На Дятловщине проходит неделя традиционной культуры «Ад даўніны да нашых дзён»

На Дзятлаўшчыне праходзіць тыдзень традыцыйнай культуры "Ад даўніны да нашых дзён". Шматлікія мерапрыемствы прымеркаваны да Года міру і стварэння.


Па словах Марыны Лукіянец, загадчыцы аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, за шматвяковую гісторыю ў краіне сфарміравана непаўторная і багатая культурная спадчына:

– Тыдзень традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён” дапамагае ўсвядоміць, што наша бацькаўшчына – гэта ўнікальны край, скарбніца старажытных абрадаў, рамёстваў і фальклору. Разнастайныя мерапрыемствы спрыяюць аб'яднанню намаганняў у вывучэнні і захаванні багатай гістарычнай спадчыны.

Так, у аграгарадку Гезгалы на адкрытай пляцоўцы дома культуры адбылася фальклорная этнагасцёўня “Па сцяжынках спадчыны”. Гасцей свята “Матулінай песняй” павітаў аўтэнтычны фальклорны калектыў вёскі Погіры (мастацкі кіраўнік Тамара Ступак). 

Дзіцячае аматарскае аб’яднанне народных традыцый ”Спадчына” пад кіраўніцтвам Вольгі Аўсянік прадэманстравала гледачам урывак абраду “Троіца”.  Жыхары аграгарадка пазнаёміліся з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны абрадам “Юр’я”, змаглі прыняць удзел у майстар-класе па вырабу “Юр’еўскага поясу” ад майстра Валянціны Гнаінскай. 


Яшчэ ўдзельнікі свята маглі паспрабаваць свае здольнасці ў прадзенні льну на сапраўдным калаўроце пад кіраўніцствам майстра аддзела традыцыйнай культуры і рамёстваў Марыны Лотыш. 

Акрамя гэтага, на свяце была прадстаўлена выстава традыцыйных рушнікоў “Матулін рушнік” з розных куткоў Дзятлаўшчыны. 

– Рушнік, вышываны нашымі бабулямі, быў з чалавекам ад яго нараджэння і да самай смерці. Рушнікі, а разам з імі і тэхналогіі іх вырабу перадаваліся з пакалення ў пакаленне, – удакладняе Марына Лукіянец.

Яна таксама нагадала, што цягам тыдня кожны дзень запланавана адпаведнае мерапрыемства. А завершыцца ўсё 3 ліпеня раённым фестывалем фальклору “Вянок творчасці народнай” у Дзятлаве.





Фота Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter