслым ідэям і думкам пісьменніка.

Пятро Сіняўскі з ранняга дзяцінства жыў на Міёршчыне, вучыўся ў мясцовай школе, школе рабочай моладзі. У даволі сталым узросце паступіў завочна на факультэт журналістыкі БДУ і не прагадаў. Доўга працаваў у абласных газетах, выпусціў многа кніг. Напрыклад, па яго казцы «Зачараваны круг» зняты мультфільм на «Беларусьфільме», а спектакль «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» па казцы «Зачараваная гаспадарка» многія гады ішоў на сцэне Віцебскага абласнога тэатра «Лялька». Сын Пятра Сіняўскага Дзмітрый цяпер выкладае на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, ён прызнаны майстар камп'ютарнага дызайну і вёрсткі.

Паэт, перакладчык і журналіст Пятро Сушко — заснавальнік у райгазеце сатырычнага выпуску «Лазня» і літаратурнай старонкі «Ручаёк», якая з сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя па слаўнай добрай традыцыі выходзіць да гэтага часу. Родным кутком яму стала маленькая вёска Сушкі, аблямаваная азёрамі і лесам, убаку ад бойкіх, асфальтаваных дарог і буйных культурных цэнтраў. Гэтае паяднанне з прыродай і стала штуршком да высокіх дасягненняў. Праца ў абласной і рэспубліканскай прэсе, выданне кніг вялікімі тыражамі, людское прызнанне. Яно і не дзіўна — вершы Пятра Сушко працінаюць наскрозь:

Калісьці будаваў мой бацька хату.
Прыйду са школы — і туды бягом.
Бы іскаркі, гарэлі вачаняты,
Я захапляўся працаю яго.
Мяне з дзяцінства вабіў кожны ганак,
Я нёс у сэрцы веру праз гады,
Што бацькавай рукою збудаваны
Палацы ўсе, пасёлкі, гарады.
Дзе жыць я заўтра буду, невядома,
Але куды б ні вёз мяне цягнік,
Мне кожны дом здаецца родным домам,
А родным бацькам — кожны будаўнік.

Яшчэ адна цікавая гераіня кнігі — Тамара Яцкевіч. Камсамолка-актывістка, якая шпарка рухалася па службовай і творчай лесвіцы. Спачатку ўзначаліла калектыў маладых даярак, была сакратаром камсамольскай арганізацыі гаспадаркі. Неўзабаве скончыла сельгасінстытут, факультэт журналістыкі БДУ і доўгі час працавала ўласным карэспандэнтам «Беларускай нівы» (зараз «Сельская газета»). Кніга вершаў «Галалёд» — пра каштоўнасці, да якіх Тамара Яцкевіч заўсёды імкнулася і брала для сябе за ўзор...

Назва зборніка «На падкове Дзвіны» — вобразная, прыгожая. Сапраўды, мясцовая рака Дзвіна падковай ахапіла старажытную Дзісненшчыну і сучасную Міёршчыну, але не адгарадзіла гэтыя абшары ад вялікага свету, а тутэйшых лю­дзей — ад літаратурнай творчасці. Бадай што самы вялікі раздзел у кнізе — «Звініць, пяе «Ручаёк»: тут 33 аўтары і амаль 280 твораў. Мікалай Багданаў, які марыў стаць лётчыкам, а стаў гаспадарлівым старшынёй мясцовага Новапагосцкага сельсавета. Леакадзія Булаўская, інжынер па спецыяльнасці, зусім нечакана адкрыла ў сабе паэтычны дар на заслужаным адпачынку. Лірычнымі роздумамі, пабудаванымі па ўсіх правілах вершаскладання, захапляюць франтавікі Генадзь Дзямешка, Глафіра Качан, юрыст Юлія Вітко, кіраўнік спраў Язненскага сельвыканкама Марына Селівёрстава, культработнік Аляксей Рачыцкі, марак Мікалай Сушко, ветурач Анатоль Ракіцкі (псеўданім Лугавы), бібліятэкар Фаіна Шугальская, настаўніцы Валянціна Карніцкая, Вольга Пашкевіч-Міна... Газетны фармат, на жаль, не дазваляе пералічыць усіх.

Многа цудоўных радкоў роднаму краю прысвяціў мясцовы таленавіты паэт, а па прафесіі кінамеханік Браніслаў Мароз: «Паэт, як кажуць, я мясцовы. // Навокал нямала такіх. // Як пчолка нектар, так я словы // Збіраю для вершаў сваіх». Многія яго творы пакладзены на музыку і ўвайшлі ў рэпертуар раённага ансамбля «Мерыца»:

Дзе гараць найяснейшыя зоры,
Там мястэчка юнацтва — Міёры,
Што мяне прытуляе, як маці.
Расчыняю ўсе вокны ў хаце.
Хай на крылах ляціць з паднябесся
Жаўрука мілагучная песня.
Светлай радасцю поўняцца грудзі.
Добры дзень, мае родныя людзі.

Асобным раздзелам прадстаўлена творчасць жыхароў Дзісненшчыны.

— Радзіму любяць не за тое, што яна вялікая, а за тое, што Радзіма, — цытуе рымскага філосафа жыхарка Дзісны Ірына Ліпніцкая. — На нашай зямлі творчыя патрыёты ў 2013 годзе стварылі літаратурнае аб'яднанне «Пунсовы ветразь». Зрабілі гэта з мэтай адраджэння гістарычнай памяці, асноўная зброя — словы. Дзісна — самы маленькі горад Беларусі з вельмі багатай гісторыяй. Амаль тысячу год таму яна была вядома ў свеце як крэпасць Капец — апошні фарпост абароны старажытнага Полацка на заходнім кірунку.

Акрамя таго, у зборніку прыведзены многія знакамітыя імёны, звязаныя з Міёршчынай. Напрыклад, народны артыст Беларусі і СССР Генадзь Цітовіч — ураджэнец Новага Пагоста. З 1952 года — арганізатар і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Беларусі, які з 1988-га носіць імя славутага сына Міёршчыны. У гэтай частцы — больш за дзясятак імён. Атрымалася сапраўдная хрэстаматыя творчасці і гісторыі для сучаснікаў і нашчадкаў.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter