Сохранение исторического наследия способствует диалогу культур, считает лауреат премии для молодых ученых Анна Тяпкова

Местачковы інтарэс

Ганна ЦЯПКОВА не так даўно атрымала прэмію для маладых навукоўцаў НАН Беларусі імя акадэміка Усевалада Ігнатоўскага. Старэйшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ўзнагароду прысудзілі за даследаванне «Эвалюцыя беларускіх мястэчак і іх сучасны стан». Што цікавага высветліла пра нашы мястэчкі даследчыца і які вопыт міжкультурнага дыялогу яны захоўваюць? Пра гэта — наша бяседа.


— Ганна Іванаўна, што выклікала ў вас цікаўнасць да гэтай тэмы?

— Я нарадзілася ў Мінску, тут вучылася і жыву. А вось сваё дашкольнае дзяцінства правяла на мамінай радзіме, у Гарадку, дарэчы, былым мястэчку. Мой будучы навуковы кіраўнік у аспірантуры прапанаваў для распрацоўкі цікавую і перспектыўную тэматыку. Ды і сама ўжо з асабістага вопыту была добра знаёма са спецыфікай такіх паселішчаў.

— А чым мястэчка адроз­ніваецца ад вёскі ці малога горада?

— Яны сумяшчалі ў сабе як сельскія, так і гарадскія рысы, вы­конвалі функцыі эканамічных, адміністрацыйных, камуні­ка­цый­ных, культурных цэнтраў невялікіх сельскіх раёнаў. У мястэчках развіваліся гандаль і рамёствы. Такія паселішчы мелі сваю характэрную структуру планіроўкі і забудовы. Ядро — гандлёвая плошча, на якой адбываліся кірмашы і таргі.

Характэрныя пабудовы сумяшчалі гандлёва-рамесную (лаўка або майстэрня) і жылую часткі. Акрамя лавак і шэрагаў былі і карчмы. Многія жылыя дамы мелі этнічныя і рэлігійныя асаблівасці. У яўрэйскіх, напрыклад, мелася адтуліна ў даху, неабходная для святкавання Сукоту, якая зачынялася люкам. А татары беленыя сцены сваіх жылых пакояў упрыгожвалі арнаментамі з тэкстамі на татарскай і арабскай мовах. Гэтыя дзве нацыі, дарэчы, традыцыйна сяліліся асобнымі кварталамі або вуліцамі.

— Прыблізна якая колькасць мястэчак захавалася ад Сярэднявечча да нашых часоў?

— У першай палове ХХ стагоддзя такая адміністрацыйная адзінка была ліквідавана. Частка з іх набыла статус горада: Паставы, Клецк, Валожын... Пасёлкамі гарадскога тыпу сталі Іўе, Дзятлава, Клічаў. Моталь, Целяханы, Цімкавічы, Юрацішкі і іншыя — вёскі. З 2005 года некаторыя былыя мястэчкі пераўтвораны ў аграгарадкі (Гальшаны, Будслаў, Зембін, Сноў) і гарады-спадарожнікі: Лагойск, Дзяржынск і Заслаўе.

— Жыхарамі мястэчак звычайна былі прадстаўнікі розных нацый. Як былі пабудаваны адносіны паміж імі? Ці ўласціва для гэтых суполак народнае адзінства, год якога адзначаем зараз?

— Мястэчкі адрозніваліся по­ліэтна­канфесійнай структурай на­сельніцтва, большасцю былі беларусы і яўрэі. У многіх пражывалі таксама палякі, рускія, украінцы, татары, літоўцы, немцы, цыгане... На працягу доўгіх стагоддзяў мірна суседнічалі праваслаўныя, каталікі, іудзеі і мусульмане, не маючы канфліктаў.

Ракаў з мястэчка пераўтвораны ў аграгарадок...

— Ці адбываецца змешванне, напрыклад, беларускіх традыцый і асаблівасцей старавераў?

— Мае сустрэчы са стараверамі ў мястэчках былі не вельмі інфарматыўныя, бо старэйшае пакаленне не кантактнае і не любіць расказваць пра свой уклад жыцця, традыцыі. А моладзь у іх звычайная. Як казала адна інфарматарка: «Старых цяпер ужо няма, а маладыя свайго не прытрымліваюцца. І з нашымі дзяўчатамі і мальцамі дружаць і ядуць тое, што і мы».

— Можа, нейкія моўныя асаблівасці ў мястэчку ўсё ж захаваліся?

— Пастаянныя кантакты з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей пакінулі свой след у беларускай мове. Так, з’явілася нямала слоў татарскага паходжання, якія ўспрымаюцца як звыклыя: база, бакалея, гарбуз, паказаць, кабан, будан, чай, каўпак, сабака, сарафан, торба, харч, калач, базар. Нямала ўвайшло ў наш лексікон з яўрэйскага, у першую чаргу гэта датычыцца гандлю і рамёстваў. А яшчэ лексіка, запазычаная з нямецкай і іншых моў. Напрыклад, абцас, рэшта, гарбар, дах, каўнер, кілішак, крышталь, цукар, цымбалы...

— Ці можна было пазнаць насельніка мястэчка па вопратцы?

— У жыхароў мястэчак не было адзінага касцюма, бо склад насельніцтва шматэтнічны. Як адзначалі сучаснікі, у вопратцы мяшчане імкнуліся ва ўсім перасягнуць вяскоўцаў і паказаць сябе гарадскімі, вясковыя жыхары «адносіліся да іх з павагай, але за спінай пасмейваліся». У XVIII стагоддзі мяшчанкі ўпрыгожвалі «кошули» карункамі, габрэі абавязкова пакрывалі галаву чорнай ярмолкай, татаркі завязвалі яркія хусткі на галаву ў выглядзе чалмы. Абавязковай часткай гардэроба палячак з’яўлялася вялікая цёплая хустка, якая замяняла жанчынам верхняе адзенне. Аднак да канца XIX стагоддзя татары, яўрэі і палякі перанялі касцюм беларускіх мяшчан, і розніца ў вонкавым абліччы стала нязначнай.

— Якія паселішчы, на ваш погляд, з шэрагу мястэчак найбольш захавалі своеасаблівыя рысы?

— На працягу мінулага стагоддзя ў іх адбыліся сур’ёзныя змены. Як правіла, ператварыліся ў адміністрацыйна-тэры­тарыяльныя адзінкі або цэнтры буйных гаспадарак. Традыцыйна-гістарычная местачковая забудова з брукаванай плошчай і гандлёвымі радамі, як правіла, каменнымі дамамі-крамамі рамеснікаў і іншымі грамадскімі пабудовамі добра захавалася ў Гальшанах, Юрацішках, Варанянах, Дзятлаве, Ракаве, Івянцы, Міры, Даўгінаве, Трабах.

...Лагойск стаў горадам-спадарожнікам Мінска.

— На якія культурныя помнікі параіце звярнуць увагу?

— У мястэчках размяшчалася вялікая колькасць унікальных па сваёй архітэктуры палацаў і магнацкіх сядзібаў. Захаваліся палацы Пацёмкіна ў Крычаве, Чарнаўчыцкага ў Пружанах, Умястоўскага ў Жэмыславе. Таксама сядзібы Чапскіх у Прылуках і Станькаве, Агінскіх у Залессі, Іллі Рэпіна ў Здраўнёва. У мястэчках, якія мелі Магдэбургскае права на самакіраванне, будаваліся ратушы. Вялікая ўвага надавалася развітым гарадскім умацаванням, крэпасцям, абаронным храмам і замкам. Менавіта з замкаў бяруць пачатак многія архітэктурныя, канструктарскія рашэнні, культурныя дасягненні: першыя кафляныя печы, першы музей, першыя прыватныя бібліятэкі, тэатры. Вядомасць атрымалі такія замкі, як Гальшанскі, Крэўскі, Смалянскі «Белы Ковель».

— А ёсць перспектывы выкарыстання здабытай вамі інфармацыі ў якасці асновы для стварэння новых турыстычных маршрутаў?

— Рост цікавасці да іх як да аб’ектаў турызму паспрыяе большай увазе да вырашэння праблем захавання гісторыка-культурнай спадчыны, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Бо яны вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Тысячы паломнікаў наведваюць храмы ў Будславе, Жыровічах, Камаях, Нясвіжы, Сынкавічах. На нашай зямлі захаваліся старадаўнія татарскія могілкі, будынкі драўляных мячэцей (напрыклад, у Іўі). У Ветцы створаны знакаміты музей стараверства і беларускіх традыцый з калекцыямі рукапісных і старадрукаваных кніг, абразоў і прадметаў побыту старавераў мінулых стагоддзяў.

Яўрэі складалі значную частку насельніцтва мястэчак. Таму як замежным, так і нашым прадстаўнікам гэтай нацыі цікавы экскурсійна-турыстычныя праграмы, прысвечаныя штэтлу. Сёння пра гісторыю культуры яўрэяў у мястэчках, як правіла, нагадваюць будынкі сінагог і іешыў (школ), габрэйскія могілкі і помнікі ахвярам Халакосту. Аднак з дапамогай гістарычнай літаратуры можна скласці цікавыя апавяданні пра жыццё іх суполак у мінулым, паказаць, што мястэчкі ў выніку комплексу гістарычных фактараў сталі цэнтрамі яўрэйскай гісторыі рэгіёну, культурнай творчасці.

— Ганна Іванаўна, на ваш погляд, можна выкарыстаць гэту спадчыну для далейшага развіцця краіны?

— У былых мястэчках захаваўся нацыянальны архітэктурны каларыт мінулага, а ў некаторых — нават сярэднявечная планіроўка. Там створаны этнаграфічныя і краязнаўчыя музеі, комплексы, аграсядзібы, цэнтры народнай творчасці, дамы рамёстваў. Нямала вырабаў беларускіх майстроў сталі сапраўдным нацыянальным здабыткам, сімвалам нашай краіны: слуцкія паясы, дрыбінскія валёнкі, быхаўскі саламяны павук. У многіх былых мястэчках праводзяцца міжнародныя фестывалі. Узгадаем фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак» або «Музычныя вечары ў Мірскім замку», кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі»... Яны спрыяюць рэпрэзентацыі культурнай самабытнасці ўсіх этнасаў, якія пражываюць на тэрыторыі рэспублікі, і міжэтнічнага дыялогу, узаемнаму ўзбагачэнню культур.

yasko@sb.by

Фота Ганны ЦЯПКОВАЙ,  БЕЛТА,  з адкрытых крыніц
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter