Проект «Бачу Беларусь такой» Союза писателей Беларуси стартовал в учреждениях образования и культуры

Радзіма жыве ў сэрцы

Навучэнцы Мінскага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі слухалі таленавітых і вядомых гасцей з вялікім задавальненнем. Літаратурна-патрыятычны праект «Бачу Беларусь такой» пры падтрымцы Мінскага гарвыканкама стартаваў ва ўстановах адукацыі і культуры, яго ініцыятар і арганізатар — Саюз пісьменнікаў Беларусі. Знакамітыя творцы плануюць наведаць шэраг школ, каледжаў, універсітэтаў, бібліятэк. На сустрэчах з моладдзю пакажуць, як можна любіць Беларусь не на словах, а справамі.


У творчай камандзе — грамадскі дзеяч Уладзіслаў Цыдзік. Менавіта ён стаў аўтарам фотавыставы, якая размясцілася ў каледжы. На гэтых здымках — найцудоўнейшыя краявіды Беларусі: азёры, жытнёвыя палі, паркі ў восеньскім золаце, архітэктурныя будынкі. Фотавыстава прайшла ў многіх знакавых месцах краіны — Прэзідэнцкай і Нацыянальнай бібліятэках, Акадэміі навук, Музеі гісторыі беларускай літаратуры, упрыгожвала дні беларускага пісьменства і розныя кніжныя выставы. Уладзіслаў Цыдзік з дзяцінства захоўвае ў сваім аб’ектыве прыгажосць:


— Займаюся фотаздымкамі больш за паўстагоддзя, пачынаў з чорна-белых на фотаапараце «Змена». Дзякуючы ініцыятыве саюза пісьменнікаў выдадзены розныя кнігі, у тым ліку пад назвамі «Зачараваныя Беларуссю», «Мая Радзіма», «Бачу Беларусь такой», дзе ілюстрацыі падмацаваны прыгожымі паэтычнымі радкамі беларускіх паэтаў.

Уладзіслаў Цыдзік, акрамя актыўных грамадскіх спраў, бронзавы прызёр чэмпіянату СССР па скачках у вышыню. Юнакам і дзяўчатам даў наказ — максімальна праяўляць свае творчыя задаткі, а для падтрымання здароўя займацца фізічнымі практыкаваннямі.


Літаратурна-патрыятычны праект дазваляе ўбачыць Беларусь праз розныя віды мастацтва. Выступоўцы імкнуцца, каб кожны чалавек задумаўся, што для яго значыць радзіма малая ці вялікая. Хоць, як адзначыў паэт Міхась Башлакоў, «малой Радзімы не бывае — з вялікай літары яна».

Што б ні змянялася ў жыцці, а родны куток назаўсёды, — пераканана намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах. — Мая малая радзіма — вёска Навасады на Дзяржыншчыне. Там спрадвеку жылі мае продкі, якія бязмежна любілі свой кут, працавалі, стваралі сем’і. З такіх мястэчак і складаецца наша агульная, вялікая Беларусь.


У Алены Стэльмах нядаўна выйшла кніга, якая так і называецца — «Навасады». Вёсцы каля 300 гадоў. Гэта незвычайная для Беларусі мясцовасць, узгорыстая — ледавік пастараўся. Угары, як у каўказскім каньёне, цячэ крынічка Сцюдзянец — рэспубліканскі гідралагічны помнік.

Перад напісаннем кнігі шмат працавала ў архівах, шукала дакументальныя сведчанні і нечакана знайшла прозвішча свайго прапрадзеда 1860 года нараджэння, — расказвае Алена Стэльмах. — Веды пра сваіх продкаў, адчуванне духоўнай еднасці з імі надае мне сіл.

Аўтар больш чым 100 кніг для дзяцей і дарослых, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў чытаў узнёслыя патрыятычныя вершы, з якіх становіцца зразумела:


— Наша Беларусь — куды ні паедзь — таленавітая, прыгожая, міралюбная, працавітая, творчая. Радзіма пачынаецца з мамы і таго, што вакол нас. Яе дасягненнямі, багатай культурнай спадчынай вы, сучасная моладзь, павінны ганарыцца, а з часам ствараць сваё, каб наша краіна была яшчэ больш заможнай і шчаслівай.

Народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка навучэнцы сустракалі асабліва горача, бо ён выпускнік гэтага каледжа, на той час — музычнага вучылішча. Пасля скончыў Маскоўскую кансерваторыю. Песні знакамітага кампазітара спявалі ўсе саюзныя рэспублікі. Папуры з самых вядомых Эдуард Ханок выканаў пад уласны акампанемент. А пасля быў нечаканы паварот:


— Ведаю, чаму старэйшае пакаленне не любіць сучасныя песні, бо ранейшая і цяперашняя музыка розная па энергетыцы. Узяў сабе за правіла штодзень спяваць сучасны рэпертуар, такім чынам мая энергія абнаўляецца. У выніку ў 82 гады адчуваю сябе лепш, чым у 25.
Народны артыст выканаў падборку з такіх песень, моладзь апладзіравала стоячы. Творчай камандзе ўдалося дастукацца да сэрцаў юнакоў і дзяўчат, якія таксама спявалі, чыталі вершы беларускіх паэтаў і гаварылі многа добрых слоў у адрас гасцей.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter