Маляванку браслаўскага майстра ўбачаць у Мілане

Маленькі страчаны рай

ТРАДЫЦЫЙНАЕ мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я напрыканцы мінулага года ўключылі ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Калісьці выраблялі іх уручную мастакі з народа, але некаторыя тэхнікі дазваляюць справіцца з гэтым і чалавеку без спецыяльнай падрыхтоўкі. Паспрабаваць зрабіць сваімі рукамі маляванку мне давялося падчас майстар-класа, арганізаванага малодшым навуковым супрацоўнікам па фондавай рабоце Браслаўскага музейнага аб’яднання Алінай ВЫЖЫКОЎСКАЙ.


Павы і закаханыя

Перш за ўсё разглядаем ўзоры — маляваныя дываны з музейных «куфраў», якія ўпрыгожвалі хаты нашых бабуль і дзядуль. Традыцыі гэтага віду мастацтва склаліся ў 20-я гады і развіваліся да 60-х гадоў мінулага стагоддзя. У гэты час маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. 

У чым адметнасць, на першы погляд, немудрагелістага мастацкага вырабу? Мастакі з народа імкнуліся перадаваць паэтыку ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе метафарамі раю. Абавязковы кампанент дыванковых пейзажаў захаду Віцебскай вобласці — водная стыхія, што звязана з асаблівасцямі прыроднага ландшафту. Зусім не дзіўна для блаславёнай шматлікімі азёрамі і рэкамі зямлі! Таксама можна ўбачыць на іх аленяў, галубоў, паваў і закаханых. На маляванках шмат кветак і выяў гісторыка-культурных помнікаў Віцебшчыны. Вобразы таксама часам запазычвалі з класічнага мастацтва. Асноўны сюжэт звычайна мае раслінна-арнаментальнае акаймленне. 




Не шмат часу былі папулярнымі самаробныя льняныя палотны з намаляванымі на іх каляровымі фарбамі выявамі «райскіх садоў», але яны карысталіся попытам у народзе. Дываны лічыліся добрым падарункам на вяселлі, народзінах дзіцяці ды іншых святах. Зараз, як прызнаецца мастак, амаль не сустрэнеш у вясковай хаце колішні прадмет гонару гаспадыні. 

Штамп пастаўлены!

Аднак можна без вялікіх намаганняў стварыць маляванку самастойна. Лепш за ўсё для асновы ўзяць чорную льняную тканіну. На кавалак матэрыі спачатку мылам наносяць лініі, каб вызначыць, дзе будуць размяшчацца ўзоры. Можна маляваць ад рукі, калі вы спрактыкаваны мастак. Некаторыя свае работы Аліна Аляксандраўна стварала з выкарыстаннем папяровых трафарэтаў. Аднак большасць удзельнікаў майстар-класа вырашылі выкарыстаць тэхніку штампавання.



У былыя часы штамп з выявай кветкі або іншага сімвала выразалі з бульбіны ці бурака. Напэўна, вы можаце паспрабаваць зрабіць гэта дома. Аднак у нашым распараджэнні аказаліся штампы з лінолеуму, прымацаваныя да драўлянай асновы. Здаецца, тут і маляваць нічога не трэба, але з густам падабраць колеры і ўзор не так і проста. Майстар падказвае некаторым пачаткоўцам, якога колеру не хапае, каб зрабіць работу больш яскравай і выразнай. Кожны адбітак можна акуратна размаляваць — для гэтага выкарыстоўваюцца звычайныя тонкія пэндзлікі. У фарбы дабаўлены клей ПВА, каб колеры заставаліся насычанымі і не змываліся.



Да нядаўняга часу Аліна Выжыкоўская была адзіным майстрам у раёне, які займаўся адраджэннем мастацтва маляванкі. Яе працы неаднаразова выстаўляліся на міжнародным фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», а магчыма, у хуткім часе адну з іх пакажуць на выставе ў Мілане. 



Але і на малой радзіме яна імкнецца дзяліцца сваімі творчымі здабыткамі з іншымі супрацоўнікамі музея, асабліва моладдзю. І хоць сёння можна купіць гатовы дыван з любымі малюнкамі, традыцыйныя і зробленыя ў адзіным экзэмпляры творы мастацтва могуць атрымаць другое дыханне ў якасці сувеніраў ці аздоб, стылізаваных пад мінулыя часы памяшканняў — тых жа аграсядзіб. 

yasko@sb.by 

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter